Ліза міжволі пашкадавала, што гэта хлопчык, а не дзяўчынка. Усё ж такі дзяўчынка неяк бліжэй. Ліза яшчэ памятае, якое замілаванне яна адчувала да лялек. А лялькі заўсёды бываюць дзяўчынкамі. А тут ніякага замілавання не адчуваецца. Але нічога не зробіш, гэта ж яе абавязак, і яна будзе выконваць яго добрасумленна, памятаючы Рэню.
У скрутку знайшлі метрыку, дзе напісана было, што ў бацькоў Рэні і Барыса Гольдберг 14 чэрвеня 1941 года нарадзіўся хлопчык, якому далі імя Фелікс.
— Зараз жа знішчыць гэтую паперку! — спалохалася маці. — Калі яна трапіць каму ў рукі, то загінем і мы, і дзіця.
І яна тут жа парвала яе і кінула ў печку. Ліза збянтэжылася.
— Як жа цяпер будзе?..
— Нічога, абы другой бяды не было, — адказала маці.
Дзіця тым часам пачало выказваць сваё незадавальненне больш энергічна. Не расплюшчваючы вачэй, яно стала моршчыцца, круціць галавой і пакрыкваць.
— Пашукай хутчэй чысценькую анучку! — крыкнула маці, а сама знайшла маленькі кавалак хлеба і стала жаваць яго; затым памяшала з цукрам і сунула дзіцяці ў рот.
— Мама, што ты робіш? — крыкнула Ліза з жахам. — Гэта ж брыдка і шкодна!
— Мяне на гэтым выгадавалі, — спакойна адказала маці, — ты сама не раз каштавала, а бяды, як бачыш, ніякай няма. А тым часам пастарайся дастаць соску.
Дзіця крычала ўсё больш і больш. Маці ўзяла яго на рукі, пачала гушкаць, хоць гэта і мала памагала. Ліза нарыхтавалася зноў ісці ў горад, па соску.
У гэты момант увайшоў бацька ды так і прырос да зямлі.
— Што гэта? Адкуль? — прамовіў ён, пазіраючы то на маці, то на дачку.
А тыя так разгубіліся — не ведалі што сказаць. Ліза бездапаможна глядзела на маці. Тады маці, неспадзявана і для сябе самой, сказала:
— Ды вось падкінулі нам пад дзверы дзіця.
— Як гэта так падкінулі? — перапытаў бацька.
— Ды так, падкінулі — і ўсё.
— Навошта яно нам? — разгублена прамовіў бацька.
Маці нават засмяялася:
— Не спыталі нас і падкінулі.
— Што ж мы з ім будзем рабіць? — усё тым жа збянтэжаным тонам казаў бацька.
— Вось мы цябе і чакалі, каб абмеркаваць разам, — проста адказала маці.