Нехта войкнуў.
— Што? — уся падаўшыся ўперад, спытала Мар'яна.
— Жыццё дрэнна ведаеце, археолагі, - зларадна сказаў Міхал, — каб ведалі добра, дык не давялося б вам думаць, ад якой бочкі гэты шпунт.
— Не здзекуйцеся, — сказала яна. — Для нас вельмі важна. Што гэта?
— Я ж і кажу: "шпунт". Праўдзівей, дзіцячая цацка. Дзеці і цяпер ёю гуляюць. У некаторых вельмі глухіх вёсках Палесся. Бяруцца тры бутэлькі з гарбуза. У адной дзірка круглая, у другой — квадратная, у трэ-
цяй — крыжападобная. І трэба зрабіць для ўсіх адзін шпунт, каб праз яго можна было напіцца з бутэлькі. І тады робіцца такая вось фігура.
— Ну добра, — сказаў Лёвачка, — ну квадрат, ну круг. Але дзе ж тут крыж? Нешта я не разумею.
— Галава яшчэ спатрэбіцца, калі акадэмікам будзеш. Кінь, Лёва, — сказаў Міхал.
І павярнуў прадмет так, што відны былі толькі бакі плоскасцяў.
— Вось табе і крыж. І дзірка, праз якую напіцца можна.
— Ч-чорт, як гэта я не здагадаўся, — пачухаў патыліцу Лёва.
— А дзеці палескія здагадаюцца. Ды і ў старажытным Кіеве, відаць, здагадваліся. Прагрэс.
— Апошні ўдар, — адмеціў нехта і задаволена зарагатаў.
Лёвачка схіліў галаву да пляча.
— Ну хлопцы, ну хлопцы, ну Міхал! Гэта ўжо забаронена: ляжачага не б'юць.
Агульны рогат заглушыў яго словы.
А яна глядзела на Міхала здзіўленымі і сур'ёзнымі вачыма.
— Каб вы толькі ведалі, Міхал, якую вы важную справу зрабілі.
— Глупства, — сказаў ён, — проста гэтыя палескія дагэтуль не далі ніводнага археолага.
— Як ваша прозвішча?
— Дарскі.
— А што, — ціха сказала яна, — "цацка Дарскага". Нядрэнна гучыць. І дадала: — Знойдзены дзве шыферныя прасніцы, каралі-"лімонкі" і адна "цацка Дарскага". Не, Міхал, вы ўсё ж малайчына. Гэта нас бог звёў.