Янка Брыль - Акраец хлеба стр 7.

Шрифт
Фон

Косця і тут смяецца. У Цімоха мянушкі чамусьці няма, Асечку застаецца толькі яго прозвішча:

— Эх ты, Ярмоліч, Ярмоліч!..

Брат Арсеній (а гэта ўжо даўно стала мянушкай) абурана плюнуў, але сказаў зноў жа цытатай:

— Мерзасць запусценія, рачэнная прарокам Даніілам.

Цімохава жонка, Волечка, таксама блытаецца з пяцідзесятнікамі, якіх у нас называюць бапцістамі, — таму Цімох і злосны на «святых», і з цытатамі трохі знаёмы.

— Не тое, — кажа ён, — браце мой, асквярняе, што ідзе ў чалавека, а тое, што з чалавека вылазіць.

Цытата — перакручана і не зусім да месца. «Не то, что входит в уста, оскверняет, но то, что выходит из уст», — гэтыя словы пра пост ці не пост чуў ён, Цімох, ад свае хатняе прапаведніцы, але хто яго ўсё запомніць.

— Хоць бы ўжо слова божага не разурашчаў, — зноў абураецца Брат Арсеній.

— Прарокі! — звонка рагоча Асечка. — Усе прарокі разляцеліся, як сарокі!

Таксама не зусім дарэчы гэта, але складна, весела.

— Святы ўжо, браце мой, праведнік, — усміхаецца Цімох. — Чаму ж тады ў цябе калені спераду? Як у Котавай Акуліны. Ці ты ўжо, можа, зусім забыўсё?..

Пра калені — прымаўка, а з Акулінай — намёк на тое, што Цімох з Арсенем ведаюць, відаць, толькі ўдвух. І таму Брат Арсеній не па-прарочы, а па-мужчынску доўга маўчыць.

Асечка маўчаць не можа. Тэму ён абнаўляе так, нібы пасля паўзы вядзе яе далей зусім лагічна.

— І праўда, — пытаеца ён, — чаму гэта ў цябе, Арсень, адны дзяўчаты? Пяць дачок — пяць разоў гарэць будзеш. А сам хоць з торбай потым ідзі.

Брат Арсеній яшчэ ўсё ў «мирском», збянтэжаным настроі, але адказвае ён, па прывычцы, як яму і належыцца:

— Без волі Госпада і волас з мае галавы не спадзе.

— Пры чым тут волас? — смяецца Асечка. — Ты што, без Госпада ўжо і сына не змайструеш? Вунь паглядзі ў Рафалка — ажно тры сыны. Спытаўся б ты ў яго.

Тут зноў уступае Цімох. З прапановаю Брату Арсенію:

— Калі хочаш, дык і я цябе навучу?

Той маўчыць, і дарадчык гаворыць далей:

— Гэта, браце мой, трэба падперазаўшыся, і з сякерай за поясам. Памагае.

Брат Арсеній плюе і моўчкі круціць галавой. Ды тут ужо рагоча не толькі Асечка, які пляснуў у ладкі і проста заліўся, не толькі сам Цімох, Андрэй і я, але і маўклівы, салідны дзядзька Яўхім.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора