Ялугин Эрнест Васильевич - Сіндбад вяртаецца стр 22.

Шрифт
Фон

— Але ты вушы не апускай, пляменнік. Тое, што я кажу, яшчэ наперадзе. А зараз трэба не спаць і браць усё, што можна. Не займайся драбязой толькі таму, што дрыжыш перад паліцыяй. Я, я, твой дзядзька, навучу цябе, як можна хутка зарабіць свой мільён. Слухай мяне і нічога не кажы гэтаму віславухаму Ладжмі які толькі і ўмее, што корпацца ў старых драндулетах.

Але зразумеўшы, якую справу прапануе яму хаджа Шукры, Селім разгубіўся: а раптам страціць нават тое, што ім створана? Каб яго хлопцы прадавалі гашыш, які хаджа Шукры бярэцца пастаўляць аднекуль з пустыні? Дык гэта ж зелле, ад якога людзі дурэюць і становяцца старымі і хворымі змоладу. І гэта ж, відаць, грэх. Алах пазбавіць шчасця чалавека, які стане даваць так ці за грошы гэтую зваблівую атруту.

Так гаварыў Селім, а хаджа Шукры толькі іранічна пасміхаўся ў бараду ды пагладжваў жывот. Ён хутка давёў, што алах не дазваляе п'янства і карае тых, хто патурае п'яніцам. А пра наркотыкі ні ў адной святой кнізе няма ні слова. Наадварот — раней ля кожнай мячэці прадавалі гашыш ці іншае на яго падобнае зелле. Толькі цяпер гэта сталі забараняць улады, бо ім нагаварылі дактары глупства. Але ж і на рынку, і каля мячэці ты знойдзеш людзей, якія табе і грошы дадуць ды яшчэ дзякуй скажуць за тое самае, што дактары лічаць шкодным. Хэ, каб было шкодным, хто ж плаціў бы за гэта грошы?

Селім абяцаў падумаць. Хаджа Шукры такую асцярожнасць ухваліў: сапраўдныя дзялкі нічога не робяць з наскоку.

І Селім паціху, паціху, але пачаў прывыкаць да думкі, што толькі дурань не ўмее ўхапіць добры шанс, калі ён ідзе ў рукі. Можна ж зрабіць і так, каб не ўляпацца. Хаджа Шукры мудра сказаў: нельга ўпускаць час. І яшчэ не даўшы хаджы Шукры канчатковай згоды, Селім пачаў праз Шакала вызнаваць, дзе спакайней за ўсё збываць «дурное зелле». Нават свайму бліжэйшаму памочніку ён не асмеліўся даверыцца поўнасцю, таму і сказаў пра «дурное зелле». Няхай думае, што ён, Селім, не з такіх, хто гэтым займаецца. Але Шакал быў здагадлівы. І яго душа ўзрадавалася, бо адчула выразны «пах» добрых грошай. Ён жа сам яшчэ вясною перадаваў «шэфу» прапанову аднавокага Алі разам збываць «траўку», але тады Селім адмовіўся.

Канечне, цяпер з гэтай справай стала цяжэй, тлумачыў Шакал. А ў пачатку года дык было прыволле — ого. Ля самага порта амаль квартал займалі будыначкі з прахаднымі дварамі і вузкімі дзікімі завулкамі, куды ў свой час нават французскія патрулі не заглядвалі. Там кішэлі людзі, якіх называлі «агуду», або шантрапа (па радыё далікатныя дыктары гаварылі — дэкласіраваны элемент). Вось дзе захапляліся «траўкай» і іншым дурным зеллем, ад якога ў чалавека ў мазгах быццам пачынаюць кішэць чарвякі — такі ў яго робіцца выгляд і так ён пачынае сябе паводзіць. Але аднойчы ў гэты квартал прыйшлі хлопцы з маладзёжнай арганізацыі фронт нацыянальнага вызвалення — агуду паразганялі. Хто ўздумаў пагражаць зброяй — арыштавалі, многіх потым паслалі будаваць дарогі ў гарах. Тыя ж, што паўцякалі, аселі ў старых кварталах, у Казбе. «Ёсць там мясціны, дзе пахне не толькі кавай», — хіхікаў Шакал.

Селім не ведаў, ці многа «тавару» будзе перадаваць яму хаджа Шукры, таму для пачатку вылучыў чатырох — Шакала, кульгавага Мусу, Азіза з набярэжнай і Янычара. Але памеркаваўшы, вырашыў пакінуць Янычара пры тых абавязках, што і цяпер. Ён павінен толькі сачыць за астатнімі, а сам быць «чыстым». Чыстым! Селім меў ад прыроды сякі-такі розум і добра цяміў, на што наважыўся. У нейкім куточку душы варушыўся дакор сумлення: «Што ж гэта ты робіш з хлопцамі? Адна справа — цягнуць з іх няшчасныя жабрацкія сантымы за шчоткі і быццам бы ахову. Але ж цяпер ты робіш іх злачынцамі! А некаторыя з іх па дурноце і самі паспрабуюць тое зелле, якое ператварае чалавека ў дурную малпу, у хворую і смярдзючую істоту, ад якое добрыя людзі шарахаюцца.

Ты ж учэпішся за кожнага, як спрут! Ты будзеш яшчэ і баяцца, каб яны не выдалі тваёй «фірмы». Не, не «фірмы», а банды! А кім жа ў такім разе будзеш ты сам?» Але Селім адагнаў прэч такія думкі. Усё роўна гэта жабракі — заўтрашнія «агуду», нікому з іх не выкараскацца на паверхню жыцця, дзе сонца ў вокнах і чысціня. Дык няхай лепей паслужаць справе яго, Селіма, дабрабыту. Ён жа іх сабраў, ён прыдумаў, як ім не здохнуць з голаду ў іх цёмных закутках.

«Лёгкія» грошы вельмі хутка заглушылі ў Селіма ўсе сумненні, яго кашалёк быў напакаваны дынарамі, значыць, кірунак дзеяння правільны, хаджа Шукры не хлусіў, калі гаварыў пра мільён. Па падказцы хаджы Шукры Селім перадаваў увесь «тавар» Шакалу, а ўжо той размяркоўваў зелле і збіраў грошы. А за Шакалам сачыў Янычар. Атрымлівалася так, што радавыя не ведалі, што новую справу, якую яны з вялікім страхам пачалі рабіць, падсунуў ім усё той жа Селім-Павук. Для іх ён застаўся «шэфам» чысцільшчыкаў абутку, бо шчоткі і ваксу хлапчукі па-ранейшаму цягалі ў сваіх скрынках, дзе ўжо было прыхавана згубнае зелле. Селім хутка зразумеў, што можна падключыць да новага «бізнесу» яшчэ некалькі чалавек. Справа набывала размах, грошы ён цяпер складваў у торбачку, прыкідваючы, ці нельга іх праз маці або дурнаватага Ладжмі пакласці ў банк або абмяняць на французскія. Чаму на французскія, Селім і сам добра не ведаў. «На ўсялякі выпадак», — думаў ён.

Сярод тых, каго Селім наважыў выкарыстаць для новай «работы», быў і Хуары. Але выпадак ці хутчэй вынік таго, чым быў захоплены Хуары, накіраваў падзеі ў іншым кірунку.

Ды перш чым усё тое адбылося, Акліль сустрэўся з Юрыем Добышам, хоць гэтага па вядомай прычыне і не хацеў.

Вось як гэта адбылося.

Яны даехалі да таго месца, дзе пачыналася і даволі крута ішла ўверх вуліца, якой нядаўна далі новую назву — імя героя вызваленчай вайны Дзідуша Мурада. Адсюль да кватэры доктара Кійка было ўсяго з квартал. На гэты раз машыну, на якой раней працаваў Добыш, вёў Міша Грыгор'еў, таксама выпускнік Беларускага політэхнічнага інстытута, адзін з тых, каму прадстаўнік алжырскага ўрада, паназіраўшы за работай хлопца, прапанаваў папрацаваць год-другі ў Алжыры. Добыш развітаўся і сышоў на вузенькі тратуар, дзе было поўна народу.

