Франц Кафка - Прысуд стр 5.

Шрифт
Фон

Былі, аднак, моманты, калі нож ва ўласным целе ўяўляўся Кафку старадаўнім рыцарскім мячом, загнаным у скуру такім чынам, каб не спрычыняць болю; гэтая метафара, занатаваная ў «Дзённіках», абазначае, на наш погляд, тыя павароты творчасці, калі чысты боль змяняецца чыстай экспрэсіяй. Эстэтыка халоднага назірання, празрысты, даведзены да моўнай дасканаласці стыль характэрныя для пазнейшага Кафкі. У гэты час з’яўляюцца ягоныя халаднаватыя, крыху іранічныя эсэ («Маўчанне сірэн», «Праметэй», «Праўда пра Санча Пансу» ды інш.). У такой манеры пазней плённа працаваў славуты аргенцінец Хорхе Луіс Борхес.

I ў чыста «разумовых» і ў эмацыянальных сваіх рэчах Кафка заставаўся самім сабой — цэласным, адметным майстрам, у свядомасці якога жыццё і літаратура існавалі не асобна, не поруч, а як непарыўнае адзінства. Такім чынам, недарэчна было б цвердзіць следам за некаторымі крытыкамі, што свайму новаму нараджэнню — ператварэнню — Кафка абавязаны адно руплівасці Макса Брода і мастацкай сіле толькі тых твораў, што друкаваліся пасля смерці пісьменніка. Цэласнасць гэтага свету даводзіць і гэтае, першае выданне Кафкі па-беларуску, для якога ўкладальнік і перакладчык Лявон Баршчэўскі адабраў пераважна творы, выдадзеныя Кафкам яшчэ пры жыцці. Думаецца, дойдзе час і да публікацыі ў беларускай мове такіх буйных памерамі рэчаў, як «Працэс» або «Замак».

Тое, што адбываецца з творчай асобай Кафкі ў сённяшнім літаратурным кантэксце, таксама ёсць ператварэнне, але яно закранае перадусім нас, ягоных цяперашніх чытачоў. Ператвараецца нашае ўспрыняцце майстра, загнанага тэндэнцыйнай, афіцыёзнай крытыкай у шэрагі «апалагетаў буржуазіі», «заражаных песімізмам і пафасам разбурэння».

У амерыканскага фантаста Рэя Брэдберы ёсць навела, якая з яўляецца адметнай рэмінісцэнцыяй «Ператварэння». У гэтым творы чалавек таксама, як і Замза, абрастае хіцінавым панцырам, змяняецца ў кукалку. Навакольныя з жахам чакаюць наступстваў. Але ператвораны перахітрыў усіх. Па выхадзе з бездапаможнага стану, які ўсе палічылі незвычайнай хваробай, ператвораны чалавек набывае вялікія, бы ў матыля, крылы, і адлятае — Бог ведае куды.

У кантэксце гэтае рэчы сама таямніца Кафкавага духу выглядае больш светлай, узвышанай. З інакшым пачуццём мы будзем разглядаць сляды ягонага ператварэння — тое, што некаму магло падацца змярцвелым прахам, адкінутым панцырам, аскепкамі існавання.

Гэтыя пыл і друз выглядаюць інакш, бо асветленыя промнем Першаслова — хай сабе і безліч разоў адбітым, мігатлівым, трывожным.

Пятро Васючэнка

Я чуў, як за парканам саду праязджаюць вазы, часам таксама бачыў іх праз адтуліны, што з'яўляліся ў рухомым лісці. Як рыпелі ў гэтай летняй спякоце драўляныя дышлі і спіцы ў колах! Работнікі вярталіся з палёў і бессаромна смяяліся.

Я сядзеў на малой гойданцы, адпачываючы якраз паміж дрэваў у садзе маіх бацькоў.

Шум за парканам не сціхаў. Дзеці вокамгненна прабягалі паўз мяне; наладаваныя сабраным збожжам вазы з мужчынамі і жанчынамі, што паўсядаліся на снапах, а наўкола ўсё цямнейшымі і цямнейшымі рабіліся кветнікі; пад вечар я ўбачыў нейкага спадара, што павольна прагульваўся з кійком; а дзве дзяўчыны, якія, узяўшыся пад рукі, ішлі яму насустрач, павіталіся з ім і сышлі на прыдарожную траву.

Тут, нібы іскры, порстка ўзляцелі птушкі; я праводзіў іх позіркам; бачыў, як яны на адным дыханні падымаліся ў неба, аж пакуль мне ўжо не было цяжка паверыць, што гэта не я сам падаю долу, а яны падымаюцца; трымаючыся за вяроўкі яшчэ мацней, з-за сваёй бездапаможнасці я пачаў крыху разгойдвацца. Праз пэўны час, калі павевы ветру зрабіліся халаднейшыя і замест птушак, што ляцелі пад небам, паявіліся дрыготкія зоркі, я пачаў гайдацца яшчэ мацней.

