– Так вось усё і канчаецца... – сказаў ён.
– Але. А для мяне і горад канчаецца.
– Едзеце некуды?
– Так. За Каўшом стаіць катэр. I вось праз гадзіну...
– Недзе на вёсцы працуеце?
– Бярыце глыбей.
– Экспедыцыя?
– Запаведнік. Апошні год даводзіцца па ўсіх прыморскіх запаведніках ездзіць. Дзеля сваёй працы.
Ён не спытаў, якая яна, тая праца, бо тады давялося б расказаць нейкую дробязь і пра сваю, а ён не любіў рабіць гэта, ды і не дужа мог.
– I дзе ж вы цяпер? Куды пойдзе гэты ваш катэр?
– Цяпер еду ў так званую "Тыгравую Падзь".
– Цікава, хто на каго там паляваць будзе? Вы на тыграў ці яны на вас?
Жанчына засмяялася:
– Тыграў там цяпер няма. Яны ў Суйфунскім. І паляваць на іх нельга, крыважэрны вы чалавек. Тыгры – харошыя. Яны цяпер панічна баяцца людзей, ніколі не нападаюць. Іх вельмі мала. Затое там, дзе яны ёсць, мядзведзяў з агнём не знойдзеш. А мядзведзь у нас – гэта самая шкода і ёсць. Іх многа. Вельмі многа. .
– Хто ж там у вас?
– Дзікія каты, мядзведзі, дзікі.
– Гэта што, назнарок?
– Ах, божа мой, кіньце! Гэта не вельмі ўдала. Ну, яшчэ харза, вялікая гэткая куніца, расамаха, кабарга, гарал, плямісты алень-кветка і шмат яшчэ чаго. Кампанія някепская.
– I далёка гэта?
– Далёка. Морам ісці трэба.
– Паходзім, – сказаў Будрыс.
З "Блакітнага Дуная", што стаяў на тым баку прыбярэжнай шашы, вывалілася трохі падпітая кампанія, замаячылі ў цемры агеньчыкі папярос, даляцелі занадта гучныя словы, смех.