Михась Южик - Лесвіца стр 40.

Шрифт
Фон

Рабіў усё неяк таропка і мітусліва. Нават круціў лыжкай у кубку занадта шпарка, занадта гучна ляскаў ёй аб фарфор. Пры гэтым яго плечы, шыя, спіна пацепваліся, торгаліся, а часам і проста хадзілі ходырам. Матлялася вялікая завушніца.

— А, дарэчы, — сказаў Юрась, сёрбаючы гарачую каву. — Цётка Ліна, такая справа. — Ён на секунду сумеўся, і цётка зразумела, што менавіта зараз ён агучыць тое, дзеля чаго прыйшоў: папросіць грошай.

— Такая справа, цёць-Лін. — крыху паружавеў бледны твар госця. — З фінансамі ў мяне зараз напруга. — І, перш чым Ліна адкрыла рот, затараторыў: — Канцэрты, чорт яго бяры, позна заканчваюцца. Праз дзень — на таксі, ды ўсё з процілеглых кутоў горада даводзіцца дабірацца. А Лёўка, прадзюсер, сволач, машыны сваёй шкадуе. А раней жа развозіў людзей. Гаворыць, гад, я вам і так добра плачу, а там — вашы клопаты. А дзе ён добра плаціць, скупенда? За апошнія два канцэрты наогул нічога не даў...

— Колькі табе? — перарвала цётка ягоныя жальбы.

— А колькі можаце, Ліна Піліпаўна, — з прыніжанай удзячнасцю глядзеў на яе пляменнік. — Ну, хаця б пяцьдзесят.

— Дваццаць пяць, — голасам, які не цярпеў пярэчанняў, сказала Ліна.

— Добра, добра, цётка Ліна, — тут жа згадзіўся Юрась. — Хаця б двац­цаць пяць. О, як вы мяне выручыце!

— Пачакай. — Гаспадыня ўстала і выйшла з кухні.

Пляменнік натапырыў вушы, прыслухоўваючыся, куды яна пайшла, адкуль возьме грошы. Здаецца, цётка запынілася недзе ў прыхожай. Чымсьці там пашамацела і праз хвіліну вярнулася.

— На, — працягнула яна Юрасю тры разгорнутыя зялёныя купюры.

— Ой, цёць-Лін, — пляменнік прыціснуў да грудзей грошы, — каб вы толькі ведалі, як мне гэта паможа! А я аддам, яй-бо, праз тыдзень мне Лёўка заплаціць, куды ён, халера, дзенецца! Аддам, аддам, цётухна! — кляўся Юрась, засоўваючы даляры глыбока ў кішэнь штаноў.

— Ай, ладна, — махнула рукой Ліна.

Гэта была далёка не першая пазыка. Усе папярэднія Юрась не вярнуў, і, дальбог, сорамна яму было чарговы раз звяртацца да цёткі. А што паробіш?

Пасля харчовага падмацунку і атрымання жаданых грошай пляменнік павесялеў, стаў не ў меру гаваркі і развязны. Закурыў проста ў кухні. Ліна, якой пасля турботнага працоўнага дня хацелася засесці ў фатэль перад тэлевізарам, стала ім няёмчыцца. Яна падумвала ўжо, як бы найтактоўней выправадзіць пляменніка, калі з прыхожай данёсся яшчэ адзін нечаканы званок.

Ліна выслізнула з кухні ў калідор, падышла да дзвярэй, зірнула ў вочка. Звонку, скажоны хітрамудрай оптыкай, стаяў Павел Алегавіч Багатка.

Сястра прапусціла яго ў кватэру.

— Як справы? — павітаўся Павел Алегавіч. — Прабач, што не папярэдзіў. — Быў ён у светлай, узмакрэлай ад поту майцы, заўсёдных шэрых шта­нах, задыханы і ўзрушаны.

— А нічога, — хмыкнула Ліна. — У мяне ж сёння вечар Багаткаў.

— А? — не зразумеў госць. Ён ужо скінуў абутак і намерваўся прайсці ў залу.

— Ды сын твой у мяне, можаце паздароўкацца! — Гаспадыня ўказала рукой на кухню, адкуль, праўда, не даносілася ніякіх гукаў. Юрась, пачуўшы, што прыйшоў бацька, затаіўся, як мыш.

— Што? — твар Паўла Алегавіча набыў падазроны, нядобры выраз. — Якога ражна ён у цябе? — і рашуча пасунуўся на кухню.

— Ды проста зайшоў, а што, нельга? — Ліна ішла ўслед за ім.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора