СЬЦЯПАН: Ды яшчэ які. Гаворку разьвёў - а як, а што...
МАРЫЛЯ: Ды дзецям тут надаваў (Да Тані). Пахваліся-ж, Таня, што табе даў?
ТАНЯ: Нічога такога важнага, істужку.
ВАСІЛЬ: А мне bubble gum(1) даў, мама!
МАРЫЛЯ: Ды прасіў-жа, каб да яго ў краму ўсё купляць прыходзілі...
МІКОЛА: Гэта-ж само сабой ясна...
СЬЦЯПАН: Дык яно, казаў той, Канада харошая і багатая, але мы тут яе надта яшчэ ня бачылі. Дый што, казаў той, усё-ўсёсенька чужое: і мова, і людзі, і жыцьцё...
ЯНКА: А дзе-ж вы ў Нямеччыне былі?
СЬЦЯПАН: У гэты-жа, у Ватэнштэцкім беларускім лягеры былі. Крышку там на працу хадзіў, дзеці ў школах вучыліся-ж сваіх, дачка ў гімназію хадзіла. Усяляк было, і добра, і блага. Надакучыла-ж было ўжо тое лягернае жыцьцё й думалі, што як пераедзем сюды дык хоць сьвет пераменіцца, ажно ізноў лягер... І так вось надакучыла, тры месяцы ўжо бяз працы сядзім. Каб дзе хаця далярку якога падзарабіць...
ЯНКА: Чакайце, маеце яшчэ час. Кормяць-жа хіба вас тут нядрэнна?
СЬЦЯПАН: Яно-ж так, есьці ўволю, казаў той, кішка поўная. Але як кажуць, пад ляжачую калоду й вада не цячэ, а мы-ж не калоды... Дык ужо й прышлося вас прасіць. Свая-ж, думаем, арганізацыя, можа дапаможа...
МІКОЛА: Добра вы й зрабілі, толькі раней трэба было. Арганізацыя на тое і ёсьць, каб памагала. Ну на фарме вам працы будзе ўволю. Аджывеце й заробіце.
МАРЫЛЯ: Ну а як-жа тая фарма, калі можна спытаць?
ЯНКА (да Міколы): Ты выйдзі, браток, пабач, ці фармар ня прыехаў, ды можа ня ведае, дзе шукаць нас.
МІКОЛА: Окэй (вылазіць з-за стала й выходзіць). Прабачце, калі ласка.
ЗЬЯВА 3-я
Тыя-ж бязь Міколы.ЯНКА: Фарма ў яго даволі вялікая, дзьвесьце акраў зямлі й большасьць ворнай.
СЬЦЯПАН: Як тыя акры на нашыя гактары палічыўшы?
ЯНКА: Каля двух з паловай акраў на адзін гактар. Добра фарма дагледжаная і поўна ўсякіх машынаў. Рукамі мала чаго й робіцца. Кароў штук трыццаць, усе машынамі дояцца. Гадуе курэй, сьвіней, шмат зямлі засеена сенам, косіцца таксама машынай.
Агульна сказаць вам, фарма добрая й сам чалавек ён някепскі. Мы знаем яго ўжо даўно й думаем, што працаваць цяжка ў яго ня будзеце...
СЬЦЯПАН: Вось яно як, усё, казаў той, машынамі. Ну а колькі-ж ён плаціць будзе?
ЯНКА: Мае для вас асобную хату, дзе жыць будзеце. Дасьць вам поўнае ўтрыманьне і яшчэ на месяц 60 даляраў...