Васіль Быкаў - Выбранае стр 2.

Шрифт
Фон

Ухапіўшы за край, ён вывалак з машыны зіхоткую скрынку бутэлек з «Маскоўскай», за якой, мабыць, і ездзіў у сельпо ці ў горад. Я рупна падхапіў яе за другі бок, і мы, мінаючы школу, пайшлі па сцежцы між садовых зараснікаў у бок недалёкага флігеля — дамоўкі настаўнікаў.

— Як жа гэта з ім здарылася? — запытаў я, усё яшчэ не могучы звыкнуцца з думкай аб гэтае заўчаснай смерці.

— Ат, як! Як усё здараецца. Трах бах — і гатова. Быў чалавек — і няма.

— Хоць хварэў перад тым, ці што?

— Хварэў?! Ён усё жыццё хварэў. Ды рабіў. Ну і дарабіўся да ручкі-крышкі. Пойдзем ды вып'ем во, пакуль ёсць такая магчымасць.

У старым, як і палац, атынкованым знадворку флігелі-доме за парадзелымі кустамі бэзу ў гародчыку, сярод якіх сакавіта і свежа рдзела абсыпаная гронкамі рабіна, чулася прыглушаная гамана многіх людзей, якая давала знаць, што самае важнае і апошняе тут ужо скончана. Ішлі памінкі. Нізкія вокны асеўшай долу дамоўкі былі насцеж расчынены, з-за фіранкі віднелася нечая ў белай нейлонавай сарочцы спіна ды льняная капешка высокай жаночай прычоскі. Ля ганка стаялі і курылі двое няголеных у рабочым адзенні дзядзькоў. Яны стрымана гаварылі аб чымсь, пасля змоўклі, перанялі ў нас скрынку і панеслі яе ў дом. Мы праз калідорчык пайшлі за імі.

У невялікім пакоі, з якога цяпер было вынесена ўсё, што можна вынесці, стаялі ссунутыя ўпрытык сталы з рэштаю пітва і закусі. Два дзесяткі расчырванелых людзей за імі займаліся, аднак, хто чым, а найбольш размовамі і курывам — цыгарэтны дым вітымі космамі цягнуўся ў вокны. Было відаць, што вячэра ідзе не першую гадзіну, і я зразумеў, што паспеў на разбор шапак — не болей. Знаў бы — не ехаў. Такое спазнелае з'яўленне ў гэтай справе — горш чым адсутнасць і можа быць лёгка вытлумачана не ў маю карысць. Ну, але не брацца ж за шапку, калі ўжо прыехаў.

— Сядайце, во тут і месцейка,— проста запрасіла ціхмяная з выгляду жанчына ў цёмнай касынцы, не пытаючыся, хто я і чаго прыйшоў,— мабыць, такое з'яўленне тут было цяпер справай звычайнай. Я паслухмяна сеў на нізкаватую пры высокім стале табурэтку, стараючыся як найменш звяртаць на сябе ўвагу. Але збоч нехта ўжо паварочваў да мяне свой азызлы, немалады, узмакрэлы ад поту твар.

— Спазніўся? — проста запытаў чалавек.— Што ж... Няма болей нашага ІІаўліка. I ўжо не будзе. Вып'ем таварыш.

Ён сунуў мне ў рукі яўна ўжо пітую, са слядамі нечых пальцаў шклянку гарэлкі, сам узяў са стала другую.

— Давай, брат. Каб яму там пухам зямля.

— Што ж, хай будзе пухам.

Мы выпілі. Нечым відэльцам я накалоў у талерцы скрылёк салёнага гурка, сусед няслушнымі пальцамі ўзяўся вылушчваць з пакамечанага пачка «Прымы», мабыць, апошнюю там сігарэту. У гэты час ціхмяная жанчына паставіла на стол некалькі новых бутэлек прынесенай намі «Маскоўскай». Ахвочыя мужчынскія рукі рашуча ўзяліся разліваць яе па шклянках.

— Ціха! Таварышы, ціха,— праз гаману пачуўся аднекуль з нярэдняга кута не надта цвярозы ўжо голае.— Тутхочуць сказаць.

— Ксяндзоў, загадчык райана,— густа дыхнуўшы цыгарэтным дымам, прагудзеў над вухам сусед,— Што ён можа сказаць? Што ён ведае?

У дальнім канцы стала ўстаў з месца малады яшчэ чалавек са звыклай начальніцкай упэўненасцю на цвёрдым валявым твары, важна падняў шклянку з гарэлкай.

— Тут ужо гаварылі пра нашага дарагога Паўла Іванавіча. Добры быў камуніст, перадавы настаўнік. Актыўны абшчэсцвеннік. I наогул... Адным словам, жыць бы яму ды жыць.

— Жыў бы, каб не вайна,— уставіў хуткі жаночы голас, мабыць, настаўніцы з выгляду, што сядзела поруч з ім у імпартным бэжавым гарнітуры. Прамоўца спыніўся, нібы збіты з панталыку гэтаю рэплікай. Гаварыць яму, мяркуючы па ўсім, было трудна, нязвыкла на такую тэму, ён з натугай падбіраў словы — мусіць, проста не было патрэбных для такога выпадку слоў.

— Да, каб не вайна,— урэшце пагадзіўся прамоўца.— Каб не навязаная нямецкім фашызмам вайна, каторая прынесла нашему народу бясчысленыя ахвяры. Цяпер, праз дваццаць год пасля таго, як залечаны раны вайны, адноўлена наша разбураная вайной гаспадарка і савецкі народ дабіўся выдатных поспехаў ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, а таксама культуры, навукі і асветы і асабліва поспехаў у галіне...

— Пры чым тут поспехі! — раптам грукнула ля самага майго вуха, і адпітая бутэлька на стале з лязгатам упала на талерку ад вінегрэту.— Пры чым поспехі? Мы пахавалі чалавека!

Прамоўца з нядобрасцю змоўк, а ўсё застолле насцярожана, амаль са спалохам начало азірацца на майго суседа. Немаладыя вочы таго на счырванелым і хваравіта спатнелым твары ўвачавідкі наліваліся гневам, вялікі, перавіты набраклымі венамі кулак пагрозліва ляжаў на абрусе. Загадчык райана зважліва змоўчаў хвіліну і спакойна, з годнасцю сказаў, нібы школьніку:

— Таварыш Ткачук, вядзіце сябе прыстойна.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора