Гэта прастора з шматлікімі калідорамі, галерэямі і сходамі, што вядуць у тупік або нікуды. Тое ж і з вулкамі, дарогамі, што могуць неспадзявана крута ўзняцца ўгару, могуць гадзінамі весці падарожнага да блізкае, здавалася, мэты, а ўрэшце яшчэ больш аддаліць ад яе. Гэтыя дарогі-вулкі робяць бессэнсоўным, невытлумачальным усялякі рух:
«Калі мы ўначы прагульваемся па вуліцы і ў наш бок бяжыць нейкі чалавек, відочны ўжо здалёк, бо вуліца перад намі ідзе ўгару, а ў небе поўня, мы не будзем спрабаваць яго схапіць, нават калі ён слабы і ўвесь у рызманах, нават калі за ім, галекаючы, бяжыць нехта яшчэ, а дазволім яму бесперашкодна бегчы далей.
Бо цяпер ноч, і не з нашае віны вуліца ў ззянні поўні ідзе перад намі ўгару; ну і, апроч таго, мажліва, што абодва гэтыя чалавекі ганяюцца адзін за адным дзеля сваёй забавы; а можа, абодва яны гоняцца за некім трэцім; мажліва, што за першым гоняцца, а ён і не вінаваты; мажліва, што другі хоча забіць першага — і тады мы зробімся саўдзельнікамі злачынства; мажліва таксама, што гэтыя двое нічога адзін пра аднаго і не ведаюць і кожны бяжыць сам сабе, каб адно хутчэй дабрацца да свайго ложка; а можа, гэта лунацікі; можа, той першы — узброены.
А ўрэшце, ці не маем мы права адчуваць стому, ці не выпілі мы шмат віна? Нам усцешна, што ўжо і той другі чалавек знік з нашых вачэй» («Прабяганне людзей»).
Кватэры, падобныя на турмы, судовыя памяшканні, падобныя на кватэры, ні на што не падобныя саборы і замкі, мэбля і хатняе начынне, галоўная функцыя якіх — ускладняць, абцяжарваць людскае жыццё. Нарэшце, самі насельнікі Кафкавага хранатопу — найчасцей чыноўнікі, лекары, юрысты, гандляры, а поруч з імі — гіганцкія жамярыны і краты, вершнікі, што раз'язджаюць на пустых скрынях з-пад вугалю. У гэтым свеце людзі могуць прыпадобніцца мертвым дрэвам у снезе, шакалы — загаманіць чалавечымі галасамі, а жалезабетонны мост — адчуць пакуту і боль.
Гэты свет цяжка ўпадабаць, яшчэ цяжэй навучыцца жыць у ім ці нават звыкнуцца з магчымасцю існавання ў такім свеце. Тым больш уражвае адкрыцце ўласнай спрычыненасці да гэткага існавання, што прыходзіць па прачытанні Кафкавых рэчаў.
Ёсць простае тлумачэнне дзіўнаму, здавалася, жаданню Кафкі — знішчыць уласныя творы, пры ягонай апантанай улюбёнасці ў літаратуру.
Ён сапраўды любіў літаратуру і кнігі — калі гэта былі не ягоныя кнігі.
Ён трапятаў перад Гётэ, сваім літаратурным «бацькам», і не раз, параўноўваючы свае рэчы з ягонымі, падкрэсліваў уласныя літаратурныя нямогласць і дылетантызм. Разам з тым ён употай радаваўся, прыкмеціўшы слабізну ў сваіх літаратурных куміраў.
У дачыненні да сябе «літаратураю» ён лічыў адно працэс тварэння, пісьма, сну-бачання. Да прадукту тварэння — рукапісаў, асабліва кніг — ён ставіўся з нашмат меншай цікавасцю, часта — зусім абыякава, яшчэ часцей — з грэблівасцю. «Чытаючы карэктуру «Прысуду», я выпісваю ўсе сувязі, якія мне сталі зразумелыя ў гэтай гісторыі, наколькі я іх цяпер бачу перад сабой. Гэта неабходна, бо аповед з'явіўся з мяне на свет, як пры сапраўдных народзінах, пакрыты брудам і сліззю, і толькі мая рука можа й хоча пранікнуць у цела...» (з «Дзённікаў»).
Магчыма, нават уласнае выдрукаванае слова рабілася ў ягоных вачах чымсь змярцвелым — як тое няўтульнае быцце, што замінала творчай волі. Як бясформны прах, што застаўся ад чалавека-жамярыны Рыгора Замзы. Варты адно спалення.
Кафка не хацеў пакідаць пасля сябе ланцугі, зробленыя з паперы.
Але зноў нагадаем пра тое, што рукапісы не гараць.
