— А калі яна не забітая?
— А ну цябе! — раззлавалася маці. — Няўжо ты думаеш, што Варапаіха пойдзе туды пытацца?
— Можа і не Варапаіха... — задумліва сказала Ліза.
— Калі дойдзе да такога следства, ніякая гісторыя не дапаможа, — строга сказала маці. — Але каму гэта будзе рупіць? Ці да таго цяпер хоць бы і немцам? Важна, каб мы тут гаварылі аднолькава.
На гэтым пакуль што і парашылі.
Зноў Ліза пайшла на спатканне. І на гэты раз Рэня стаяла на сваім месцы. Але вартавы быў досыць далёка, і Ліза магла падысці да агароджы. Маці ўся засвяцілася, працягнула рукі і загаварыла, не чакаючы адказу:
— Пакажы, пакажы! Ці здаровы ён?.. Вельмі плакаў?.. Ці есць ён?.. Як спіць?.. Бліжэй, бліжэй!..
Ліза, азіраючыся па баках, падсунула хлопчыка бліжэй. Маці ў палкім імкненні пачала праціскацца праз дрот, каб пацалаваць яго. Калючка зачапіла за валасы, за лоб... Ліза спалохалася:
— Асцярожна — убачаць!..
Але маці цяпер нічога не чула, не бачыла, не разумела. Дзіця расплюшчыла вочы, паглядзела на маці, крыкнула — і тарганулася усім сваім звязаным целам наперад...
Ліза ўся дрыжала, з жахам азіралася і ўсё мармытала: «Асцярожней — убачаць!» Потым згледзела, што вартавы ідзе ў гэты бок, крыкнула: «Ідзе!» — і рэзка адсунулася ад плота. (Перад гэтым яна кінула праз плот пакунак з хлебам, салам і некалькімі варанымі бульбінамі).
Дзіця плакала на ўсю вуліцу. Ліза бегла прэч, не азіраючыся, дрыжучы ад хвалявання. Ёй усё здавалася, што за ёй гоніцца вартавы.
На Палявой вуліцы ёй трэба было пераходзіць праз адно гіблае месца, якое псавала жыццё ўсім жыхарам гэтай вуліцы. Гразкае балота перасякала яе на ўсю шырыню. Прайсці можна было толькі чапляючыся за плот ды пераскокваючы па каменьчыках. А ў Лізы дзіця на руках. Ідучы з дому, яна досыць папакутвала тут, а цяпер зноў трэба было рабіць тое самае. Яна спынілася і пачала рыхтавацца да пераправы. Раптам ззаду пачуўся мужчынскі голас:
— Дазвольце, я вам памагу.
І тут жа нехта ўзяў яе пад руку і, ступаючы ботамі па балоту, перавёў на другі бок.
Ліза павярнулася, каб падзякаваць яго, але язык не паслухаўся: перад ёю стаяў той самы паліцай, якога яна тады пакінула з Маняй.
— Чаго дзівіцеся? — са смехам сказаў ён. — Мы ж з вамі суседзі.
— Я вас не ведаю, — сказала Ліза і пайшла далей.
Паліцай ішоў побач з ёю і працягваў:
— А я вас ведаў, калі вы былі яшчэ малой дзяўчынкай. Ведаю, што вы жывеце вунь у тым доме.
У Лізы сціснулася сэрца. Яна не ведала, што ёй казаць.
— І вы мяне сустракалі, — казаў далей паліцай. — А цяпер у вас ужо дзіця. А муж у вас добры? Вы варты добрага мужа.