Вячэру мне падалі са свечкамі. Раз-пораз я абапіраўся абодвума локцямі аб драўляную пліту стала і, ужо змораны, кусаў хлеб з маслам. Лёгкія, ажурныя фіранкі ўздымаліся на цеплаватым ветры, і нехта часам, праходзячы каля акна, прытрымліваў іх рукою, калі яму хацелася лепей мяне ўбачыць і паразмаўляць са мной. Амаль тут жа гасла свечка і ў цьмяным яе дыме яшчэ нейкі час мітусілася грамадка мух. Калі хтосьці праз акно пра нешта ў мяне пытаўся, я глядзеў на яго, нібы мой позірк быў скіраваны на вяршыні гор альбо ў пустое паветра, і ён таксама не надта чакаў майго адказу.

А калі потым нехта яшчэ пераскочыў цераз падаконне і паведаміў мне, што іншыя ўжо сабраліся перад домам, я ўстаў з месца, натуральна, пры гэтым уздыхнуўшы.

«Не, ну чаму ты так уздыхаеш? Што сталася? Ці гэта нейкае непапраўнае няшчасце? Ці мы з яго ўжо ніколі не выберамся? Ці ўжо сапраўды ўсё страчана?»

Нічога страчана не было. Мы выбеглі з дому.

«Ну, нарэшце, дзякуй Богу, вы тут!» — «Натуральна, ты заўсёды познішся!» — «Што, зноў менавіта я?» — «Менавіта ты; заставайся дома, калі не хочаш з намі».— «Толькі не трэба гэтай ласкі!» — «Што? Не трэба ласкі? Што ты такое гаворыш?»

Мы праціналі галовамі цемру. Не было ўжо ні дня, ні начы. Часам гузікі нашых камізэлек, шоргаючы адзін аб адзін, скрыгаталі, нібы зубы; часам мы беглі на аднолькавай адлегласці адно ад аднаго, дыхаючы агнём, як тыя звяры ў трапічных краінах. Быццам кірасіры з даўніх войнаў, тупаючы і высока падымаючы ногі, мы паляцелі, адно перад адным, кароткай вулачкай уніз і з таго самага разгону — зноў дарогаю ўгору. Некаторыя сышлі ў прыдарожную канаву і, ледзьве знікнуўшы за цемнаватым адхонам, стаялі, ужо як чужыя людзі, на палявой дарозе і паглядалі ўніз.

«Сыходзьце сюды, уніз!» — «Найперш вы падыміцеся ўгару!» — «Каб вы нас паскідалі — да таго мы не дадумаемся; у галаве яшчэ нешта ёсць».— «Вы хацелі сказаць, што вы баязліўцы. Сыходзьце, ну, сыходзьце ж!» — «Праўда? Да вас? Якраз вы нас і скінеце? Ну, якія ж вы!»

Мы пайшлі ў атаку, нас спіхнулі, і мы ляглі ў траве прыдарожнай канавы — хто ўпаў, хто залёг сам. Усё было раўнамерна цёплае: і мы не адчувалі ў траве ані цяпла, ані холаду; толькі змарыліся.

Калі я паварочваўся на правы бок, падсоўваў пад вуха руку, дык вельмі хацелася заснуць. Праўда, задраўшы ўгору падбародак, яшчэ хацелася прыўзняцца, каб, аднак, абавязкова зваліцца ў яшчэ глыбейшую канаву. Потым з выстаўленай сагнутай рукой, з нагамі, наўскос раскінутымі ветрам, хацелася кінуцца насустрач паветру і зноў зваліцца ў яшчэ глыбейшую канаву. I так без канца.

А як па-сапраўднаму выцягнуцца, асабліва выпрастаць калені, у апошняй канаве,— пра гэта амаль не думалася, і ты ляжаў, ужо ледзьве не плачучы, на спіне, нібы хворы. Ты толькі міргаў, калі здаралася, што нейкі хлапчук, прыціснуўшы локці да сцёгнаў, пераскокваў сваімі цёмнымі падэшвамі цераз насып па-над намі проста на дарогу.

Месяц стаяў ужо досыць высока на небе, у ягоным святле каля нас праехала паштовая карэта. Навокал павяваў лёгкі вецер: ён адчуваўся нават у канаве; а паблізу зашумеў лес. Тут ужо не было вялікай цягі да таго, каб заставацца самотным.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги