Ялугин Эрнест Васильевич - Сіндбад вяртаецца стр 20.

Шрифт
Фон

Падыходзячы да вежы, ён узрадаваўся як ніколі: вярнуўся Хуары!

Пачуўшы расказ Акліля, Хуары плюнуў. Потым моўчкі ўзяў запацелую бутэльку з вадой, якую Акліль на дзень апускаў на дроце ў закінуты калодзеж. Доўга піў.

— Нават шакалы не такія баязліўцы, як ты, — сказаў ён. — Не змог падкрасціся і паглядзець! Можа, яны не тое месца ўнюхалі, якое ведаю я. Эх, каб я…

Акліль пакрыўдзіўся.

— Каб ты пачуў, што яны гаварылі, то адразу ўцёк бы, — агрызнуўся ён. — Але я чуў, як яны нешта цяжкае перасоўвалі.

— Там ёсць калона, — сказаў Хуары. — Я ведаў, што яе можна адсунуць. Але ж як гэта робіцца — вось што ты павінен быў разгледзець. Бяры каганец, і пойдзем.

— Што, зараз?

— А ты хочаш, каб яны нас апярэдзілі? Не, тое, што я знайшоў, нікому не ўступлю. Няхай сабе яны з ААС, але мы сваё возьмем, а там шукай нас, як вецер у полі.

— Слухай, — прамовіў Акліль, калі яны апошні раз агледзелі наваколле перад тым, як лезці пад зямлю. — Давай лепш скажам паліцыі.

— Ты! Ты! — Хуары аж зайшоўся ад злосці.— Але ж і дурань… Хто табе паверыць? Ты хто? Бадзяга. З дзіцячага дома ўцёк. Цябе адразу — за каршэнь. Ды яшчэ спытаюць, чаго гэта ты шукаў у кабіне чужой машыны і што адтуль узяў. І мяне сцапаюць разам з табой. Ну, зразумеў ці не?

Акліль маўчаў. Сапраўды, так магло здарыцца. Трэба неяк самім выкручвацца. Але ж як хочацца адпомсціць аасаўцам! Не так сабе насіў ён у кішэні патрон. Разумны і добры патрон, які не стрэльнуў у добрых людзей. Гэты патрон стаў яго талісманам, і не будзе Акліль нават сплятаць пальцы, як гэта робяць ад страху ірум'ены. Здань раіса Аруджа няйначай дыхала холадам у патыліцу, хоць усяму целу было горача. Хуары таксама, відаць, забаяўся, бо раптам замармытаў нешта сабе пад нос. Відаць, бабуліна заклінанне.

Каганец чадзіў, агеньчык хістаўся. Яны абмацвалі сцяну сутарэння, дзе былі высечаныя з каменю львы, павітыя вінаграднай лазой. Хуары націскаў плячом, біў нагой, соваў пад ніз у шчыліну невялікі ломік — дарэмна.

— Янычара б сюды, — сказаў Акліль. — Той бы гэтую камянюку адразу ссунуў.

— Ага, — гыркнуў Хуары. — Ён бы ссунуў, але ўсё пойдзе яму і яго Скарпіёну. Мала табе карала?

— Дык гэта ж ты ўгаварыў мяне! — упікнуў Акліль.

— І правільна зрабіў,— адгукнуўся Хуары, выпаўзаючы з кутка, над якім падазрона навісала постаць каменнага льва. — Вось дзе галоўны ход. Ну, хопіць, пайшлі дадому.

— Я проста так пра Янычара. — Акліль з вялікай ахвотай павярнуў да выхада. — Але ж сам бачыш — хіба нам з табою ссунуць гэты кляты камень!

Калі яны выбраліся на паверхню і зноў як след агледзеліся навокал і прыслухаліся, Хуары з асалодай расцягнуўся на пляскатым камені, які здаваўся асабліва цёплым пасля сырога холаду сутарэння.

— Ты казаў, яны гаварылі пра міны? — раптам падняў ён галаву.

— Гаварылі,— пацвердзіў Акліль.

Хуары нейкі час моўчкі разглядаў зялёны купал начнога неба. Вакол маладога месяца дыяментамі зіхацелі рознай велічыні зоркі.

— Ну дык я ведаю, што рабіць, — прамовіў ён, ускокваючы на ногі.— Я ўзарву каменнага льва, які сцеражэ ўваход у сховішча! На кавалкі яго!

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора