Ялугин Эрнест Васильевич - Сіндбад вяртаецца стр 13.

Шрифт
Фон

— Гэй, гэй, малы! — паклікаў ён сіпла. — Ты што гэта, га? Цябе джыгануў тарантул?

Але Акліль не чуў яго. Ён імчаў да вежы.

— Паглядзі сюды, Хуары! Эй! — Хлопец выцягнуў руку. — Зірні ж, Хуары!

Той незадаволена ўзняў калматую галаву ад вялікай бляшанкі з зелянінай. Ён згаладаў за доўгі дзень і зараз гатаваў усё разам — абед і вячэру. Наогул ён любіў гатаваць. З прыгаршчаў фасолі, рознай зеляніны і пары лыжак алею ўмеў зварыць нешта прыдатнае да яды. Ого, яда! Пад'еў — і ў цябе ўжо моцны сон, пругкія, гатовыя да работы мышцы, зырка блішчаць вочы, усё цябе радуе, нават звычайны палёт чайкі над марскімі хвалямі, імклівы віраж арлана над горнай цяснінай. Сёння ў Хуары былі добрыя сакавітыя арцішокі. Ён старанна абабраў іх і збіраўся варыць у казане.

— Чаго ты там крычыш, як дурная квактуха? — буркнуў ён.

— Я знайшоў гэта на беразе, яго выкінула хвалямі! — Акліль так і гэтак паварочваў карал.

Хуары паглядзеў з падазронасцю.

— Бажуся, што знайшоў!

— Што здарылася, дзеткі? — падступіў да хлопчыкаў стары казапас. — Каго з вас сцебанула гадзюка? Я ж казаў, папярэджваў дурняў…

Хлопчыкі дружна зарагаталі, тыркаючы адзін у аднаго пальцамі.

— А каб вас! — узняў казапас над галавою кізілавы дубец. Ён пакрыўджана плюнуў.

— Сейід, — павярнуўся да старога Акліль, — паглядзіце, што я знайшоў. Гэта можна прадаць на рынку?

Сейід узняў карал і ўзважыў на далоні.

— Гэткія і раней каля берага трапляліся, я памятаю. Мой пляменнік з адным французам некалі здабываў іх. Ву-унь за тым мысам, ля астраўка. Самае месца, дзе яны жывуць. Прадаць? Цяпер дык і не ведаю, як яно. А французы плацілі грошы за гэткія штукі. Асабліва бралі залацістыя. Нясі на рынак, можа, хто і купіць.

Акліль зноў заззяў ад радасці. Калі ўдасца прадаць, то хопіць на куртку для зімы і яшчэ на сёе-тое застанецца.

— Хуары не падзяляў радасці таварыша. Пахмурна пазіраў, як да іх жытла падбіраецца падгалая каза. Яна спрытна, як цыркачка, скакала па прыступках. Стары шпурнуў у казу трэску.

— Прэч, дачка шайтана!

— Ага, прадасі! — прамовіў Хуары з'едліва. — А цябе там за шкірку — дзе, спытаюць, сцягнуў? Кыш! — тупнуў ён на казу.

Каза нетаропка адскочыла і, зыркаючы на людзей пранізлівымі вачамі шайтана, схапіла кавалак газеты, у які Хуары загортваў арцішокі. Іншыя козы таксама аблажылі вежу з усіх бакоў і скублі ўсё на свеце, спрабавалі нават сцягнуць з калка кавалак брызенту. Калі хто-небудзь недаверліва адносіцца да слоў, што ў Паўночнай Афрыцы гадоў дзвесце таму ці крыху болей козы з'елі львоў, то няхай бы паглядзеў, як яны ўвіхаліся ля жытла Хуары. Ён бы адразу паверыў — такія могуць усё, дай ім волю.

— Вам не трэба тут жыць. — Казапас пакруціў па-чарапашы сюды-туды невялікаю, падобнаю на сухі гарбуз галавою ў салдацкай шапцы.

Хуары з гонарам агледзеў прыстасаваныя ўчора дзверцы ад грузавіка.

— А хто гэта мне забароніць? — з выклікам адказаў ён і кінуў у булькочучую ў казанку ваду арцішокі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора