На перапынку хлопцы сабраліся разам не згаварваючыся. Загаварыў першым Генадзь:
— Я сёння першы зайшоў у класны пакой. Дык вось, пад словамі віншавання на дошцы быў надпіс — “РОЗ”. Гэта нам усім ёмкая аплявуха, — заключыў ён.
— Чаму? Можа, добры ўрок? — заўважыў Грышка. — І подпіс ты выцер ад сораму?
— Ты надакучыў са сваёй філасофіяй! — агрызнуўся Генадзь.
Зашыкалі і астатнія.
— Вось што. Зараз ужо справа нашага гонару знайсці гэты ордэн. Так што лепей прызнайцеся цяпер, калі гэта хто з нас.
— І гэтым зменшыце сваё пакаранне, — дадаў пагрозліва Косця. — Мяне гэта закранула. Калі так рабіць, то можна было б і з астатнімі дамовіцца. Хіба тут усе скнары?
— Чакайце, чакайце, — Юрась, чалавек практычны, падняў руку ўгару. — А адкуль кветкі?
Разгублена замаўчалі. І на самай справе — адкуль?
— З гораду, больш ніадкуль.
— На базары адна кветка колькі каштуе! А тут больш сотні. Хто ў нас гэткі багаты?
— І зноў чакайце, — прадоўжыў Юрась сваю думку. — Няхай і так. Гэта першая версія. Праверым. Аўтобус адзін раз на дзень ходзіць. Незаўважна больш сотні кветак не правязеш. Мая цётка ўчора на рынак ездзіла, спытаю.
— Чаму ўчора? А як раней?
— Кветкі вельмі свежыя. Цяпер другое: кветкі выраслі тут, у нас.
— Дзе?
— Ды хоць у хаце! Ім абы цяпло і святло. І, гледзячы на кветкі, я так і мяркую. Трошкі яны хілаватыя.
— Значыцца, гэта вы?! — павярнуўся раптоўна да братоў блізнят, Валодзькі і Андрэя, Косця. — Вы ж у нас у гуртку батанічкі, бы бабулькі ў зямельцы корпаецеся. Гэта вы!
— Ты што, звар’яцеў?
— Не слухаць іх! Яны!
— Стой усе! — скамандаваў Генадзь. — З іх вачэй не спускаць, пасля заняткаў пойдзем да іх дадому. Цяпліцу не схаваеш.
— З батанічкай пагаварыць! Каму яна гэтулькі клубняў давала?
— Паспеем, — выскачыў аднекуль успацелы, вёрткі Лёшка. — Я размаўляў з дзядзькам Рыгорам. Ён сёння вартаваў, зараз качагарыць унізе.