Назаўтра, прачнуўшыся пасля салодкага сну недзе апоўдні, Юрась выбраўся з дому і выйшаў на заліты сонцам двор. У альтанцы нетаропка, са смакам выкурыў дыхтоўную цыгарэту, пасядзеў, млява пацікаваў за гульнёй дзяцей у пясочніцы, а тады ўстаў і рушыў да водаканала.
Хвілін праз дваццаць, прайшоўшыся ўсцяж берага, хлопец выруліў на вуліцу з трамвайнай лініяй і шэрагам гандлёвых крамаў. Завітаў у вінна-тытунёвы аддзел, купіў пару пачкаў самых дарагіх цыгарэт. Сеў у трамвай і праехаў колькі прыпынкаў убок цэнтра горада. Сышоў.
Там, амаль у дварах, у падвале пяціпавярховай камяніцы, месціўся зацішны шынок, які Юрась даўно і надоўга ўпадабаў. Пра гэтае пажыўнае месца абвяшчала адно някідкая шыльда, прыштукаваная на рагу дома.
Хлопец спусціўся па вузкай лесвіцы, пацягнуў масіўныя драўляныя дзверы і аказаўся ў прыемнай прахалодзе і паўзмроку шынка.
Наведвальнікаў, як заўсёды, было няшмат, бо для жыхароў гэтага нерэспектабельнага мікрараёна цэны відавочна кусаліся. За дашчанымі столікамі сядзела чалавек пяць даволі прыстойнага выгляду грамадзян. Перад імі стаялі пустыя, адпітыя і поўныя куфлі піва. Толькі адзін дзядзька, што самотна сядзеў у кутку, цешыў сябе мацнейшым напоем, а іменна гарэлкай у пукатым графінчыку — як тут падавалі зазвычай.
Юрась скіраваў у процілеглы ад аматара «вогненнай» кут памяшкання. Тут можна было купляць напоі і закусь проста за стойкай бара, а можна было выклікаць афіцыянта, каб той абслужыў. Хлопец выбраў апошняе. Не прайшло і хвіліны, як да яго наблізіўся пажылы дзядзька ў фірмовай вопратцы гэтага шынка: белая псеўдабеларуская вышыванка, аперазаная чырвоным паяском, на галаве — блакітная плоская шапачка. Юрась, зазірнуўшы ў меню, заказаў вялікі куфаль чарнюткага портэру і вяленыя шчупальцы кальмара.
Заказ хутка быў выкананы, і хлопец, пакурваючы ментолавую цыгарэтку, з выразам крайняй лагоды на твары цягнуў вельмі густое і хмельнае піва. У памяшканні нягучна працавалі вентылятары, і таму тытунёвы дым, што выпускаўся наведвальнікамі, не стаяў слупам, а неўзаметку выветрываўся.
Прахалода. Кіславаты прыемны пах піва. Няшумная гаворка субяседнікаў. Цеплыня, што спакваля расплываецца ад страўніка па ўсім целе.
Юрась вырашыў не заказваць другі куфаль, бо пасля першага ўжо прыкметна разамлеў, а яго яшчэ чакала сёння шмат спраў. Па выхадзе на свежае паветра, каб узбадзёрыцца, ён наважыў зайсці ў бліжэйшы пад’езд і нюхнуць з запаветнай плоскай каробачкі, якая з учарашняга дня зноўку была прыемна запоўнена. Гэтак ён і зрабіў — пасля даволі доўгіх пошукаў пад’езда, не абароненага кодавым замком. Так, з кожным месяцам станавілася ўсё цяжэй знаходзіць такія пад’езды, бо народ павальна захапіўся кодавымі дзвярыма, намагаючыся адгарадзіць сябе ад зладзеяў і валацугаў.
