— З табою, Ярмоліч, не заморышся, — кажа ён, пасмяяўшыся. — Ішоў бы ты ўжо дадому, ці што...
Цімох ніколі не спяшаецца. Конік у яго малы, сівенькі, быстры. Трапечацца, тупае ў плузе ці ў возе, а потым занаровіцца і стане. Гані не гані — не скранецца. Тады гаспадар памалу злезе з воза або падыдзе ад плуга, папросіць у Сівага ножку, пярэднюю левую, пастукае знізу па капыце тоўстым канцом пугаўя і — гатова.
— Ну, падкаваў. Паехалі, дрыстун.
І жывуць сабе далей, конь час ад часу наровячыся, а гаспадар, куды часцей, ілгучы.
Калі Качка ці Лётчык ілгалі з пэўнай накіраванасцю — «вось які я, глядзіце, быў і наогул што я такое», — дык ён, Цімох Ярмоліч, маніў бескарысліва і часамі да поўнага самазабыцця.
Гэта я памятаю яшчэ з маленства, калі Цімох расказваў нашаму бацьку, як у ваенным шпіталі ён, у пяту паранены кавалерыст, «пяць разоў паміраў ад аперацыі і пяць разоў уваскрасаў з таго свету». Расказваў пры жанчынах і дзецях, без скараміны, і таму, відаць, сумна, бо бацька, і сам бывалец і добры байдун, сказаў пасля, калі залішне позні госць пайшоў: «Ну ж і вярзе, так, здаецца, і даў бы па карку».
Ва ўсіх Цімохавых расказах для слухачоў галоўным быў ён сам: уся яго, як гаварылі, выхілка — міміка, жэст, інтанацыя. Пра тую самую аперацыю, якую я ведаў у менш цікавым варыянце, ён аднойчы расказваў на вуліцы, мужчынам, а нас, хлапчукоў, мужчыны не адганялі. Цяпер ужо санітары трымалі параненага Цімоха не ўчатырох, а ўшасцёх, і хірургам быў не мужчына, а «нейкая барынька».
— Халацік беленькі, а сама, браце мой, ідзе — яечка з галавы не скоціцца. І ўсё пры ёй як мае быць, і з тых самых, відаць, што толькі пераступі цераз яе — ужо і тоўстая. Што ж, і я не з трухлявай алешыны, з дуба. Прымергаваўсё я трохі, прыціх, і толькі ўжо, браце мой, яна намерылася нагу маю разануць — калі хаплю яе за падчарэўе!.. Гвалт, піск, і санітары тыя, і яна: «Фуліган!..» Разбегліся, а потым ужо васьмёх прыйшлі, такія во — кожны за трох дурных можа з'есці і выпіць. Аблажылі мяне, далі на сон, ледзь не затхнуўся, і ўжо не тая барынька, а зноў мужчына прыйшоў. Таксама добры дурыла. Рэзаў, браце мой, колькі яму хацеласё!..
Ад далейшага Цімоха выручае Васіль Кураўка:
— Нагу адрэзаў, — дадае ён зусім сур'ёзна, у тон расказчыку.
Выбухае рогат.
Па простай логіцы і трэба было б адрэзаць: да таго ўсё ішло, аднак перад усімі тут, на роднай ніжнебайдунскай зямлі, стаяць абедзве нагі ў здаравенных ялавых ботах. Далей ужо напрасткі не папрэш, трэба як-небудзь убок, але Цімох не бянтэжыцца, нават як быццам рад і ўдзячны за дапамогу.
— Нагу адрэзаў, — кажа ён не сваім, а Кураўкавым голасам, і рогат зноў выбухае. — Сам, браце мой, бачыш, што не адна, а дзве клыпы мае стаяць. Разумны доктар трапіўсё. Яшчэ і накрычаў на тую, што рэзаць хацела. Асколкі павыкалупваў з пяты, ваты туды напхаў...
Кураўка зноў падказвае:
— Кожную раніцу, браце мой, выцягаю патрохі...
Усе рагочуць. Цімох таксама смяецца.
— Прыйдзі, пазычу, — кажа ён. — Заткнеш сабе, каб лішне не курэла.
З вайны, улетку сорак пятага, Цімох вярнуўся смешна.
Кожнага мог ён падкалоць, нават і Ёсіпа, меншага брата, не шкадаваў. Той неяк прывёз зімою з лесу дзве тоўстыя крывуліны, скінуў на вуліцы перад хатай, і ляжалі яны ўлетку неакораныя, без кладуноў. «З аднаго палена будзе малатарня, а з другога арха», — гаварыў Цімох, намякаючы на тое, што Ёсіп быў «ні за кол, ні за цям», толькі што працавіты, як вол, і без толку гарачы.
З Германіі Цімох прынёс трафейнае... кавадла. Праўда, маленькае. І малаточак да яго, і клешчыкі. Але ж — кавадла!.. Відаць, што пацешна малое — таму і спадабалася, і валок, блізкі свет, хоць майстар быў ён не лепшы за Ёсіпа.
Як толькі я, трохі пазней, наведаўся з Менска дахаты і пачаў цікавіцца, хто, што і як, пра Цімоха з гэтым кавадлам мне расказалі адразу.
— Ну, як ты там? Як ваявалася? Як куецца? — спытаўся я, калі мы сустрэліся.