Воля смажыла на вуголлі рыбу, калі Віталь падрэзаў на намечаную глыбіню другую хвойку, расхістаў яе. Дрэўца трэснула нечакана для яго, ледзь устаяў, каб не паляцець услед. Камель скочыў у ягоны бок, але Віталь у апошняе імгненне прыбраў нагу. Калі ўжо дрэва ўпала, раптам зразумеў: «Асцярожней жа, асцярожней у наступны раз, дурань!» — аблаяў сябе. І здрыгануўся ад думкі: вось ён ляжыць з пераламанымі нагамі на востраве, а Воля — адна з дзіцём…
Адмераў па пяць крокаў, надрэзаў трохі, пасля пацягнуў дрэўца, як і першае, да здвоенай хвоі — там засунуў яго між ствалоў, націснуў і пераламаў.
Воля падышла сказаць, што вячэра гатовая, спытала:
— Колькі ж трэба дрэў паваліць? Дацягнуць, пасля… А чым іх звязваць?
Віталь перапыніўся.
— Каб «Гугал» пад рукой быў, дык адказаў бы дакладна… Будзем дзейнічаць інтуітыўна. Чым звязваць? Вось жа — штаны на мне, — усміхнуўся Віталь. — І на табе штаны. І яшчэ кашуля мая, твая майка…
— А-а-а, зусім голымі паплывём? — разгубілася спачатку Воля, але хутка засмяялася залівіста: — А-ха, уяўляю, як нас сустракаць будуць! Мы сабе набедраныя павязкі паробім? Вой, крута будзе! Журналісты наляцяць, тэлебачанне прыедзе, нехта будзе стрым рабіць з месца падзей! Уяўляю! — І зноў засмяялася.
Віталь весела ўсміхаўся разам з ёй.
— Ну, распранацца цалкам не будзем. Са штаноў застануцца шорты…
— А з маёй майкі выйдзе шыкоўны топ!
— Выйдзе… Я цябе папрашу топ зараз зрабіць… Мне б руку абматаць чым, бо, баюся, не дарэжу…
Ён падхапіў некалькі бярвенцаў, каб несці, Воля схапілася за іншыя.
— Я сам, не трэба, Воля, цяжкія, — хацеў спыніць.
— А мне толькі глядзець на вас, так? — нечакана псіханула Воля. Адчула, аднак, што атрымалася залішне рэзка, паправілася: — Ну нельга ж так, Віталь Андрэевіч… не цяжкія зусім гэтыя жардзіны. Увогуле, я сама буду іх цягаць, хопіць, што вы іх валіце, вось…
Віталь змаўчаў.
Пасля вячэры Воля абрэзала сваю майку, і падалося Віталю, што занадта высока, бо калі яе грудзі апыналіся хоць крышку вышэй узроўню ягоных вачэй, ён бачыў знізу акрайчыкі пяшчотнай белі і спяшаўся адвесці позірк.
Ён прачнуўся ад ціхоткага шуму і зразумеў: цярушыць дождж. Хутка сеў, агледзеўся: ці не капае на Волю і Даніка. Вызірнуў.
Туману не было, але ўсё навокал падавалася ўвабраным у шэрую смугу, быццам воблака зачапілася за дрэвы на востраве і засталося тут. Мабыць, дождж пачаўся толькі нядаўна, бо дровы ля кастра амаль не намоклі. Разварушыў вуголле, накідаў сучча. Збегаў, наламаў лапніку і прыкрыў ім касцёр — так дождж не будзе заліваць агонь, калі ўзмацніцца. Яшчэ назбіраў тоўстага сушняку.
Воля, скурчаная, стаяла ля кастра.
— Я сама зараз, — сказала яна Віталю, прысела. — Дрэнна так, што дажджыць…
Віталь прыхапіў свае восці і падаўся да поплава.
Прадчуванне паразы не пакідала яго да самай вады, і, стоячы ля яе мёртвай, у дробных хвальках ад дажджавых кропляў паверхні, ён амаль што быў упэўнены: рыбы не будзе. І яе не было. З паўгадзіны ён дарэмна выглядваў, ходзячы ад берага да берага: нідзе ніводнага ценю не заўважыў. Нават дробных рыбін не прамільгнула. Не стаў дакараць сябе за тое, што ўчора раніцай не папаляваў больш, бо гараваць па мінулым — апошняя справа. Пайшоў да зялёнага астраўка чармшы, сарваў ці не апошнія лісцікі, пакінуўшы самыя маленькія, нераскрытыя. Атрымаўся добры жмут, але ж адна зеляніна…