«Скарэй!.. Толькі скарэй!.. Ну скарэй жа! Скарэй», − роспачным унутраным крыкам-воклічам падганяў ён самога сябе, стараючыся як мага хутчэй дапаўзці да ўзмежка, дзе можна было затуліцца ад кулямётаў. Некалькі куль дзёўбнуліся каля яго, у хлопцаў твар пырснула крошкамі лёду, але ён не спыніўся, не захінуўся за кулямётны шчыт − ён толькі азірнуўся. Тарасікаў, лязгаючы скрынкамі, поўз следам. Вялізная зялёная каска напаўзла хлопцу на самыя вочы, і ён, відаць, не мог яе паправіць. Гушчына нешта не відаць было, але воддаль пад узмежак поўз яшчэ нехта. І раптам сяржант убачыў, што нехта ўжо апярэдзіў усіх і ўжо туліцца, варушыцца пад самым плотам, нібы прыладжваецца, каб распачаць страляць. «Малайчына! − падумаў Жаркоў. − Хто ж гэта?» Той чалавек сваім прыкладам умомант надаў сілы і рухавасці, Жаркоў, напяўшыся, штурхнуў наперад сцежалелы кулямёт, потым яшчэ і яшчэ. Трасы штораз усё вышэй адрываліся ад зямлі, ужо можна было прыўзняцца на лакцях, і неўзабаве сяржант, абліваючыся потам, спыніўся перад узмежкам.
Ракеты адна за адной палілі начное неба, шыпелі, падалі, гарэлі ў марозным паветры, і камандзіру не трэба было дужа ўглядацца, каб убачыць усё, што рабілася ў яго ланцугу. Пад узмежак прыпоўз Тарасікаў, зводдаль пад плотам ляжалі яшчэ тры невядома чые постаці, двое распласталіся ззаду на лёдзе − можа, паўзлі, а можа, былі ўжо забітыя. Астатніх пакуль не было нідзе. Кулямёты ўсё білі цераз іх галовы, начны прастор гудзеў і калаціўся ад дзесятка грукатлівых чэрг.
«Але дзе ж той сігнал?» − трывожна схамянуўся Жаркоў, лежачы пад узмежкам. Хлопцу здалося, што ён завельмі прамарудзіў у балоце, што сігнал ужо быў, а ён не згледзеў яго, што рота спазнілася выйсці на рубеж атакі. Яшчэ ён не мог даўмецца, чаму немцы адбівалі атаку аднымі кулямётамі, а мінамёты іх, прыстрэленыя па балацявіне, чамусьці маўчалі.
Горача часта дыхаючы і шчыльна прыціснуўшыся да калючага ад марозу долу, Жаркоў прыслухаўся, стараючыся вызначыць што-небудзь у стагалосым грымоцці бою. І тады ён учуў, што мінамёты білі. Калі зацяць дыханне, дык выразна чутна было іх таропкае, глухаватае ў далечы «ках-ках… ках… ках…». Крыху збоч за вёскай ірваліся іх міны, − здаецца, немцы білі па суседніх чацвёртай і пятай ротах. Дык вось чаму нейкім чынам хоць трошкі пашанцавала гэтай іх маленькай жменьцы людзей, якая называлася шостай ротай. Жаркоў яшчэ ўслухаўся − начная далеча за ўзгоркам збоч вёскі таксама гула і стагнала ад кулямётнага стукату і грукату мін.
У небе над самай галавой засвяцілі ракеты, адна, апісаўшы крутую высачэзную дугу, рэзкім белым святлом заліла шырокі прасцяг ваколіцы і шпарка падала, якраз над Жарковым. «Згарыць», − падумаў абыякавы да таго сяржант і зірнуў убок − байцоў пад узмежкам, здаецца, прыбавілася, на лёдзе ззаду ляжаў толькі адзін, другога ўжо не было. «Калі ж атака? − дапякала-трывожыла думка. − Дзе ж ракета, няўжо была?.. Няўжо ён не ўбачыў яе?..»
Немцы, відаць, згледзелі, што атакуючыя сабраліся пад плотам, і па два ці тры іх кулямёты пачалі біць па ўзмежку. Некалькі разрыўных куль ляснулі па жэрдцы над кулямётчыкамі, жэрдка здрыганулася і разламілася, сыпнуўшы на галовы хлопцаў струхлелым друзам. На двух пахілых калках таксама гучна лопнуў разрыў і з маленькага сіняватага агеньчыка востра зыўкнулі ў бок асколкі. Тарасікаў прыцяўся ўсім целам пад самы ўзмежак і ціхенька трэсся, утоўпіўшы ў дзірван кароценькі казырок каскі.
«Што ж ляжаць! − зноў штурхнула сяржанта трывожная думка. − Агню, агню трэба! Трэба падавіць, прыціснуць, увагнаць у зямлю ворагаў і рынуцца на іх. Іншага адсюль ходу няма, назад ім ужо не адысці». І Жаркоў, увабраўшы ў грудзі як мага болей паветра, крыкнуў у мігатлівую цемру:
− Агонь! Агонь! Давайце агонь!
Пакуль над галавой дагарала чарговая ракета, ён убачыў, што яго байцы ў рэдкім ланцужку нерухома ляжалі, утоўпіўшы галовы ва ўзмежак. І толькі адзін баец, відаць, той, што раней за іншых дапоўз да ўзмежка, − раз-пораз бліскаў з-пад плоту стрэлам.
