Михась Южик - Лесвіца стр 27.

Шрифт
Фон

А брат шпарка адгарнуў перад ім адну старонку, другую, тыкаў пальцам у падзагалоўкі, уклееныя фотаздымкі, тлумачыў.

Прайшло, мусіць, з хвіліну, перш чым Павел Алегавіч змог засяродзіць увагу на рукапісе і братавых словах.

— Я даўно, даўно гэтым жыву! — амаль крычаў Слаўка, трымаючы ў руках адзін аркуш. — Мяне заўжды хвалявала праблема злачыннасці. І я, чуеш, — ён цясней прыхінуўся да брата, — высунуў гіпотэзу, што прычыны ўсяго чалавечага зла — у будове чэрапа. Усё, Паш, залежыць ад нашай дурной каробкі. Ха-ха! Як гэта проста. Але ж ніхто да мяне гэтага не зразумеў!

— Пачакай, пачакай, — перарваў яго Павел Алегавіч. — Па-першае, адкуль ты ведаеш, што ніхто да цябе гэтага не зразумеў?

— Ха! — аж пырснуў слінаю Слаўка. — А навошта ж я, па-твойму, дзе­сяць гадоў па бібліятэках шнарыў! А навошта ж я збіраў падшыўкі крымінальнай хронікі! — Ён указаў рукой на стосы папак. — Усё, усё тутака. — І хітра прыжмурыўся: — Вось і сёння: толькі палова другой, а я ўжо ў чытальнай зале пабываў, па ўсіх кіёсках прабегся.

— Чакай! — устурбаваўся Павел Алегавіч. — А хіба ты не быў на рабоце? Сёння ж працоўны дзень.

— А ў мяне дзве гадзіны заняткаў. Прычым першыя. Як у дзесяць вызваліўся — то і пабег, пабег. Толькі тсс, брат, — Слаўка схапіў яго за плячо, — Ольцы не гавары. Яна думае, што я поўны дзень у школе тырчу. Хе-хе! А я цяпер ад усякай грамадскай нагрузкі адмовіўся. У школьным летніку не дзяжуру. Дый у навучальны год — ані класаў не вяду, ані сходак настаўніцкіх не наведваю. Цьфу на іх. Хопіць. У мяне цяпер кожная хвіліна на ўліку, бо столькі, Паш, трэба зрабіць!

І зноў Павел Алегавіч не знайшоў слоў запярэчыць.

— Ды ты глядзі, глядзі, — насоўваўся на яго брат з папкаю. — Я табе давяду, у чым сутнасць. Тут уся штука ў геаметрычных прапорцыях. Вось бачыш, — ён указаў пальцам на малюнак твару з нанесенай паверх яго каардынатнай сеткаю, — я распрацаваў схемы апорных кропак: на згібах надброўных дуг, на пераноссі, на падбародку, вушах, зрэнках пры прамым позірку. Гэтыя кропкі злучаюцца лініямі, лініі ўтвараюць вуглы. Я вывеў формулы, дзе па даўжыні ліній і вуглах вылічваецца ступень патэнцыйнай злачыннасці.

— Паслухай, Славік, — як мага мякчэй пачаў Павел Алегавіч. — Усё гэта, канешне, добра. Толькі скажы, нашто табе гэта ў шэсцьдзесят год?

— О, ды ты нічога не цяміш! — усклікнуў Слаўка. — Гэта ж найважнейшая для чалавецтва задача, ды маё адкрыццё пераверне крыміналістыку. Ды што там крыміналістыку — вырашыць глабальныя сацыяльныя праблемы. Наркаманы, алкаголікі, прастытуткі, не кажучы ўжо пра сапраўдных злачынцаў, — усе яны распазнаюцца па маёй формуле!

Ад гэтых слоў у Паўла Алегавіча кальнула ў патыліцы, аддало ў пра­вую скронь.

А брат доўжыў:

— А ведаеш, Паш, у чым геніяльнасць выведзенай мной формулы? У тым, што яна аднолькава прыдатная для ўсіх рас, полаў і ўзростаў. Здавалася б, так не павінна быць, бо чарапы эскімоса і негра моцна адрозніваюцца. Аж не, я ўсё прадугледзеў! Больш таго, — крычаў наваяўлены навуковец, — дзеці, пачынаючы з чатырнаццацігадовага ўзросту, таксама падпадаюць пад маю фор­мулу. Бо з гэтага часу фарміраванне іхняга чэрапа збольшага скончана. І якраз, чуеш, брат, якраз у гэты час настае для іх пара крымінальнай адказнасці.

— Чакай, чакай, Славік, — Павел Алегавіч быў у нейкім ліпкім дурма­не. — Ну ладна, вывеў ты формулу. Ну добра, хай яна такая геніяльная. Але ж, яшчэ раз паўтараю: навошта? Навошта ты ўбіваў дзесяць год жыцця ў непатрэбшчыну? Дзе ты яе зможаш ужыць?

— Ага! — амаль віскнуў чырвоны ад узрушэння Вячаслаў Алегавіч. — Дык акурат дзеля практычнага ўжытку я над ёй мудраваў! Акурат самае што ні ёсць практычнае значэнне яна і мае. Глядзі! — Ён пачаў ліхаманкава гартаць перад вачыма брата рукапіс. — Што тут напісана: «.рэкамендавана для адсочвання і ізаляцыі патэнцыйных злачынцаў»; далей чытаем: «.увесці серыю прафілактычных дзяржаўных захадаў» і далей: «пажыццёвыя рэзервацыі ўзмоцненага рэжыму з мэтай.»

— Стоп! — закрычаў у роспачы Павел Алегавіч. — Ды што за лухту ты вярзеш! Якая ізаляцыя?! Якія дзяржаўныя захады?!

— Адказваю! — самазадаволена ўхмыльнуўся Славік. — Паясняю. Для гэтага ў мяне ёсць чацвёрты і пяты тамы, дзе дэталёва распрацавана схема сацыяльнай ізаляцыі генных дэградатаў. Глядзі! — І ён схапіў са стала пух­лую зялёную папку. Мерыўся разгарнуць, але брат падаўся наперад і налёг на папку ўсім корпусам.

— Не трэба, Славік. Напрамілы Бог, не трэба!

— Ат, пачакай, ды там найгалоўнейшае, там зерне ўсёй маёй працы! — гарлаў Вячаслаў Алегавіч, сілячыся такі адкрыць папку.

— Ну потым, потым, Слава! — настойваў Павел Алегавіч. — Потым пакажаш. Давай спярша сядзем і пагаворым спакойна. Пару хвілін.

— Ну што ж, — з неахвотай згадзіўся брат, павярнуў крэсла спінкай да стала, прысеў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора