– А вам што, не здаралася спяшацца, а пасля сесці недзе і гадзінамі сачыць, як усё мяняецца? Вось было святло – стаў цень. Было мора аквамарынавае, пасля колеру прускага блакіту, пасля бутэлечнае.
– Прыгожа, – сказала яна, і ён з прыкрасцю падумаў, як яна можа расцаніць гэты раптоўны паток слоў, незнаёмая.
Сябры яго ведалі. А лепшыя нават здагадваліся, што ў гэтым чалавеку жыве вечная прага адкрыць людзям вочы на тое, што бачыць ён, зрабіць так, каб і яны парадаваліся, бо грэх карыстацца радасцю і прыгажосцю аднаму, а некаторыя людзі самі не могуць убачыць іх. На жаль, гэта прага амаль заўсёды нарывалася на неразуменне. А можа, ён проста не мог адкрыць людзям вочы, перадаць ім, які ён прыўкрасны, той свет, які ўстае перад вачыма Севярына Будрыса? Хацеў і не мог.
– Вы, пэўна, мастак?– у голасе ўсё яшчэ іронія.
– Каб мяне пасадзілі побач з пяцігадовым дзіцем маляваць карову – яно б перамагло.
– Вы так не любіце кароў?
Ён сказаў ужо сухавата:
– Любіць мала. Трэба – умець... Большасць людзей любіць мора. А вось я не бачыў нешта ніводнай карціны ў ніводнага марыніста, каб дасканала перадала ягоны воблік.
I змоўк.
Яна, відаць, зразумела, што ён гаварыў шчыра, не думаючы завязаць знаёмства, і што яна дарэмна пакрыўдзіла чалавека іроніяй. Таму што пасля доўгай паўзы сказала ўжо зусім іншым голасам:
– Іскры – гэта Перавознае. Там невялікі прычал, склады і хаты. Мала. За імі сопкі, збольшага яшчэ не абдзёртыя. Калі пайсці ад яго на поўночны захад – на беразе чамусьці процьма марскіх вожыкаў.
– Яны якія?
– I вы любіце мора?
– Я тут упершыню. А на Чорным неяк не заўважаў.
– А іх мора выкатвае. Толькі іхнія касцячкі. Нешта накшталт круглай каробачкі з адтулінай. Трохі сплюснутая каробачка і нібы сплецена з вельмі белых карункаў.
– Вы часам не мастак? – адпомсціў ён. – А можа, вершы пішаце?
Яна ціха засмяялася: .
– Усяго толькі натураліст.
– У-у... Дык вы мне можа скажаце, што гэта за такое ў тайзе, страшэнна падобнае на жэньшэнь, але не тое, бо яго там, як лапухоў?
– Трохі калючы?
– Але.
– Гэта элеутэракок, калючы брат жэньшэня.