Уладзімір Мажылоўскі - Зніклая казна канфедэратаў стр 20.

Шрифт
Фон

— Ну што вы зараз думаеце пра ксяндза Дзюрдзевіча? — запытаўся Юрый.

— Думаю, што ён быў чэсным чалавекам, а золата, якое выпадкова трапіла ў яго рукі, ён патраціў на дабрачыннасць, — адказаў настаўнік. Потым крыху памаўчаў і, быццам апраўдваючыся, дадаў: — Яго усё роўна раскралі і прапілі б салдаты.

— Тут я з вамі цалкам згодны, — стрымана ўсміхнуўся Юрый і працягнуў на развітанне Сяргею Мікалаевічу руку.

8

Познім вечарам Юрый выйшаў на панадворак бабулінай хаты, з асалодай, на поўныя грудзі ўдыхнуў свежае, настоенае на лугавых красках, паветра, паглядзеў у бок царквы, але, як ні прыглядаўся, не ўбачыў яе крыжоў. Старыя бярозы чорнымі, рэзка акрэсленымі контурамі, выступалі на фоне цёмнага неба, а над імі, у халоднай бясконцасці, ужо загараліся зоркі. Хло­пец нейкі час слухаў крохкую цішыню, потым адарваў позірк ад злавесных контураў бяроз, перавёў яго на сузор’е Вялікай Мядзведзіцы, задумаўся. Няўжо Сусвет і сапраўды бясконцы і як гэта зразумець? Што адбываецца там, у міжзорнай прасторы? Няўжо там, як кажуць касманаўты, толькі цемра і холад? Але ж недзе там ёсць свае сонцы, свае планеты, сваё жыццё! Хто ж стварыў усё гэта? Хто сочыць у Сусвеце за парадкам? Хто размяркоўвае зло і дабро, мерае праўду, вызначае справядлівасць? Ды і ці існуюць яны гэтыя меры?

Ён глядзеў на зорнае неба і, стомлены падзеямі апошніх двух дзён, нават не паспрабаваў шукаць адказы на тыя пытанні, што ўзнікалі ў галаве. Ён думаў аб іншым, аб зямным. Ці так зразумеў яго лейтэнант Сітніца? Ці зможа ён асцярожна праверыць мінулае мясцовага блазнаватага, смярдзючы акурак цыгаркі якога Юрый знайшоў у патаемным ходзе? Ці не спалохае яго дачасна?

Раптам Юрый уздрыгнуў — нешта мяккае і цёплае дакранулася да яго нагі. Ён адразу забыўся і пра космас, і пра зоркі, і пра лейтэнанта Сітніцу, паглядзеў уніз і убачыў ля сваёй нагі старога бабулінага ката. Юрый нахіліўся, прысеў на кукішкі, пагладзіў ката па калматай, сырой поўсці.

— І табе не спіцца, Шэры?

— М-р-р-р, — кот згорбіў спіну і зноў прытуліўся сваім мяккім бокам да цёплай нагі госця.

— Табе сумна, — здагадаўся Юрый. — Ты не маеш сябра, а аднаму нявесела жыць на гэтым свеце.

Юрый адчуваў, як кот прыціскаецца цвёрдай вусатай мордачкай да яго рукі, як нецярпліва пераступае з нагі на нагу ў прадчуванні, што чалавек зараз паказыча яго за вухам, пяшчотна пагладзіць па шыі, па спіне. «Цікава, а што гэта жывёлінка думае канкрэтна пра мяне? Чаму так лашчыцца? Я ёй падабаюся або яна проста спадзяецца атрымаць ад мяне нейкую прысмаку? А калі б я быў памерам з мышку, то ён, напэўна, праглынуў бы мяне разам з чаравікамі і не заўважыў бы? Эх ты, хітрае божае стварэнне!»

Аднекуль з боку царквы данёсся лёгкі, ледзь чутны ўдар звона. Яго мяккі гук, бы подых начнога ветрыку, усяго на імгненне напоўніў прастору няроўным гучаннем, адбіўся ад стомленай зямлі і адляцеў да далёкіх, абыякавых зорак над вяршынямі старых бяроз. Гук звона паступова сціх, растварыўся, і крохкая, урачыстая цішыня зноў ахінула Стваловічы.

Юрый падняўся з кукішак, паглядзеў у бок царквы, зябка павёў плячыма. І, ці то ад начной свежасці, ці то ад думкі, што чалавечае існаванне на зямлі — усяго толькі непрацяглы ўдар звона пасярод цемры, яму раптам стала няўтульна, захацелася ў цяпло, пад дах, да людзей. Ён паглядзеў пад ногі — ката там ужо не было, падняў вочы на хату. Убачыўшы роўнае жывое святло, якое прабівалася праз аконныя фіранкі, ён адразу адчуў сябе абароненым і ад абыякавасці ледзяной вечнасці, і ад касмічнага холаду, і ад начной цішыні.

Эпілог

У панядзелак раніцай Юрый быў на працы. Новыя клопаты і турботы поўнасцю, без астачы, зацягнулі яго ў працоўны вір, занялі ўвесь час і ўжо да вечара ён начыста забыўся і пра стваловіцкую царкву, і пра географа мясцовай школы, і пра пошукі патаемнага хода.

Аднак у пятніцу, у канцы рабочага дня, на яго стале зазваніў тэлефон.

— Капітан Дуброўскі ў апарата, — па звычцы прадставіўся ён і са здзіўленнем пачуў у слухаўцы ўсхваляваны голас стваловіцкага ўчастковага:

— Добры дзень, таварыш капітан, — ледзь не крычаў у трубку лейтэнант Сітніца. — Толькі што мы арыштавалі мясцовага недарэку Фёдара. І ведаеце, кім ён аказаўся на самай справе?

— Не цягні, лейтэнант.

— Дыверсантам, які ў час вайны служыў карнікам у паліцыі. І пасяліўся ён у Стваловічах па загадзе замежнай разведкі з мэтай забраць з патаемнага пакоя царквы сакрэтныя дакументы, якія немцы пакінулі там у ліпені 44-га.

— Знайшлі дакументы?

— Чатыры вялізныя скрыні! — выгукнуў лейтэнант. — Яшчэ знайшлі ў яго скрыню з рознымі каштоўнымі рэчамі царкоўнага побыту. Адным словам, віна яго даказана поўнасцю і ад справядлівай помсты ён ўжо не адкруціцца. Дарэчы, Федзя — зусім не дурань. Такое было ў яго прыкрыццё, бо ведаў, сабака, — калек і бедалаг нашы людзі шкадуюць асабліва і не даюць іх у крыўду.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора