— Спіць пакуль. Камары надта скусалі ноччу, круціўся. Так шкада яе… — Воля прысела, кранула пер’е птушкі, галоўку, правяла пальцамі па дзюбе. — Першы раз бачу чаплю так блізка — і вось, мёртвай… — Яна коратка ўздыхнула. — Прабач, божае стварэнне, але нам няма чаго больш есці…
— Так, не было і сёння рыбы там, — быццам апраўдаўся і Віталь. — Мабыць, аднерасціліся язі…
Разам яны даволі хутка знялі скуру, выкінулі вантробы.
— Трэба вось гэты жоўты тлушч саскрэбці, бо ён, я чытаў, дае вельмі непрыемны пах рыбы і балота, — казаў Віталь. — Пасля памыць вельмі добра… Натром чарамшой, многа чарамшы трэба, каб аж соку было колькі. І хай яна паляжыць з гадзіны дзве. Парэжам на кавалкі, будзем смажыць, як шашлык… От, будзе ў нас мо адзіны ў жыцці шалык з чаплі…
— Усё, ідзіце па чарамшу, а я буду тлушч прыбіраць!
Настрой дадаў сілы і спрыту — за нейкіх паўтары гадзіны, пакуль «марынавалася» птушка, Віталь зваліў недзе з пяць хай сабе і тонкіх, затое гонкіх хвоек, Воля сцягнула жардзіны да канала.
— Там ужо столькі ляжыць… Мо хопіць нам, утрымае? — спытала, калі вярнулася.
— Трэба яшчэ з пяток ці болей, — адгукнуўся Віталь. — Заўтра з раніцы звяжам — і паплывём… Калі наш капітан дасць дабро на адплыццё, а, Данік?
Хлопчык нечага засаромеўся, пасля ціха папрасіў:
— А хадземце качку смажыць…
— Ідзём, дарагі, ідзём! — Віталь падхапіў хлопчыка на рукі. — Зараз будзе ў нас лепшы ў свеце шашлык!
…Толькі асобныя кавалкі ад хрыбта аддавалі моцным пахам балота, а мякчэйшыя кавалкі ад грудзіны былі нават смачнымі, з лёгкім пахам часнаку — недарэмна Воля шчыравала. Данік стрымліваўся, еў павольна, адрываючы ад кавалка маленькія палоскі цёмна-чырвонага мяса. Калі Воля глядзела на сына, нечакана па яе шчоках пабеглі кроплі слёз.
— Вой, дым у вочы трапіў, — ніякавата апраўдалася, кранулася краю майкі, каб захапіць і выцерці твар, ды сканфузілася яшчэ больш — давялося б агаляць грудзі, і яна папракнула сябе: — От, дурніца! — і выцерла твар тыльным бокам далоні.
Дзень быў падобны на ўчарашні, хіба сёння было ўдвая весялей: і сонца на небе, і яны не былі галодныя. Воля, здаецца, і пешкі не хадзіла: усё бегам паспявала.
У добрых прыцемках Віталь прыцягнуў апошнія бярвенцы. Ён быў упэўнены, што гэтага хопіць.
Вячэралі пры святле вогнішча і зыркага месячыка. І Віталь, і Воля з’елі нямнога, быццам змовіліся якіх кавалкаў пакінуць на заўтра.
Калі Воля ўкладвала Даніка спаць, Віталь абрэзаў, не здымаючы штаноў, калашыны. Прыйшла Воля, пабачыла яго і ўсміхнулася сарамліва:
— Мне загадаеце скідаць штаны? Але ж помніце, што трусікі вы ўжо забралі! Мо які фартушок змайстравалі з аеру?
Віталь сканфузіўся на імгненне.
— Не трэба здымаць… так абрэжам.
Першы раз ён кранаўся яе ног — іначай было не справіцца. Воля адцягвала тканіну на сцёгнах, камандавала-папярэджвала:
— Вышэй бярыце, хачу самыя модныя шорты! Асцярожна, бо нажавое раненне будзе цяжка чым апраўдаць!