– Сал-лага, – сказаў Паўлаў. – Ты не Хрыстос, ты – паршывая салага. Бачыш мора і не ведаеш, што гэта. Ты – рачная пяструшка, шрымс-медзведзяня, вустрыца і мідзія Дункера.
– Чаго ж ты лаешся?
– Скідай усё да трусоў!..
– Ды мне няма чаго скідаць.
Яны выйшлі да мора. Тут стаялі яхты, выцягнутыя на сліп.
– Па спартыўнай хадзе... – бурчаў Паўлаў. – Не, брат, я чэмпіён самага высакароднага спорту. Яхтсмен... Паходзім... Як быццам, калі ён шчупальцы па зямлі перастаўляе, гэта – ён ходзіць. Ходзяць па моры.
I яны пайшлі. Валы, ледзь не ў два чалавечыя росты, зеленаватыя, як старое шкло, з кучаравымі мазкамі пены на вяршынях. Яны насоўваліся, уздымаліся, пагражалі заліць, але шкарлупінка скакала між іх, узлятала, імчала з хуткасцю стралы.
Будрыс увесь час чуў парады Паўлава і хутка асвоіўся. Справа была не дужа хітрая, калі ты – усяго напарнік. I вось яны ляцелі і часам павісалі нагамі на борце, ледзь не дастаючы патыліцай да равучай вады. I ён цяпер зусім другімі вачыма глядзеў на Васіля. Упэўнены, ажыўлены, цвёрды. Марскі бог, вялікі майстра, для якога няма немагчымага! А тут ён яшчэ і гарэзаваў, ішоў на грані, магчыма – трохі помсціў Будрысу за хвіліну недаверу.
Увесь час іх абдавала салонай свежай вадой і ветрам. Абдасць, дадасць на скуру солі і сплыве. I яшчэ. I яшчэ.
– Пірог слаёны – пірог салоны, – мармытаў Паўлаў. – Галубачка мая, матухна мая, давай!
Пагнаўся за катэрам. Здавалася, не дагоніць ніколі. Да катэра было з палову кіламетра, і той ішоў на поўным.
– Мамачка, не выдавай, – мармытаў да яхты, як да жывой, Васіль. – Галубка, наддай! Пакажы "керасіншчыкам". Ну, бяленькая, ну яшчэ!..
Іх абдавала так, што ў яхце было ўжо шмат вады і давялося выліваць яе праз кокпіт: проста адчыняць дзірку ў днішчы. Хуткасць была такая бліскавічная, што вада аж ірвалася да сваёй вольнай сястры – марской хвалі.
– Любая, ну!.. Птушачка, наддай!
I абагналі.
А пасля ляцелі назад, гік плыў перад вачьша. Гэх, жыцце!..
А пасля селі проста ля берага. Быў вечар, і сліп пуставаў. Згасаў захад, за сопкамі ляжала імгла, а на іх, як туман, ляжалі рэдкія празрыстыя хмаркі. Паўлаў выцягнуў аднекуль паўбутэлькі і цэлы пакет шрымсаў, і яны трохі выпілі за салоную купель і закусвалі саланаватымі смачнымі рачкамі. Прыемна было сядзець так, боўтаць нагамі ў свежай вадзе і глядзець на захад.
– Унь там маю бабку купілі, – сказаў Васіль, і на гэты раз Будрыс безагаворачна паверыў яму.
Усё магло быць у гэтым дзівотным краі і з гэтым дзіўным чалавекам. I нават напэўна была бабка, і прадзед, і Вера Фігнер, раз чалавек не хлусіў у галоўным, у справе сваёй.
З гарэзлівасці Севярын не змыў з сябе солі ані тут, ані у гасцініцы. Прачнуўся раніцаю і ахнуў: амаль белыя валасы, сівыя бровы і на целе слой ледзь не ў два міліметры!
"Пасівелы ў плаваннях марскі воўк. Паходзім, хлапчына? Эх, сал-лага! Добра, перастаўляй свае шчупальцы".
I ўсё ж нават гэта бадай што не памагло яму ў бядзе. Скончыўся завод.