- А што ж яна мне зробіць, гэтая нячыстая сіла? Я не баюся яе, бо яе, бабка, наогул няма.
- Гэ, панічыку, вы яшчэ маладзенькі, мала на свеце жылі.
- Ну, а вось ты, бабка, дзякаваць Богу, трошкі пажыла-такі, а скажы ж мне, ці бачыла ты хоць раз нячыстую сілу?
- Не кожнага, панічок, яна налучае, - ухілілася старая ад простага адказу.
- А я табе, бабка, скажу, каго яна налучае. Наколькі я ведаю, яна найбольш прывязваецца да п'яных цёмных людзей і то ўночы.
Старожка з гэтым не згадзілася і паківала галавой. А настаўнік, яшчэ зусім малады хлопец, які нядаўна прыехаў у першую сваю школку ў глухой палескай вёсцы, ледзь-ледзь усміхнуўся сам сабе, пэўны ў тым, што старая няіменна раскажа пра здарэнне з нячыстай сілай. Яму вельмі падабаліся такія гутаркі з гэтымі простымі людзьмі, якія яшчэ так мала адышліся ад часоў першапачатковай людской культуры.
- Я вам, панічок, не буду многа казаць, бо вы ўсё роўна не верыце, хоць, можа, і верыце часам, але кажаце, што не верыце. Ды калі не верыце мне, то паслухайце, няхай вам раскажа мой Міхалка. Вы ж ведаеце майго Міхалку? А калі яму не паверыце, спытайце людзей. Міхалка тады дзецюком яшчэ быў. Ішоў ён з Сяльца. І ноч была не цёмная. Чулі, можа, Сяльцо, недалёка ад нашай вёскі, вярста - не болей? Гэта - выселкі з нашае ж вёскі, двароў дзесяць. Ён і жонку ўзяў адтуль. Дык вось, панічыку, быў ён там - на вячоркі туды хадзіў, покі не жаніўся. На паўдарозе між Сяльцом і вёскай старая карчма стаіць, якраз напроціў могілак. Там невялічкае балотца ёсць, і рэчачка адтуль зачынаецца, малюсенечкая, і злучаецца з другой рэчкай, што ў нас Целяшовым Дубам завецца. І вось, як толькі мінуў ён карчму, дык на яго штось і накінулася - і не звер, і не чалавек. Так проста і налятае на яго. Хоча злавіць яго - не зловіць: нешта голае і слізкае, ні шэрсці, ні адзежы. Міхалка адкіне яго рукою, а яно зноў, а яно зноў. І вось, не паверыце, панічыку, парвала на ім новую світку да самага каўняра. Змогся бедны хлопец і ў непрытомнасці ў хату ўвайшоў. Скажаце, п'яны быў, дык зроду ж не п'е Міхалка, у рот гарэлкі не бярэ. І праляжаў ён пасля гэтага ў гарачцы тры месяцы, насілу на ногі падняўся.
Лабановіч - так звалі маладога настаўніка - слухаў апавяданне з вялікай цікавасцю. Спярша яму было крыху смешна, але, па меры таго як сама апавядальніца ўсё больш і больш захоплівалася таемнасцю здарэння, Лабановіча зацікавіла іншае, а іменна - непасрэдная і цвёрдая вера людзей у існаванне ўсяго гэтага цёмнага спляцення нядобрай сілы. Мільёны і болей гадоў жыве гэта вера, пачаткі яе загублены ў цёмным віры прошласці, і да гэтага часу людскі розум не патрапіў вызваліцца з аблады гэтага чмучэння...
«Цікава!.. Трэба будзе калі падумаць над гэтым», - зазначыў сам сабе настаўнік. Але, як відаць, была ў яго яшчэ і іншая думка, і ён, нечакана для сябе самога, спытаўся:
- Бабка! А твой Міхалка мог бы і памерці праз гэта?
- Гэ, панічыку мілы! Чуць-чуць не памёр! Насілу, насілу адхаялі!
- І падумаць толькі: праз якое глупства можа памерці чалавек! - прамовіў малады настаўнік, хутчэй да сябе самога, і задумаўся.
Галава яго крыху схілілася набок, цёмныя вочы, у якіх часта адбівалася нейкая затоеная думка, пазіралі, не міргаючы, у кут пакоіка, але нічога не бачылі, яны як бы пазіралі на тую думку, якая цяпер заварушылася ў яго галаве.
Старая бабка звярнула на гэта ўвагу і з нейкім страхам і цікавасцю пазірала на свайго «паніча».
- А што вы, панічыку, так задумаліся?
Лабановіч ускінуў на яе вочы і засмяяўся.
- А ведаеш, бабка, хочаш, я скажу табе, што ты цяпер думаеш?
Бабка здзівілася яшчэ болей, а настаўнік, не чакаючы яе адказу, прамовіў:
- Ты, бабка, пазірала на мяне і думала: «Калі гэты паніч яшчэ не з'ехаў з глузду, то з'едзе».
Старожка пазірала яму ў вочы, моцна здзіўленая, а Лабановіч, прыдаўшы важны выраз твару, сказаў:
- Ты, бабка, не думай таго: не адна ты знахарка. Я, можа, яшчэ выдатнейшы знахар за цябе.
- А што ж, панічыку, усё можа быць, - як бы з нейкай пакрыўджанасцю адказала бабка.