— Тут блізка да рынку Лір, — сказаў Мішу Добыш.

— У мяне ўсяго дваццаць мінут, каб заскочыць да мора, — адказаў сябар. — Гэта ты можаш пасядзець у халадку кавярні ці пайсці на рынак і паваражыць у марабута, калі ў Сахары пойдзе дождж.

Добыш засмяяўся і, узняўшы развітальна руку, апошні раз агледзеў грузавік. Кузаў і кабіна былі запудраны чырвоным пылам Афрыкі, на бартах праступалі глыбокія драпіны, бы баявыя шрамы. А вунь і сляды ад куль. Гэта на горнай дарозе пачаставалі іх путчысты здрадніка Аіт-Ахмеда. Добыш ганарыўся машынаю, як баявым другам, які справай даказаў, на што здольны ў крытычныя моманты. Толькі аднойчы трэба было пакорпацца ў маторы. Дык гэта пасля той пякельнай работы, калі давялося з раніцы да позняга вечара вазіць здалёк арматурнае жалеза.

Добыш яшчэ раз зірнуў услед машыне, адчуваючы раптоўную тугу. Скончыўся нейкі перыяд яго жыцця, поўны вясёлай працы, пачынаўся новы. Ці не паспяшаўся ён, згадзіўшыся ехаць у пустыню? Але ж выбар зроблены. Вечарам ужо не ён будзе спяшацца ў Кабілію, да вясёлай і працавітай іх інтэрнацыянальнай брыгады. Ну што ж… Праз месяц-паўтара і астатнія раз'едуцца па сваіх краінах і гарадах, а на тым месцы, дзе цяпер палатачны гарадок студэнтаў, будуць пасвіцца козы. І нічога не зменіцца ў жыцці паселішча? Яму вельмі хацелася думаць, што Уадыяс будзе ўсё ж помніць тых, хто яго аднаўляў пасля знішчэння карнікамі.

Добыш дайшоў да больш ціхага месца і, паставіўшы свой студэнцкі рукзак каля вялікага, у чалавечы рост, куста алоэ, далонямі абабіў ад пылу вопратку. Зірнуў на чаравікі, якія надзеў для сённяшняга выпадку: не, ісці ў такім выглядзе да Кійка проста няёмка. Дзяўчынкі, што перад тым скакалі на адной назе, гулялі ў «класы», цяпер з цікавасцю паглядалі, як высокі хлопец з чырвоным ад спёкі і напружання тварам шмальцуе абутак бруднай паперкай. Добыш шпурнуў паперку ў куст і пачаў спускацца па шырокай каменнай лесвіцы ўніз. Недзе там ён аднойчы бачыў чысцільшчыкаў абутку. І праўда, яны ўзніклі перад ім як з-пад зямлі. Першы хлопчык утаропіўся ў Добыша блакітнымі, амаль сінімі вачамі і зацокаў языком.

— Мсье, чысцім абутак! Сюды нагу, мсье! — крычаў ён на такой французскай мове, што зразумець яе мог толькі алжырац.

Другі хлопчык, прыкметна старэйшы за першага, з вузкімі і нядобрымі чорнымі вачамі, таксама рашыў угаварыць ірум'ена пачысціць абутак.

— Крэм — люкс! — таксама як і першы, сказаў ён па-французску, але даволі правільна вымаўляючы словы. — Амерыкана-фірма.

Хлопчык-конік ужо ляпнуў скрынку пад ногі Добышу, і не паспеў той што-небудзь прамовіць, як з яго чаравікаў толькі пыл закурэў. Затым запахла ваксай, шоргнула шчотка-намазка.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора