Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Сіняя-сіняя... стр 6.

Шрифт
Фон

Туарэгаў не трэба было вінаваціць. Яны прыглядаліся да розных рэлігій. Спачатку да ранніх хрысціян - і навучыліся інкруставаць зброю крыжамі, потым да юдаістаў - і зведалі, што чужыя багі няўмольныя, потым да магаметан - і навучыліся гандляваць рабамі. І ўсё ж яны вераць у неба - Аджэн, у вольнае неба, а не ў вар'ята бога.

Яны вольны народ, а іх гоняць у ярмо, каб былі як негры ў Старой Біскры, як апатычныя і вялыя маўры Сеціфа і Туніса, якіх столькі ганялі, што ім ужо ўсё адно.

«Як людзям на маёй радзіме...»

Ах, як тады ззяў Дняпро, калі яго, амаль непрытомнага, выносілі з кола ворагаў, адпушчаныя камандзірам палонныя. Звычайныя хлопцы аднекуль... А, ды не ўсё хіба адно - адкуль... Выратавалі аднаго з ворагаў у адказ на высакароднасць.

Усё адно, такая смага... Застрэліцца б... Нельга... Побач гэты камячок...

Адзін дзень трэба пратрымацца. А раптам здарыцца дзіва?

Спёка рабілася нясцерпная. Пустыня маўчала ў барвяным зарыве. Ён фізічна адчуваў, як гэта зарыва піло з яго ваду.

Паспрабаваў плюнуць - не было сліны.

- Адхаліб, глыні вадзічкі.

- Бадай, трэба глынуць.

Ён прыклаў рыльца пляшкі да вуснаў, прапаласкаў рот і... вада нібы выпарылася ў роце. Больш было нельга. І ён страшэнным намаганнем волі аддзёр ад вуснаў гарачае рыльца.

Пятрок ляжаў, схіліўшы галаву, прыпаўшы шчакою да прыклада, а перад невідушчымі вачыма ўставалі, плылі, мяняліся дзіўныя праявы.

Вось стаяць яны на ўзлессі. За спіною вільготны шолах лістоты, а наперадзе гарматы, што вывяргаюць смерць. Вось пагоня, і ён уцякае берагам чорнай балотнай ручаіны... А вось плошча ў Санта-Крус. Вось пасля бою пеўняў птушак нясуць за галовы з арэны, мёртвых. І металічныя шпоры на іхніх нагах драпаюць зямлю. А хлопчык змывае кроў з арэны вядром вады... А потым маўрытанскія мячэці ў Танжэры, і ваданосы з казлінымі бурдзюкамі праходзяць паўз іх і звоняць у свае званочкі. Колькі б ні піў - плаціш адну ачаву.

Жабрак не плаціць нічога.

...І негрыцянкі, што гандлююць малаком у порыстых збанах. Малако заўсёды ледзяное, бо малочніцы паліваюць збаны ледзяной вадой.

...Пад сонцам, што нясе жыццё і смерць, варушыцца стракаты кірмаш. Фігі, камякі вострых прыпраў, масла, фарбаванае ў аранжавы колер, мяккі саф'ян, кошыкі валоскіх арэхаў... Негр мые ногі ў жолабе фантана... А калі ў Дагамеі прыносяць ахвяру сонцу, чалавек радасна скача з высокай скалы ў мора, у абдымкі цудоўнага, сіняга, прахалоднага, іскрыстага бога.

Не, вяртання не будзе. Вялікая Афрыка забрала яго ў палон. У шэрым цараванні смерці, між пірамідаў, між вялікім Хеопсам і вялікім Хефрэнам ён падумаў аднойчы аб радзіме і аб яе лёсе - і гэта быў пачатак канца.

Маленькая краіна, уся пісаная гісторыя якой налічвала восемсот год, з якіх трыста сама не ведала, хто яна такая. Вартыя жалю спробы нешта зрабіць, некуды кінуцца. Спробы дзеяння, падобныя на валтузню верабейкі ў веніках. Лухта і марнасць марнасцей!

Ну і што? Ну, нават каб і адолелі чыгунную сілу? Каб адступіўся цар? Усё адно людзі гінуць і народы гінуць, і працэс гэты няўхільны, а на зямлі не застаецца нічога, акрамя магіл. І мізэрная, нязначная думка чалавека побач са сфінксам, побач з ноччу і цішынёй, побач з вялікім цараваннем магіл.

Калісьці, вычытаўшы ў старадаўняй кнізе пра Ўсяслава: «Шастакрыльцы! Сыны Белабога! Наперад!» - ён разрыдаўся ў скураную вокладку.

Ну і што? Многія тысячагоддзі стаяў сфінкс, пакуль не крыкнуў гэтыя словы бязведамны князь бязведамнай краіны. І вось ужо няма князя, няма ягонага сэрца і думак, а сфінкс стаіць. І вакол - труны.

Усяслаў памёр, і хлопцы памерлі, і край, і сам ён, Пятрок, вось-вось памрэ. А сфінкс будзе глядзець і глядзець у ноч сляпымі вачыма з чырвонага граніту. Ягоныя вочы пацямнелі ад дыму войнаў, ад начнога змроку, ад відовішча мільёнаў мёртвых. Царствы і рэспублікі працякалі па твары зямным, і нічога не змянілася.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора