Пятрок дакладна заўважыў напрамак на ручным компасе. Потым аддзёр рукаў ад сарочкі і, апусціўшыся на калені, завязаў нос і рот.
Дыхаць адразу стала цярпіма. Пясчынкі калолі да болю ў голую руку. Быццам тысячы іголак.
І тады ён бегма прыпусціў у напрамку да дзвюх пальмаў. Яго несла як на крылах, і ўсё адно ён бег, задыхаючыся, топчучы закарэлымі чаравікамі пясок і жвір.
- А-а-а-а, - шалёна выў пясок, нібы імкнуўся знішчыць усё жывое. Ён цяжка, да болю, гэхнуўся грудзьмі аб мур вакол калодзежа - дапамог вецер. Аж паветра вырвалася з лёгкіх.
Кожную секунду чакаючы спіною стрэлу, ён прывязваў да скуранога рэменя, побач са скураным вядром, сваю пляшку. Яму здавалася мала. Ды яно і сапраўды мала. Самум можа дапамагчы, але самум і знішчыць. Хай вядро нагадвае торбу і яго можна зашмаргнуць - усё адно «подых смерці» за гадзіну можа выпіць усё, што ні ёсць у ім.
Мяшок пакутліва доўга не тануў. А вакол гучаў ужо не стогн, а рык. Імчала нешта бязлітаснае, вялізнае, ад зямлі да неба.
Ён пацягнуў рэмень, адчуваючы цяжар і пакутлівы боль, бо кроплі падалі ў глыбіню студні. Падалі. Падалі. Лепей бы яны падалі ў перасохлы рот. Рызыкуючы кожную хвіліну атрымаць кулю між вачэй, ён рэзка прыўстаў і выхапіў вядро з каменнай трубы. Чароўна цяжкае, мокрае, сцюдзёнае. Як пацалунак. Не было рацыі цягнуць яго поўнае. Давядзецца паўзці, расплюхаеш. А астатняе вып'е «яд паветра». І ён, стаўшы на калені, сабою прыкрыўшы ваду, з лікаваннем сарваў з твару павязку і прыпаў да вады са стогнам і прагай, як да вуснаў. Да вуснаў адзіна каханай, якой у яго так і не было. Не было, але ён ведаў, што гэта бывае так.
Першыя глыткі адбіліся болем у глотцы. Але вада кацілася ў глотку і, здавалася, нават ціха звінела, як струмень фантана ў крыштальны кубак. І ён піў, піў, піў, а над ім імчалі хмары пяску - самум піў разам з ім.
Потым ён абмыў павязку вадою з пляшкі і зноў напоўніў пляшку з вядра. Ён радаваўся гэтаму, бо з пляшкі нічога не вып'еш.
Заставалася яшчэ палова. Не менш як дваццаць пляшак. І тады Пятрок з цяжкасцю адарваўся ад студні і пайшоў у напрамку, які ён заўважыў.
Павязка адразу высахла. Ён успомніў, як дыхалася ў тую хвіліну, калі абмываў яе. Як у напаленай печцы, куды нехта магутнай помпай наганяе пясок. Цяпер хоць пяску не было. Была проста печка. І ў левай руцэ быў зашморгнуты і перахоплены рукою - ніжэй зашмаргі - скураны мех. І ў жываце цяжка боўталася вада.
Іхні з Джамілёй закутак раптам знік. Шум пяскоў напоўніў свет. Пустыня стагнала і калацілася, падымаючы ў неба з кожным уздрыгам усё новыя і новыя пласты сваёй паверхні.
Ён стаў на калені і папоўз. Але і так яго раз-пораз згінала да зямлі. Тады ён папоўз лежачы. Дыхаць было немагчыма. Ён поўз з заплюшчанымі вачыма і толькі зрэдку, праз далонь, ля самых вачэй, глядзеў на дрыжачую стрэлку.
Некалькі разоў яго ссоўвала назад, як чарапаху, як бязважкі лісцік дрэва. Ссоўвала разам з пяском. Але ён поўз і поўз.
Ён плазаваў, адчуваючы, што памірае.
Апошні кашмар прыйшоў раптоўна. Ён ляжаў і сутаргава соваў нагамі, а нехта прыклаў да ягонай галавы вялізную далонь і лёгка, як чалавек, што не дае паўзці сляпому кацяняці, затрымаў. Пятрок торгаўся так хвілін пяць - а можа, вечнасць? - торгаўся, абліваючыся халодным потам, пакуль не зразумеў, што гэта канец дарогі, што гэта не далонь невядомага, а іхні закутак, іхні маленькі бордж.
Тры разы вецер зрываў яго з муру, аж пакуль яму не ўдалося перакуліцца ў яго. А там ён адшукаў рукамі напаўзасыпаны горбік, паклаў побач з ім цёплы ўжо мяшок, а сам лёг побач, захутаўшы мяшок і галаву краем тэліса з вярблюджай воўны. Вычысціў пясок з вушэй, заткнуў іх і сціх.
Пясок імчаў над імі, паступова заносячы ўсё і ўся.
І Пятрок адчуваў, што сэрца ягонае як не выскачыць з грудзей. Ён напіўся і не адчуваў смагі, але глотка - яна ўжо высахла. Яе, здавалася, пакрыў суцэльны балесны струп. Нешта падступала павольна-павольна. Як сон. А потым нібы нехта дзьмухнуў на свечку. І стаў змрок.
...Ён ачуняў раптам, адразу ж усвядоміўшы і небяспеку, і самум, і стрэлы з-за дзюнаў. А ўсвядоміўшы - сеў, скінуўшы з сябе тоўсты слой пяску.
Была цішыня. Паветра ачысцілася. І толькі нібыта разам з вызваленым сонцам, якое спускалася за далягляд, асядала на зямлю чырванаватая смуга. Зацененыя бакі дзюнаў былі ліловыя, на баках ліловы колер пераходзіў у бэзавы, а на вяршынях, на якія клаліся апошнія промні, гарэла, паступова цьмянеючы, вадкае золата. Пустыня свяцілася, як сумная згасаючая вясёлка.
Пятрок ведаў: з пачаткам ночы яны могуць прыйсці зноў. І ён паспешліва пачаў прыгаршчамі высыпаць пясок са свайго маленькага борджа. Вызваліў месца, дзе яны ляжалі, націснуў на мяшок: амаль поўны. І ўрэшце адкапаў з пяску маленькі запылены кокан. Адсунуў краечак - спіць. Вейкі падрыгваюць. Доўгія, загінастыя. Пакруціў галавою: хай спіць, пакуль спадае гарачыня і пакуль яшчэ не захаладала нанач.