Рыбак прыпыніўся, прычакаў яго, і ад гэтай кароценькай увагі і пытання, на якое неабавязкова было і адказваць, у Сотнікава на момант пацяплела ў душы. Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца з напарніка ў абузу, і найбольш асцерагаўся менавіта таго, хоць і ведаў, што, калі здарыцца найгоршае — выйсце для сябе знойдзе сам, не абцяжарыць нікога. Нават і Рыбака, на якога, здаецца, можна было спадзявацца. Пасля нядаўняга пераходу шашы, калі ім давялося прыкрыць рэшткі іх групы, яны неяк паволі зблізіліся і ўсе апошнія цяжкія дні трымаліся разам. Мусіць, таму разам трапілі і на гэта заданне.
— Вось цераз нізінку пратопаем, а там за ляском вёска. Недалёка ўжо, — зноў падбадзёрыў Рыбак, стоячы да яго бокам, — чакаў, каб пайсці поплеч.
Сотнікаў дагнаў яго, і яны разам пайшлі па схіле ўніз. Снег тут стаў рыхлейшы, чым на бугры, ногі часцей бухалі, ламалі цвёрды пласт; маладзічок цяпер блішчаў за іх спінамі. Вецер разгоніста гойсаў у пустым полі, матляў поламі шыняля, сцёбаў па абмёрзлых заснежаных бурках Сотнікава. Рыбак зблізку неяк уважліва паглядзеў на сябра.
— У арміі кім быў? Мабыць, не радавым, га?
— Не, не радавым. Камбатам.
— У пяхоце?
— У артылерыі.
— Мусіць, мала хадзіў? А я, брат, у пяхоце ўсю дарогу топаю.
— І далёка пратопаў? — запытаў Сотнікаў, успамінаючы сваё адступленне на ўсход.
Але Рыбак зразумеў гэта інакш.
— Ды во, як бачыш. Ад старшыны да радавога дайшоў. А ты, мабыць, кадравы?
— Не, не кадравы. Да трыццаць дзевятага настаўнікам рабіў.
— Інстытут скончыў?
— Настаўніцкі. Двухгадовы.
— А я вось пяць класаў. І то хоць бы…
Ён не дагаварыў — раптам праваліўся абедзвюма нагамі, нягучна вылаяўся, узяў трохі ўбок. Тут пачынаўся хмызнячок, лазняк, снег стаў рыхлы і амаль ужо не трымаў наверсе; пад нагамі, здаецца, было балота. Сотнікаў нерашуча спыніўся, не знаючы, куды ступіць.
— А ты за мной. Па маіх слядах трымай. Тут нямнога ўжо, — сказаў зводдаль Рыбак і, ямчэй паддаўшы на плячы вінтоўку, даволі рашуча зашыбаваў праз хмызняк, разграбаючы ботамі снег.
Сотнікаў пахіснуўся, не трапіўшы ў ягоны след, але таксама палез у кустоўе.
Некалькі хвілін яны прадзіраліся так у хмызняку; збоч са снегу тырчала сухое трысцё, якое ціха і нудна шархацела на ветры. Неўпрыкмет перайшлі замёрзлую, засыпаную снегам рачулку і зноў пайшлі поплавам, грузнучы нагамі ў рыхлым глыбокім снезе. Сотнікава апаноўвала санліва-знямоглая абыякавасць да ўсяго на свеце. Толькі намаганнем волі ён прымушаў сябе ісці, не спыніцца і не ўпасці — у вушах са звонам гудзела — ад ветру ці, можа, ад стомы.
Урэшце яны выбраліся з кустоўя, але наперадзе іх чакаў пагорак, і на яго шырокім некрутым схіле Сотнікаву стала і зусім кепска: млелі ногі. Добра, што снег тут памялеў, а сям-там яго і зусім не было, пад падэшвамі мулялі пыльныя цёмныя плешыны. Рыбак далёка выскачыў наперад і доўга шыбаваў па касагоры, мусіць, каб выбрацца на хрыбціну пагорка і агледзецца. Але, яшчэ не ўзабраўшыся на яго, ён спыніўся. Сотнікаў падумаў, што той нешта ўбачыў — мусіць, недалёка ўжо была вёска. Снегавы пагорак, над якім вісела прысмужанае зорнае неба, крута задзіраўся ўгору і знікаў у туманным змроку. Ззаду ж шырока разлеглася шэрая роўнядзь поплаву — з кустоўем, нейкімі невыразнымі плямамі, няпэўнымі ў змроку расплывістымі ценямі, а яшчэ далей, амаль не праглядваючыся, цьмеў дзесьці лес, з якога яны ішлі. Ён быў далёка, той лес, а наўкола стыла на марозе чыстае поле — калі што, тут падмогі ніадкуль не будзе.
Рыбак усё чакаў, і Сотнікаў з гарачнаю задышлівасцю дашкандыбаў да яго, ужо не пільнуючыся следу, — ступаў абы-куды, толькі б не ўпасці. І тады, падышоўшы, згледзеў: Рыбак стаяў на дарозе.
Яны не сказалі адзін аднаму нічога, толькі ўслухаліся, паўзіраліся і памалу пайшлі ўгору — адзін па правай, а другі па левай каляіне. Дарога, напэўна, вяла ў вёску, значыць — яшчэ можа пашчасціць дапнуцца да яе, не зваліцца ў хадзе, думаў Сотнікаў, і тады ўжо будзе відаць, як і што рабіць далей.