«Ну, майму сябру»,— сказаў Георг, шукаючы бацькавых вачэй. «У фірме бацька, аднак, зусім не такі,— падумалася яму,— які ён вось тут сядзіць, разваліўшыся і скрыжаваўшы рукі на грудзях».
«Ага, твайму сябру»,— сказаў бацька з націскам.
«Ты ж ведаеш, бацька, што я напачатку хацеў замаўчаць мае заручыны перад ім. Толькі аберагаючы яго, і з ніякай іншай прычыны. Ты ж сам ведаеш: ён чалавек цяжкі. Я быў сказаў сабе, што ён можа даведацца пра мае заручыны адкуль-небудзь, хоць гэта малапраўдападобна пры яго самотным спосабе жыцця — гэтаму я не магу перашкодзіць,— але ад мяне самога ён ніколі не павінен даведацца пра гэта».
«А цяпер ты стаў думаць зусім інакш?» — спытаў бацька, адклаў вялікую газету на падаконне, а на газету паклаў акуляры, прыкрываючы іх рукою.
«I праўда, цяпер я стаў думаць інакш. Калі ён мой добры сябар, сказаў я сабе, дык мае шчаслівыя заручыны будуць шчасцем і для яго. I таму я болей не марудзіў з тым, каб яму паведаміць. Перш чым, аднак, я ўкіну ліст, хачу табе сказаць пра гэта».
«Георг,— сказаў бацька і шырока раскрыў бяззубы рот,— паслухай, калі ласка! Ты прыйшоў да мяне з нагоды гэтае справы, каб параіцца. Гэта робіць табе гонар, без усялякіх сумненняў. Але гэта нішто, гэта менш, чым нішто,— калі ты мне зараз не скажаш усяе праўды. Я не хачу закранаць спраў, якія сюды не датычацца. З часу смерці нашай дарагой маці здарыліся пэўныя непрыгожыя рэчы. Мажліва, і на іх прыйдзе час — можа, нават раней, чым мы мяркуем. У фірме сёе-тое выпадае з-пад маёй увагі; пэўна, ад мяне нічога і не хаваюць — я не хачу нават дапускаць думкі, што яны могуць нешта хаваць. Я ўжо не такі, як даўней, дужы, пачынае падводзіць памяць; я ўжо не магу сачыць за ўсімі шматлікімі справамі. Гэта, па-першае, абумоўлена прыродаю, а, па-другое, смерць нашай матулі ўдарыла па мне нашмат мацней, чым па табе. Але паколькі мы ўжо спыніліся на гэтай справе, гэтым лісце, дык я прашу цябе, Георг: не падманвай мяне. Гэта драбяза, пра якую і гаварыць не варта, таму не падманвай мяне. У цябе і праўда ёсць сябар у Пецярбурзе?»
Георг, збянтэжаны, устаў. «Пакіньма ўжо маіх сяброў. Тысячы сяброў не заменяць мне бацьку. Ты ведаеш, што я сабе думаю? Ты сябе не беражэш як след. А ўзрост заяўляе свае правы. Без цябе ў фірме я не магу абыходзіцца — ты гэта добра ведаеш, але калі справы пачнуць пагражаць твайму здароўю, я назаўтра ж зачыню фірму назаўсёды. Гэтак не пойдзе. Мы павінны ўвесці для цябе іншы лад і парадак жыцця. Зусім іншы. Ты вось тут сядзіш у цемры, а ў гасцёўні цудоўна-светла. Дзяўбеш во сняданак, замест каб сур'ёзна падсілкавацца. Сядзіш пры зачыненым акне, а паветра зрабіла б табе так добра. Не, бацька! Я паклічу лекара, і мы будзем выконваць тое, што ён прапіша. Памяняемся пакоямі: ты пераселішся ў пярэдні, а я сюды. Для цябе гэта будзе ніякая не перамена, усё перанясецца разам з табою. Але ўсяму ёсць свой час; зараз ляж яшчэ крыху ў пасцель: табе абавязкова патрэбны спакой. Хадзі, я дапамагу табе распрануцца; ты ўбачыш, што я гэта ўмею. А можа, ты хацеў бы адразу перайсці ў пярэдні пакой — тады ляжаш пакуль што на мой ложак? Гэта, зрэшты, было б вельмі разумна».
Георг падышоў і стаў зусім побач з бацькам, які апусціў на грудзі галаву з растрапанымі сівымі валасамі.
«Георг»,— ціха сказаў бацька не рухаючыся.
Георг тут жа ўкленчыў каля бацькі і ўбачыў на ягоным стомленым твары скіраваныя ў свой бок ненатуральна вялікія ў кутках вачэй зрэнкі.
«У цябе няма ніякага сябра ў Пецярбурзе. Ты быў заўсёды схільны да жартаў і нават перада мною сябе не стрымліваў. Чаму менавіта там у цябе павінен быць сябар! Я зусім не магу ў тое паверыць».
«Але ж ты, бацька, яшчэ раз падумай,— сказаў Георг, падняў бацьку з фатэля і сцягнуў з яго шлафрок — гэтак, нібы той, зусім слабы, стаяў перад ім, — неўзабаве будзе тры гады, як мой сябар быў у нас у гасцях. Прыгадваю яшчэ, што ты яго не надта любіў. Самае меншае два разы я ўтаіў яго прысутнасць перад табою, а ён тады сядзеў менавіта ў мяне ў пакоі. Зрэшты, я добра зразумеў тваю няласку да яго: у майго сябра ёсць свае дзівацтвы. Але ж пасля ты нармальна размаўляў з ім. Я яшчэ так ганарыўся, што ты яго слухаў, ківаў яму галавою і задаваў пытанні. Калі ты добра падумаеш, дык павінен узгадаць. Ён у той час распавядаў неверагодныя гісторыі пра расійскую рэвалюцыю. Як, напрыклад, пад час аднаго падарожжа ён бачыў сярод беспарадкаў нейкага святара, што выразаў у сябе на далоні шырокі крывавы крыж, падняў гэтую руку ўгору і прамаўляў да натоўпу. Ты ж сам пазней усюды пераказваў гэтую гісторыю».
Тым часам Георгу ўдалося зноў пасадзіць бацьку ў фатэль і асцярожна сцягнуць з яго трыкатажныя нагавіцы, якія ён насіў паверх палатняных споднікаў, і шкарпэткі. Паглядаючы на не надта чыстую бялізну, ён дакараў сябе, што зусім занядбаў бацьку. Бо сачыць за зменай бацькавай бялізны, напэўна, было таксама яго абавязкам. Ён яшчэ грунтоўна не гаварыў са сваёю нявестаю пра тое, як уладкаваць бацькаву будучыню, бо яны моўчкі пагаджаліся з тым, што бацька застанецца адзін у старой кватэры. Але цяпер ён адразу ж цвёрда і пэўна вырашыў, што яны забяруць бацьку на сваю будучую гаспадарку. Амаль жа відавочным было тое, што дагляд, які будзе трэба там забяспечыць бацьку, можа і так прыйсці запозна.
На руках ён занёс бацьку ў ложак. Яго ахапіла жахлівае пачуццё, калі, робячы тыя некалькі крокаў да ложка, ён заўважыў, што бацька забаўляецца з ланцужком ад гадзінніка на ягоных грудзях. Ён не мог адразу пакласці бацьку ў ложак — гэтак моцна той трымаўся за ланцужок.
Але як толькі бацька апынуўся ў ложку, здавалася, што ўсё ўжо ў парадку. Ён сам накрыўся і нават адмыслова нацягнуў коўдру высока, па самыя плечы. I глядзеў на Георга цяпер, прынамсі, ужо не варожа.
«Праўда, ты ўжо ўспомніў яго?» — спытаўся Георг, падбадзёрваючы бацьку кіўком галавы.
«Ці я цяпер добра накрыты?» — спытаўся бацька, нібыта сам не мог бачыць, што ногі досыць добра захутаныя.
«Значыць, табе ўжо даспадобы ў ложку»,— сказаў Георг і яшчэ лепей накрыў яго коўдраю.
«Ці я цяпер добра накрыты?» — яшчэ раз спытаўся бацька і, здавалася, з асаблівай увагай чакаў адказу.
«Будзь жа спакойны, ты накрыты добра».
«Не! — крыкнуў бацька гэтак, што адказ наткнуўся на пытанне; потым скінуў з сябе коўдру з такой сілаю, што ў палёце яна разгарнулася, і ўстаў вертыкальна ў ложку. Толькі адной рукою ён лёгка дакранаўся да столі.— Ты хацеў мяне накрыць, гэта я ведаю, маё стварэннейка, але ж я пакуль што не накрыты. I калі гэта ўжо рэшткі маёй сілы, на цябе яе хопіць, на цябе яе будзе замнога. Я добра ведаю твайго сябра. Гэта быў бы сын, якога я хацеў бы мець. Таму ты яго і ашукваў усе гэтыя гады. А чаму іначай? Ты думаеш, я не плакаў па ім? Навошта ты зачыняешся ў сваім кабінеце; нікому не дазволена перашкаджаць: шэф заняты — толькі таму, каб ты мог пісаць свае аблудныя лісткі ў Расію? Але, на шчасце, ніхто не павінен вучыць бацьку бачыць свайго сына наскрозь. I цяпер, калі ты паверыў, што падпарадкаваў яго сабе, гэтак падпарадкаваў, што цяпер можаш сваім азадкам усесціся на яго, і ён не можа варухнуцца,— вось цяпер мой спадар сын вырашыў жаніцца!»
Георг пазіраў на скрыўленае жахам аблічча бацькі. Пецярбургскі сябар, якога бацька раптам гэтак добра стаў ведаць, узрушыў яго як ніколі дагэтуль. Ён бачыў сябра, які згубіўся ў неабсяжных прасторах Расіі, бачыў, як менавіта ягоны сябар стаіць у дзвярах сваёй пустой, сплюндраванай фірмы паміж разбуранымі паліцамі, паміж падзёртымі таварамі, падаючымі газаадводамі. Чаму ён мусіў паехаць гэтак далёка!