— Дык, значыць, для цябе сто даляраў — гэта невялікія грошы? — з’едліва ўсміхнулася сястра; яна працягвала глядзець не на суразмоўцу, а кудысьці на стык столі і лабавой шыбы.
— Ты ж ведаеш, якія цяперака цэны, Тамар! На элементарнае не хапае.
— А я ведаю, што большасць нашага насельніцтва столькі ў месяц не мае, колькі ты ў мяне за проста так просіш. І жывуць жа людзі — не паміраюць.
— Ды ну яго к чорту — так жыць! — горача зашаптаў Юрась. — Чым так гібець, дык лепей павесіцца. Ды аддам я табе, што ты баішся! Мне б толькі які месяц перацярпець, а там. — Тут ён запнуўся, бо якраз «там» не бачыў для сябе паляпшэнняў. — Словам, выручы, сястра. Век не забуду. Га? — І нахіліўся, лісліва зазіраючы Тамары ў твар, які ў акулярах быў нейкі адчужаны, нелагодны.
— А ты ведаеш, харошы мой брацік, што зарплата, якую афіцыйна ўстанавіў мне Пеця, складае ўсяго трыста даляраў, — суха сказала сястра. — Гэта тыя грошы, якімі я магу спакойна распараджацца. А я, паводле свайго статусу, не магу, напрыклад, вячэраць нідзе, акрамя як у дарагіх рэстаранах. Гэта, спадзяюся, ты разумееш?
— Ды кінь ты, Тамарка! — нечакана зрабіўся развязным брат. — Хіба я не ведаю, як гэта робіцца! У рэстаранах, дзе ты бываеш, усё запісваецца на бяздонны рахунак твайго Пятра Вацлававіча. Няўжо ж ты са свайго кашаля дастаеш? Ну, прабач, ніяк не паверу!
— Во, які ты, аказваецца, дасведчаны, — ажно прысвіснула сястра. — Усё ён, братка мой, ведае. — Яна зрабіла паўзу, а тады пачала з металічнымі ноткамі ў голасе: — І ўсё ж, брацік, гэта не мяняе сутнасці справы. Я Пятру Вацлававічу не жонка і вольна распараджацца яго сродкамі не маю права. Гэта ты сабе ўцямі. І тым больш не магу прасіць у яго грошай для здавальнення тваіх прыхамацяў.
— Ды якіх прыхамацяў, Тамар! — усклікнуў Юрась. — На хлеб не хапае, Богам клянуся!
— Так што, Юрчык, апетыты свае ты крыху зменшы.
Брат панура схіліў кудлатую галаву. Ён пачынаў разумець, што і тут не выгарала.
— Але, — прамовіла сястра сваім, выпрацаваным літаральна за месяц, уладарным голасам, — але я гатовая сціпла, па меры неабходнасці памагаць свайму брату.
Юрась страпянуўся, з надзеяй падняў галаву і стаў лавіць кожнае слова сястры.
— Я змагу табе памагаць, — пацвердзіла Тамара, — але толькі са сваіх кроўна заробленых грошай і, як ты павінен разумець, не часта. Больш таго, я магу зараз даць табе тыя сто даляраў.
— Ну! — пажадліва мыкнуў брат.
— Магу. Але толькі з адной умовай. Я хачу бачыць у табе сябра, памочніка. Разумееш? — Яна ўпершыню павярнулася да брата тварам, паглядзела ў вочы.
— Ды што за пытанне, Тамарка! — радасна залепятаў той. — Ды я ж з дзяцінства. лепшага чалавека не ведаю. Што ты!..
— Чакай, чакай, не спяшайся, — крыху асадзіла братаў імпэт Тамара. — Мне патрэбны не словы, а дзеянні. Мне неабходная твая падтрымка ў справе. з нашым бацькам.
— А? — тупавата глядзеў на яе Юрась.
— Разумееш, пра што я кажу?
— Не-а. не зусім. патлумач. — Юрась не на жарт збаяўся, што абяцаныя грошы могуць праплысці міма.
— Тлумачу, — роўным тонам працягвала Тамара. — Ты павінен ведаць, што жыццё нашай сям’і і асабліва маё з прычыны дурыкаў нашага таты апошнім часам зрабілася невыносным.
— А! — узрадаваўся брат. — Так! Канешне. Ды ён зусім адурнеў! Ён жа рукі мне выкручваў, біў! Уварваўся да цёткі Ліны, калі я там знаходзіўся, і напаў на мяне як вар’ят!