Далей Юрась Багатка згледзеў тэлефонную будку і, адасобіўшыся там, правёў некалькі працяглых тэлефонных размоў. Пра іхні змест мы пакуль прамаўчым. Скажам толькі, што хлопец разам з адрасатамі мяняў і тон свайго голасу. Ён то ўмольна кагосьці аб нечым прасіў, то гаварыў з годнасцю саліднага чалавека, а то і ўладарна пакрыкваў. Урэшце здаволіўся вынікам праведзеных перамоў, аддзяліўся ад тэлефоннай будкі і неўзабаве выйшаў зноў-такі на трамвайны прыпынак.
Сеў у «шасцёрку», даволі, дарэчы, запоўненую і тлумную, і пакаціў у цэнтр горада. Ён як бы знік з поля нашага зроку на колькі гадзін і з’явіўся толькі ў восем вечара, на двары драўлянага дома па вуліцы Грушаўскай. Гэтая хатка стаяла ў глыбіні прыватнага сектара і мела занядбаны, можна сказаць, дзікі выгляд. Агародчык перад вокнамі, што глядзелі на вуліцу, зарос крапівой і чартапалохам вышэй за штыкетнік. На маленькім падворку было амаль тое самае: высачэзная, па пояс трава, праз якую ледзь прабівалася сцяжына да ганка. Вокны збоку двара закрывалі жаўтлявыя пашарпаныя аканіцы. У сад было страшна зірнуць: каравыя яблыні спляліся ніжнім голлем з хмызамі і пустазеллем; туды, відаць, ужо шмат гадоў не ступала нага чалавека. Дрывотня насупраць хаты была са збуцвелым руберойдавым дахам і без дзвярэй; знутры гэтае будовы веяла пылам і сырасцю.
І тым не менш Юрась, зайшоўшы праз даволі гожую брамку, упэўнена пашыбаваў да ганка, адчыніў ключом дзверы і пранік унутр.
Там абстаноўка была зусім іншая. Гэта быў зусім не бамжатнік, не царства пацукоў і мышэй, а досыць чыстае і ўтульнае жытло. За сенцамі, дзе стаяў рукамыйнік і віднеліся дзверы ў камору, знаходзілася куханька з газавай плітой, шафкай, сталом і дзвюма табурэткамі. З кухні маленькі калідорчык вёў у вялікі пакой (прама) і спальню (направа). У зале, куды пасунуўся Юрась, стаялі круглы прыземісты стол, тры драўляныя крэслы з высокімі спінкамі, раскладная канапа, масіўная шафа з вісячым замком. Адно акно — тое, што глядзела на двор, — было звонку затулена аканіцай. Другое, што збоку вуліцы, завешана шчыльнымі шторамі. У левым, далёкім ад увахода, куце высіўся старадаўні трэльяж з мутнымі люстэркамі. Тэлевізара і якой-кольвек электронікі тут не было.
Юрась успёр на стальніцу скураную валізу, з якой прыйшоў, і пачаў вымаць з яе пажытак і ставіць побач. Там аказаліся дзве бутэлькі чырвонага віна, палка сухой каўбасы, ладны кавалак вяндліны, бохан «Нарачанскага» хлеба, цвёрды і плаўленыя сыры, а таксама шмат усялякіх кансерваў. Хлопец адправіўся на кухню, узяў з шафкі некалькі пляскатых талерак, два відэльцы, дзве сталовыя лыжкі, шаткавальную дошчачку і вярнуўся назад. Затым доўга і акуратна скрыляў мяса, каўбасу і сыр ды раскладаў па талерках. Парэзаўшы пасля ўсяго і хлеб, ён зноў рушыў на кухню і прынёс адтуль два старамодныя фужэры, паставіў на стол. Завяршыў гэтую падрыхтоўку тым, што вывудзіў з валізы пачак сініх сурвэтак, успароў поліэтыленавую абгортку і паклаў побач з бутэлькамі, што ўзвышаліся пасярод закусі.
Пасля гэтага Юрась спрытна расклаў канапу, якая аказалася вельмі шырокай. Са спальні прынёс бурую, у сінюю клетку, коўдру і пакрыў ёй пацёрханую матэрыю канапы. Прыдзірліва агледзеў, падраўняў вуглы, разгладзіў зморшчыны. Кінуў позірк на стол, падышоў да яго і пераставіў некаторыя талеркі месцамі, пасунуў улева адну з бутэлек.
Знадворку, нягледзячы на вечар, стаяла непрадышная ліпеньская спякота, і ўнутры хаты было вельмі горача. З-за таго, што вокны не адчыняліся, паветра тут дужа застаялася і падавалася нездаровым. Пасля праведзеных аперацый з прадуктамі і канапай Юрась прыкметна стаміўся, узмакрэў і мусіў скінуць сваю нязменную джынсоўку і застацца ў майцы з кароткімі рукавамі і вульгарным, на ўсе грудзі, надпісам на англійскай мове, які завяршаўся клічнікам. Ён зірнуў на гадзіннік, які боўтаўся на правым запясці, і адзначыў, што ўжо без дваццаці дзевяць. Што ж, пакуль тое, можна перакурыць. Хлопец пацягнуўся да джынсоўкі, якую толькі што пачапіў на спінку крэсла, вывудзіў з кішэні бела-зялёны пачак, дастаў цыгарэціну, падкурыў, а тады паваліўся дагары на канапу. Хвіліны тры Юрась нетаропка ўбіраў у свае нездаровыя лёгкія тытунёвы дым і маляўніча выпускаў яго ў столь. Пры гэтым ягоны твар быў задуменна-расслаблены, на ім раз-пораз з’яўлялася і знікала загадкавая ўсмешка. Старонні назіральнік несумненна б адзначыў, што малады чалавек знаходзіцца ў добрым гуморы і, мабыць, чакае чагось дужа салодкага. І гэты назіральнік, канешне б, не памыліўся, бо роўна ў дзевяць гадзін бразнула клямка на ўваходных веснічках, нехта ледзь чутна перасек двор, ступіў на ганак і таргануў дзверы.
Юрась, які пачуў бразганне клямкі і рып весніц, імгненна падхапіўся з канапы і памкнуўся праз калідор, кухню і сенцы да ўваходных дзвярэй. Калі дзверы таргануліся, ён быў ужо напагатове і адразу ж адкрыў. Унутр увайшла асоба, апісваць якую трэба няспешна і з густам, а таму дачакаемся, пакуль яна пройдзе ўслед за Юрасём у асветленую трыма лямпачкамі залу.
Гэта была дзяўчына гадоў дваццаці пяці, а можа, зважаючы на сучасную акселерацыю, і маладзейшая. Ростам яна сягала далёка за метр семдзесят. Кароткія рыжыя валасы абрамлялі паглядны кірпаносы твар. Зрэшты, твар меў даволі дурнаваты і няўцямны выраз. Гэтаму спрыяла нязводная ўсмешка, якая адкрывала верхні рад бялюткіх зубоў. Салатавая, амаль празрыстая, блузка шчыльна абцягвала шчодрыя грудзі гэтай паненкі. Плечы яе былі шырокія, яўна шырэйшыя за Юрасёвы, талія ж кантрастна вузкая, бёдры яшчэ шырэйшыя за плечы, магутныя клубы ледзь прыкрываліся блішчастай чорнай спадніцай.
Паколькі госця была ў туфлях на высокіх абцасах, то побач з недалужным Юрасём выглядала нейкай аграмадзінай і здавалася вышэйшай за яго на цэлую галаву. Ад яе веяла крамяным здароўем і сексуальнасцю.
— Сядай, Кацярына, — указаў ёй Багатка-малодшы на крэсла каля стала. — Сядай, падмацуемся.
Дзяўчына села, закінуўшы нагу на нагу, пры гэтым кароткая спадніца паднялася яшчэ вышэй і агаліла такія вабноты, ад якіх бы любога нармальнага мужчыну перасмыкнула. Яна зняла дамскую сумачку з левага пляча і кінула на канапу.
— Як дабралася? — Юрась прысеў насупраць яе.