Улюбенасць у літаратуру здольная пераадолець супраціў мертвага, калянага рэчыва. Вернасць Першаслову, Першалітаратуры ёсць сама па сабе эстэтызуючым і гуманізуючым чыннікам, нават у тым выпадку, калі перад намі — пануры, прыгнечаны талент. Гэта даводзіць мастацкі свет Кафкі, дзе ёсць месца хараству, хай сабе й някідкаму, лепш сказаць, нязвыкламу.
Ёсць своеасаблівая прыгажосць нават у Кафкавым краявідзе, дзе не пабачыш ні квітнеючага язміну, ні будынка, дзе можна было б спакойна пражыць хаця б суткі, не пачуеш птушынага спеву. Аднак жа іскра хараства можа запаліцца і ў гэтым свеце — там, дзе менш за ўсё чакаеш. I драма чалавечых пачуццяў — гатоўнасці ахвяраваць сабой, фатальнай асуджанасці на пакуту і гібель — можа расчытацца ў сне-прыпавесці пра жалезабетонную канструкцыю:
«Я быў здранцвелы і халодны; быў мостам. Я вісеў над прорваю. З гэтага боку трымалі ўкручаныя пальцы ног, з другога трымалі рукі; я моцна ўгрызся ў крохкую гліну. Крысы майго сурдута развяваліся па баках. Глыбока ўнізе шумеў ледзяны ручай, поўны стронгаў. Ніводзін турыст не заблукаў на гэтую недаступную вышыню, мост не быў яшчэ пазначаны на карце. Вось гэтак я вісеў і чакаў, мусіў чакаць. Адзін раз пабудаваны мост, калі не абрынецца, не перастае быць мостам.
Аднойчы пад вечар — ці то быў першы, ці тысячны, не ведаю — мае думкі бязладна кружлялі. Летнім надвячоркам, калі шум ручая рабіўся ўсё змрачнейшы, я ўчуў мужчынскія крокі! Да мяне, да мяне. Выцягніся, мосце; будзь гатовая, бэлька без парэнчаў, утрымай таго, каго табе даверылі. Выпраў незаўважна няўпэўненасць яго хады; калі ж ён захістаецца, дай яму пазнаць сябе і, як горны бог, скінь яго на зямлю.
...Я здрыгануўся ад нечаканага болю і нічога не ведаў. Хто гэта быў? Дзіця? Сон? Разбойнік? Самазабойца? Спакуснік? Вынішчальнік? Я адвярнуўся, каб яго ўбачыць. Мост перакульваецца! Не паспеўшы яшчэ адвярнуцца, я ўжо абрынуўся і быў ужо разгублены і насаджаны на вострыя каменьчыкі, што так спакойна ўзіраліся ў мяне з шалена-бурлівай вады» («Мост»).
Ахвярны, пакутуючы пачатак, што процістаіць жорсткаму «бацькоўскаму», у Кафкі звязаны з вобразамі дзяцей. Святло, усмешка, калі яны і пранікаюць зрэдчасу на гэтыя старонкі, дык хіба што ў такіх абразках, як «Разгублены позірк з акна»: «Унізе бачыш святло сонца, якое, напэўна, ужо заходзіць, на твары дзяўчынкі-падлетка, што вунь ідзе і азіраецца; адразу ж бачыш на гэтым твары і цень мужчыны, які ідзе хутка следам. Вось мужчына прайшоў — і твар дзіцяці ўвесь зрабіўся светлы».
Дарослым персанажам таксама даступнае каліва гэтага непадробнага святла — у тым выпадку, калі яны адкасоўваюцца ад мертвага пылу й бруду існавання і здольныя бяздумна бегчы з дзіцячаю чарадою абы-куды, без жаднае мэты, дзеля чыстага руху ды вызвалення праз уцекі: «Мы пабеглі, тулячыся бліжэй адно да аднаго; некаторыя працягвалі іншым рукі; было цяжка нармальна падняць голаў, бо дарога вяла долу. Нехта выгукнуў індзейскі баявы кліч, нашы ногі самі сабой памкнуліся ў галоп, як не было ніколі раней, пры падскоках вецер падымаў нас, абвяваючы сцегны. Нішто не магло б нас затрымаць; мы так разагналіся, што нават, абганяючы адно аднаго, мы маглі скрыжоўваць рукі ў сябе на грудзях і спакойна аглядацца» («Дзеці на дарозе»).
Не кожны дарослы здатны на самавызваленне праз уцекі; самому Кафку такая спакуса здавалася амаль недаступнай. Але і пасіўныя, інертныя ягоныя персанажы выклікаюць шкадобу і сімпатыю — пад час свае дзіцячай разгубленасці, недасведчанасці, з якой яны ўспрымаюць праявы сусветнага дэперсаналізаванага ліха.
Гэты выразны болевы пачатак Кафкавай прозы быў непарыўна звязаны з ягоным унутраным станам, тым пачуццем, з якім ён сядаў тварыць, якое вынасіў у сабе да канца дзен: адчуваннем нажа, які бясконца паварочваецца ў ягоным целе, у ззяючай ране.