Акула Кастусь - Усякая ўсячына стр 4.

Шрифт
Фон

ГОЛАС ВАСІЛЯ ( за дзьвярмі): Мама! Мама! Нейкія людзі ў нас ёсьць!

ГОЛАС МАРЫЛІ: Можа гэта і ёсьцека тыя Беларусы...

ГОЛАС СЬЦЯПАНА: Адкуль-жа яны? Ці-ж-бы мы іх ня ўбачылі?

ЗЬЯВА 2-я
Тыя-ж, Сьцяпан, Марыля, Таня й Васіль.

Уваходзіць Сьцяпан, за ім Марыля, Таня й Васіль. Усе сьціпла апрануты. Васіль адразу сьпяшыць у кут і разглядае свае кніжкі, часта спадылба пазіраючы на прысутных. Увайшоўшыя з запытаньнем пазіраюць на Янку й Міколу.

ЯНКА: Прабачце, здаецца мы добра трапілі... Гэта вы будзеце Пінкевічы?

СЬЦЯПАН: Так, Пінкевічы ўсе чатыры. А то вы з Таронта?

МІКОЛА: Так мы з Таронта, ад Беларускай Касы Самапомачы. Дазвольце тады пазнаёміцца: гэта - Янка Жыхар - старшыня, а я - Мікола Корч - сакратар.

СЬЦЯПАН: Во тут мая, казаў той, уся сям'я: жонка Марыля й дзеці - Таня й Васіль. (Вітаюцца.)

СЬЦЯПАН (да Васіля): Устань-жа ты прывітайся. Нацягаў, казаў той, цэлую кучу гэтых кніжак...

ЯНКА: Добра, што любіць кніжкі... А што гэта? О, "комікі"! Ну з гэтага пацехі мець ня будзеце.

МІКОЛА: Але-ж і прыгожую дачку маеце. Ну, нуу... Колькі-ж ёй год?

МАРЫЛЯ: Ды ўжо, дзякуй Бпгу, шаснаццаты пайшоў.

ТАНЯ (сарамяжліва, чырванеючыся): Мама, мне ўжо шаснаццаць скончылася.

МАРЫЛЯ: Ну няхай сабе скончылася. Ды ўжо-ж дзеўка, дзякуй Богу. (Да хлапцоў): Але-ж садзецеся ў нас, садзецеся.

ЯНКА: Я-ж тут і гасьцінец нейкі маю (Вымае пачку цукерак зь кішэні й стараецца даць Васілю. Той не бярэ, на бацькоў паглядаючы).

МАРЫЛЯ (да Васіля): Ну бяры-ж ужо, калі дзядзька даець. (Янка частуе й Таню і кладзе рэшту на стол).

СЬЦЯПАН: Магу спытаць, як гэта самі сюды прыехалі, што мы й ня бачылі?

ЯНКА: Аўтабусам прыехалі, ды ад дарогі пехатой прыйшлі. А як-жа вы маглі нас бачыць?

СЬЦЯПАН: Дык мы-ж, казаў той, каля лягернай брамы чакалі, ды ўжо й надакучыла. Баба кажа, што пэўна-ж аўтамабілем прыедуць. Ажно чакаем, глядзім і глядзім, ды нідзе таго аўтамабіля й ня відаць...

ЯНКА: А дзе-ж яго ўзяць той аўтамабіль?

МАРЫЛЯ: Дык вы так доўга ў гэтай Канадзе і яшчэ не нажылі аўтамабіля?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке