- Таксама пайшла б. Адразу ж. Такое бывае раз у жыцці... Але напэўна ніхто больш не пайшоў бы. Гэта рэдкасць. Для гэтага трэба вельмі верыць у жыццё, у тое, што яно не падманіць.
Яна ўсё больш цікавіла Лявона.
- Хто ж вы такая?
- Я Марыя, - сказала яна, глянуўшы на яго глыбокімі вачыма. - Я сапраўды Марыя. Шкода толькі, што не тая. Я артыстка Марыя Якубовіч. Вы рэдка бываеце ў тэатры?
- Дык вось дзе я мог вас бачыць! Я толькі ніяк не думаў, што вы тут.
- О, справа простая. Няўжо вы не чулі, што Чарада напісаў новую гістарычную п'есу?
- Баюся, што я апошні год быў надта заняты сваімі справамі. Чуў нешта такое. Назва, здаецца, "Краiна палае"?
- Так, з часоў пасля паўстання Вашчылы. Цудоўная рэч! Вы колькі тут ужо?
- Амаль тры месяцы.
- Ну дык вы тады i ведаць не можаце. Вырашылі круціць па п'есе фільм. А там палова сцэн тут, ля балтыйскіх берагоў, куды ўцякае герой. Ён вязе морам зброю.... Простыя людзі дапамагаюць яму. Пасля ён знікае на доўгі час. Нявесту яго прымушаюць выйсці за другога, і яна выпівае атруту. Вось гэтую сцэну вы і чулі выпадкова.
- Чакайце, няўжо сцэнарый у вершах?
- Што вы. П'есу пакуль што не ўзяліся ставіць. Але я маю звычай чытаць усё, што датычыцца героя. Дакументы, успаміны, іншыя творы пра яго. Ну i ролю гэтую цалкам вывучыла. Так мне лягчэй. Да таго ж, я думаю, што пасля таго як фільм выйдзе на экраны, п'есу будзе ставіць наш тэатр. Спахопіцца...
- Я думаю, што гэта будзе здорава, - шчыра сказаў Касачэўскі. - Роля ў вашых магчымасцях. Добрая будзе штука.
І калі яна раптам глянула на яго падазрона, ён шчыра разрагатаўся.
- А я... а я, дурань, ледзь не паверыў немажліваму. Чорт яго ведае, думаю, калі лісты перадаюць з "Лятучага Галандца", калi захаваўся гэты дом ля старой вежы, - чаму, думаю, не жыць у ім ценю былога, які пражыў тры стагоддзі i якраз збіраецца атруціцца.
Яна глянула на яго сур'ёзна:
- Не трэба смяяцца з гэтага. Каб я не бачыла, што вы на хвіліну ўсур'ёз паверылі, я адразу выгнала б вас за дзверы. Можа, вы i не такі чалавек, але за гэтую хвіліну вам многае даруецца.
- Ваша праўда, - пасур'ёзнеў Лявон. - Але ж гэты карабель...
- І гэта проста, вельмі проста. Калі ехалі сюды, многа гаварылі пра тое, што патрэбен карабель. Напэўна адшукалі недзе старую пасудзіну, адрамантавалі, падгрыміравалі пад старажытнасць - i вось яно ўсё i адбылося.
Лявон пасуравеў:
- Дык, значыцца, гэта ўсё нечы жарт. Дурны жарт, няварты сапраўднага чалавека. Я, вядома, не верыў, але ўсё ж...
- Але ўсё ж у глыбіні душы вашай жыла вера. І гэта добра.