− Пацярпець нельга ці што! Курэц! − азваўся паранены ў нагу.
− Ого закрычалі! − глуха здзівіўся Гушчын. − На галасы немец яшчэ лепей пацэліць. Чакай.
Жаркоў сцішана прыкрыкнуў на ўсіх:
− Ціха! Годзе вам! Давай акапвацца! Стой, здаецца, яшчэ нехта ідзе.
З тылу і трохі збоку, тупаючы па цвёрдай раллі, ішоў да іх чалавек. Неўзабаве ён наблізіўся, угледзеўся і гукнуў:
− Якая рота?
− А табе якую трэба? − запытаў Жаркоў.
− Шостая.
− Папаў, − сказаў і закашляўся Гушчын. У яго рукаве ўсё ж тлела цыгарка.
− Камандзіра к камбату, − загадаў баец.
− Ге, спазніўся, браток, − уставіў з долу Гушчын. − У балацявінку б прыбег.
Пасыльны няўцямна змоўк, падышоў бліжай, але, убачыўшы ў доле знаёмы сілуэт афіцэра ў паўшубку, зразумеў і на момант спыніўся, як укопаны.
− Ладна, − сказаў Жаркоў. − Я пайду. А вы тут акопвацца. І не лаяцца: немцы пад носам.
Яны ўдвох пайшлі ў той бок, адкуль з’явіўся пасыльны. Пасыльны (то быў ардынарац замкамбата Сахно) сігаў хутка і маўкліва, нічога не казаў і не пытаўся ў сяржанта − як і належала салдату, які прывык быць ля начальства і думаць, што ўсё цікавае і значнае адбываецца толькі там.
Ён вёў доўга. Праз якіх дзвесце метраў ад раллі, сярод рэдкіх маладых елачак на імшарыне пачуліся галасы. Неўзабаве абодва яны прыпыніліся каля вялізнай, пэўна, ад бомбы, варонкі, на дне якой матава паблісквала льдзіна, на ёй, прысеўшы ля свайго начыння, настройвала рацыю Люся. (Мала хто ў батальёне ведаў прозвішча гэтай дзяўчыны, якая дагэтуль служыла ў роце сувязі, а месяц назад, перад лютаўскім наступленнем была пераведзена з рацыяй у гэты батальён.) Камандзір батальёна капітан Васілевіч і яго намеснік па страявой капітан Сахно сядзелі вышэй, паставіўшы ногі ў варонку, і чакалі, калі будзе наладжана сувязь.
Рацыя папісквала ўжо і міргала вочкам індыкатара, а Люся, пакручваючы рэгулятар настройкі, прывычнай скарагаворкай сыпала:
− Мята, Мята, я Ландыш. Як чутна? Даю настройку, даю настройку: адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць. Дзесяць, дзевяць, восем, сем, шэсць, пяць, чатыры, тры, два, адзін. Як чутна, я Ландыш, прыём.
− Таварыш капітан, прывёў, − ціха, каб не перашкодзіць радыстцы, сказаў пасыльны. Камбат павярнуўся на голас, тугія рамяні на яго паўшубку ціха рыпнулі і, пад ногі Жаркову слабаю плямкай бліснуў ліхтарык.
− Хто гэта?
− Сяржант Жаркоў, таварыш капітан, − сказаў Жаркоў. − Лейтэнант Патапенка забіты.
Настала кароткая паўза, камбат выключыў ліхтарык, капітан Сахно вылаяўся, не зважаючы на радыстку, і сігануў да рацыі. За грудком над вёскай зноў запалілася ракета, і на небасхіле задрыжэлі хвалі святла. На кароткі час яе мільготкае далёкае святло паблукала на заклапочаных тварах людзей, цьмяным блікам адбілася ў новай блішчастай касцы Сахно і знікла за пагоркам.
− Так, Жаркоў, − памаўчаўшы, сказаў Васілевіч. − Колькі ў вас асталося?