− Агонь! − зноў закрычаў сяржант. − Па кулямётах агонь!
У яго не было каскі, сяржанту вельмі нязручна стала вытыркацца пад кулі з-за ўзмежка, галава здавалася зусім не прыкрытай, безабаронна-голай, здавалася, кожным валаском адчувала яна злое, імклівае і вельмі блізкае фырканне куль. Але трэба было варушыцца, нарыхтаваць кулямёт і спрабаваць падавіць варожыя агнявыя крокі. І сяржант трохі прыўстаў, пакуль было цёмна, ухапіўся за кола кулямёта, натужыўшыся, узапхнуў яго на невысокі ўзмежак. Кулямёт аднабока перакасіўся, і тут узляцелі ў неба ракеты. Жаркоў схіліўся і, пакуль яны яшчэ не набралі вышыні і святла, выпхнуў упярод і другое кола. Але, мусіць, ён занадта вытыркся, прамарудзіў, толькі адчуў гэта позна, і тут здарылася няшчасце, паправіць якое было ўжо нельга.
Спачатку ён нават не зразумеў − здалося, бы нехта ззаду ляснуў яго якім дубцом па плячы, шынель коратка лопнуў, але затым нейкі мускул у перадплеччы балюча і раптоўна заныў. Жаркоў прытупіў за кулямётам голаў і зразумеў, што паранены. У рукаве да лакця хуценька збег цёплы струменьчык, рука налілася цяжарам і ўвачавідкі дранцвела. Пальцы разняліся на коле, і, раптоўна аслабшы, хлопец тыцнуўся плячом пад узмежак.
Ракета разгарэлася, і ў яе святле ён перш за ўсё іншае ўбачыў побач вялікія, поўныя агністага жаху вочы Тарасікава пад яго збітай набок каскай. У гэты раз баязлівасць байца ўпершыню за ўвесь час іх суседства злосцю ўзарвала Жаркова, і, забываючыся аб сваім болі, ён, як ніколі раней, апантана крыкнуў у самыя тыя нечалавечыя ад жудасці вочы:
− Стужку! Якога чорта? Стужку!
Тарасікаў дрыготкімі пальцамі паспешна абмацаў ля сябе дол, натрапіў на скрынку. Тут зноў засвяціла ракета, але хлопец круціў усё ў руках каробку, мацаў і сяк, і так і не мог ніяк яе адчыніць, каб падаць камандзіру стужку. А Жаркоў, кожнаю часцінкай напружанага да немагчымага цела адчуваючы, як марнее, губляецца дарагі ў такі момант час, не мог ужо саўладаць з сабою, стрымаць свае нервовае лютасці:
− Ты!.. Эх!.. Чортавай матары!.. − недарэчна закрычаў ён на Тарасікава і хуценька выхапіў у яго каробку. Крутнуўшы зашчэпку, сяржант вырваў канец бразготкае стужкі і, слаба дапамагаючы абяссіленай левай рукой, зарадзіў кулямёт.
Ракета пагасла, а ён ухапіў ротам паветра і на кароткі час сцішыўся за шчытком кулямёта. Праз вузкую проразь прыцэла відаць было ў цемры, як зусім блізка пульсавала, мігала, затухала і зноў часта-часта пыхкала сінявата-чырвоная плямка полымя. Побач, трошкі ўбаку ад шчыта, гэтак жа мільгала яшчэ адна плямка, але кулямётчык, ужо безуважны да яе, навёў кулямёт на ранейшую і вялікімі пальцамі ўтапіў у затыльнік спуск, затым яшчэ і яшчэ − аж покуль не відно стала, куды страляць. Пасля ён давярнуў кулямёт да наступнай, аднак левая рука мярцвела, локаць целюпнуў у крыві, што налілася ў рукаў, у плячы забалела, востра і пякуча…
І ў той час наперадзе ў варожым стане, перад цёмнымі стрэхамі будынін і між іх ірванулі выбухі, затым яшчэ. Жаркоў прыгнуў голаў − угары завірашчэла знаёмым візгатам, і яшчэ некалькі выбухаў грукнулі на гародзе і ў вёсцы. На момант цьмяна асвяцілася неба між хатамі і скочыў да балацявіны вялізны даўжэзны цень бліжняй адзінокай будыніны з прадранай, рабрыстай ад лат страхой. Кулямёты, здалося, ураз змоўклі, Жаркоў на нейкае імгненне сумеўся і, адпусціўшы спуск, зразумеў, што гэта азваліся перад атакай іх батальённыя мінамёты.
− Ракета! Ракета там, глядзіце! − першы раз за ўвесь час бойкі неяк ажывеў Тарасікаў. Жаркоў азірнуўся − ззаду над балацявінай на тоненькай дымнай сцяблінцы хутка зніжалася ў небе чырвоная кветка сігнальнай ракеты.
Яна яшчэ не патухла, як Жаркоў адчуў, што нейкае гарачае полымя апаліла яго нутро, бы маланка асвяціла ў хлопцавай галаве думку, што самы рашучы момант настаў.
Адштурхнуўшыся ад долу здаровай рукой, ён ускочыў у рост, выхапіў з кірзавае кабуры свой наводчыцкі наган і закрычаў лютым і вельмі натужным голасам:
− Уста-а-а-аць! Усе-е-е! У ата-а-аку-у-у-у!