Франц Кафка - Прысуд стр 9.

Шрифт
Фон

Трамвай набліжаецца да прыпынку, нейкая дзяўчына становіцца каля самых прыступак, гатовая выходзіць. Мне яна бачыцца гэтак выразна, нібыта я да яе дакранаюся. Яна ў чорным убранні, фалды спадніцы амаль не рухаюцца, блузка шчыльна аблягае цела; у яе карункавы белы каўнер з дробнымі вочкамі; яе далонь ляжыць плазам, моцна прыціснутая да сцяны вагона; парасон, які яна трымае ў правай руцэ, упіраецца канцом у другую, калі лічыць зверху, прыступку. У яе смуглявы твар, нос, крыху прыплюснуты з бакоў, расшыраецца і закругляецца ўнізе. Дзяўчына мае цёмныя рудаватыя валасы; над правай скроняй віюцца дробныя валаскі. Яе маленькае вуха цесна прылягае да галавы, а паколькі я стаю блізка ад яе, мне відзён увесь адваротны бок правага вуха і цень каля яго пачатку.

Тады я спытаўся ў сябе: як гэта адбываецца, што яна не дзівіцца сама сабе, што ў яе закрыты рот і яна нічога падобнага не кажа?

Часцяком, калі бачу я сукенкі з рознымі зборкамі, фальбонкамі і падвескамі, сукенкі, што прыгожа кладуцца на зграбнае цела,— тады думаецца мне, што яны недаўгавечныя; хутка яны памнуцца, і гладкімі іх ужо ніяк не зробіш; што ў аздобныя зборкі тоўстым слоем наб'ецца пыл, які немагчыма будзе выскрабці, і што нікому не захочацца быць такім сумным і смешным, каб штодня з раніцы ўсцягваць на сябе, а ўвечары знімаць адну і тую ж дарагую сукенку.

Але я ўсё бачу дзяўчат, прыгожых, прывабных сваімі формамі і гладкаю скурай, гушчынёю тонкіх валасоў,— тых, што дзень пры дні выходзяць на людзі, схаваныя пад гэтай сапраўднай маскіроўкаю, адзін і той жа твар аддаюць у тыя самыя далоні, дазваляючы яму адбівацца ў іхнім люстэрку.

I толькі зрэдзьчас, позна ўвечары, вярнуўшыся з чарговага балю, яны заўважаюць яго ў люстэрку — паабношаным, нядобра набрынялым, усімі разгледжаным — гэткім, які мець болей амаль немажліва.

1903/04(?)

Калі я сустракаю прыгожую дзяўчыну і прашу яе: «Зрабі мне такую ласку — хадзі са мною»,— а яна моўчкі праходзіць міма, дык гэтым яна дае мне зразумець:

«Ты не князь з вядомым імем і не плячысты амерыканец з індзейскаю постаццю са спакойным роўным паглядам, скураю, выгладжанай паветрам мурожных пляцовак і рэк, што іх амываюць; ты не выпраўляўся ў падарожжы да вялікіх мораў, якіх не ведаю, дзе трэба шукаць, і па гэтых морах. А таму, прабач, але чаму я, прыгожая дзяўчына, павінна з Табою ісці?»

«Ты забываешся, што не едзеш у лімузіне, раз-пораз калываючыся на вулічных калдобінах; я не бачу ўціснутых у свае гарнітуры паноў з Тваёй світы, што ішлі б паўколам за Табою, шэпчучы словы захаплення; Твае грудзі добра падтрымліваюцца станікам, але Твае стройныя ногі і сцёгны шукаюць сабе адшкадавання за тую стрыманасць; на Табе тафтовая сукенка з плісіраванымі фалдамі, паводле моды, якая радавала нас леташняй восенню,— і Ты ўсё-такі ўсміхаешся, маючы на сабе гэтыя небяспечныя для жыцця строі».

«Напраўду, мы абое маем рацыю, і, каб сабе гэтага цалкам не ўсвядоміць, няхай кожны з нас пойдзе дадому паасобку».

1906(?)

Калі добра паразважаць, нішто не здолее спакусіць нас на тое, каб быць першымі ў спаборніцтвах на іпадроме.

Слава першага вершніка краіны, асабліва калі ў наш гонар загрыміць аркестр, цешыць занадта моцна, каб назаўтра мы не маглі адчуць смутку ды раскаяння.

Зайздрасць супернікаў, падступных і досыць уплывовых людзей, будзе рабіць нам балюча ў гэтым вузкім жывым калідоры, праз які нам давядзецца праскакаць на конях, калі яшчэ за хвіліну перад тым гэтая роўнядзь была пустая, не лічачы некалькіх абагнаных на круг вершнікаў, што, амаль невідочныя, імчалі за далягляд.

Шмат хто з нашых сяброў спяшаецца атрымаць выйгрыш і адно цераз плячо крычыць нам ад кас таталізатара, што знаходзяцца досыць далёка ад нас: «Віват!»; але самыя лепшыя сябры зусім не рабілі стаўку на нашага каня, з тае прычыны, што баяліся раззлавацца на нас у выпадку, калі мы прайграем; ды цяпер, калі наш конь выйграў, а яны не выйгралі нічога, усе яны адварочваюцца ад нас, калі мы праходзім побач, і з куды большай ахвотай глядзяць у бок трыбун.

Канкурэнты, што ззаду за намі, моцна трымаючыся ў сядле, спрабуюць не зважаць на тое няшчасце, якое іх напаткала, ды на тую крыўду, што ім прычынена; яны робяць бадзёры выгляд, нібыта збіраючыся нанова распачаць спаборніцтва — цяпер сур'ёзнае, у адрозненне ад тае дзіцячае забавы.

Шмат якім шляхетным кабетам пераможца здаецца смешнаватым, бо ён, увесь час важна надзімаючыся, усё-такі не ведае, што рабіць з пастаяннымі поціскамі рук, салютаваннямі, паклонамі ды вітаннямі на адлегласці, калі, у той самы час, пераможаныя не раскрываюць ратоў і, як бы мімаходзь, паляпваюць па конскіх шыях, а коні няспынна пры гэтым гігочуць.

Нарэшце з нябёсаў, што раптоўна пазацягваліся хмарамі, пачынае ісці дождж.

1910(?)

Хто жыве самотна і ўсё ж хацеў бы калі-нікалі прыткнуцца недзе, хто, зважаючы на змену дзён і начэй, надвор'я, дачыненняў на службе і гэтак далей, хто вельмі жадае мець любую, якую хочаш, руку, на якую б можна было абаперціся,— той не здолее доўга абыходзіцца без акна ў завулак. I калі ў яго ўсё ідзе так, што ён анічога не шукае, а толькі стомлена, пераводзячы вочы з неба на людзей, то ўгору, то долу, падыходзіць да падаконня, не хочучы ісці, упіраючыся, адхіляючы галаву назад, тады коні, што там, унізе, ірвуць з месца, цягнучы яго за сабою, у тлум павозак і грукату, і гэтак, урэшце, да людскога хаўрусу.

1906(?)

Каб зрабіцца індзейцам канчаткова і праскакаць па зямлі, якая скача, у паветры нахіліўшыся ўбок,— аж пакуль не адпусціш шпоры, бо шпораў няма; аж пакуль не выкінеш павадок, бо павадка няма,— і тады ўбачыш зямлю з роўна пастрыжанай травою, убачыш проста перад сабой, ужо без конскай шыі і галавы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги