Было ўжо даволі позна, калі Ліна Качура пачула званок у дзверы. Ігар, яе сужыцель, у дадзены момант адсутнічаў, таму Ліна досыць апасліва прайшла ў вітальню, ціхенька зірнула ў вочка. На лесвічнай пляцоўцы стаяў яе пляменнік Юрась, сын Паўла Алегавіча. Стаяў і нецярпліва націскаў кнопку званка.
— Прывітанне, якім ты ветрам? — прапусціла яго цётка ў кватэру.
Юрась почасту завітваў сюды без асаблівай патрэбы. Хаця, дакладней,
нязменнай мэтай ягоных візітаў было падхарчавацца. Пляменнік, нягледзячы на хілы целасклад, вельмі любіў паесці. Асабліва задарма.
— А так, ішоў, дай, думаю, адведаю цётухну. — Малады чалавек скінуў абутак. — Рукі можна памыць?
— Валяй, — кіўнула яму Ліна. — Нябось згаладаўся?
— Ну як вам сказаць, Ліна Піліпаўна, — данёсся да яе ўжо з ваннай голас пляменніка. — Думаю, лішняя скарынка хлеба працоўнаму чалавеку не зашкодзіць.
Ён пусціў ваду і доўга там плёхаўся, смаркаўся і выціраўся.
Праз колькі часу за кухонным сталом, устаўленым талеркамі і сподачкамі, размова прадоўжылася.
— А Ігар дзе? — вельмі жвава жуючы, пацікавіўся пляменнік. — У мяне тут да яго адно пытаннечка ёсць.
— У камандзіроўцы, у Піцеры. — Ліна сядзела, аблакаціўшыся на стальніцу.
— Вось яно як. — Юрась схіліў свае патлы над талеркай з салатай, гучна і непрыемна чвякаў.
— А што ты ад яго хацеў? — Гаспадыня сама не ела, а з дваістым пачуццём шкадобы і прыкрасці глядзела на фарбаваныя, чырвона-сінія валасы пляменніка.
— Ды так, чыста мужчынская размова, — сцямніў Юрась. — А калі ён будзе?
— Да выхадных, казаў, вернецца.
— Добра, я яму пазваню. — Юрась скончыў з салатай і прысунуў да сябе талерку з нарэзанай каўбасой, узяў скібу белага хлеба.
— А ты цяпер усё начамі працуеш? — спыталася Ліна, каб не маўчаць.
— Калі як. Сёння, напрыклад, начны канцэрт у клубе на Шабанах. Я больш у студыі, канешне, працую, але прадзюсер часцяком і на канцэртах, на клавішных, запрагае лайбаць. Клавішнік у нас жа не пастаянны, ён яшчэ ў адным гурце задзейнічаны. Да таго ж п’е, сабака.
— Дык у вашым рэпертуары ўсе мелодыі табой напісаны? — Ліна ўстала, каб наліць кіпеню ў кубак.
— Ну. не зусім, я збольшага — аранжыроўшчык. Але ёсць і мае. Штукі чатыры песні пастаянна выконваюцца. — Хударлявы госць усё жаваў і жаваў; дальбог, было дзіўна, як у яго столькі ўлазіць.
— Табе чай, каву? — Ліна паставіла на стол кубак з кіпенем.
— Каву, калі можна, мацнейшую, — кіўнуў Юрась. — На мяне, Ліна Піліпаўна, ужо гарбата не дзейнічае. У тым сэнсе, што не прыводзіць у тонус. А ведаеце, колькі за канцэрт энергіі траціш! Гэта як вагон вугалю разгрузіць. Даплятуся гадзіны ў чатыры дадому, тыц у падушку — і да абеду наступнага дня як адключылі. — Ён прыняў ад цёткі бляшанку «Чыба», усыпаў тры поўныя лыжкі, дадаў столькі ж цукру, стаў перамешваць.