Але спачатку адышоўся да парога, высцепаў полачку ад валасоў, склаў яе з прафесійнай павагай да кожнай тканіны, тады ўзяў з качарэжніка венік, падмёў ад зэдліка ў качарэжнік, зэдлік паставіў да грубкі і паўтарыў:
— Давай будзем мераць.
— А на чорта нам тая прымерка? — лена і мудра спытаўся Цімох. — Мне абы крэсла спераду.
Хросны спачатку проста абураецца:
— Ну што гэта ты, Цімоша, гаворыш? Трэба ж мне і дліна, і паясніца, і ў подшагу...
А потым хросны смяецца:
— «Крэсла спераду»... А мо табе яго ззаду зрабіць? Як у малых цыганянят? З распоркаю на ўсю...
Неяк на багатым нясвіжскім кірмашы маладжавы вясёлы мужчына так падахвочваў мяне браць яго яблыкі:
— Яны ж у мяне, таварыш, не глядзяць, а смяюцца!
І праўда, яблыкі былі вялікія, румяныя, адно ў адно.
А хросны казаў калісьці і так:
— Выйшаў я ноччу на двор, а кабыла мая: «Гы-гы-гы!..»
Нават і яна ў яго была вясёлая, як там тады ні жылося і кабыле, і гаспадару.
Маці наша расказвала, што маленства ў хроснага было цяжкае: сіратой ды калекам пры нямоглай матцы і старэйшым браце. Дрэнны быў чалавек гэты яго старэйшы брат Баўтрук, але «Бог даў — пайшоў у Плёхава ў багатыя прымы». А хроснага мой бацька, старэйшы за яго і ўжо тады з надзейным заработкам у горадзе, уладзіў вучыцца за краўца, а потым «Рафалак наш, — мама казала, — пачаў жыць з іголкі».
Дзядзька Баўтрук як закрычыць у Плёхаве на карову: «У хлеў, каб ты здохла!», дык ажно ў нас, у Ніжніх Байдунах, чуваць, за два кіламетры. Сыны ў яго падняліся, два дзецюкі, як дубы, і сам здаравенны, гарласты.
— Нікога не баіцца, нічога не стыдзіцца. Сам — пастронкам не падпяражаш, бо што ж, жыве — вароты пірагом падпёртыя.
Так гаварыў пра свайго брата хросны. Бывалі яны адзін у аднаго вельмі рэдка («Абыходжу я Баўтручка, як тую барану»), але пра адно здарэнне ў братавай хаце хросны расказваў аднойчы так дакладна, праўдзіва, што нібы ён і сам тады там начаваў. Можа, зрэшты, і начаваў, мы пра гэта не думалі.
Мы — гэта я і ўсе тры яго хлопцы. На шарай мы сядзелі без агню, толькі што ў дзверцах грубкі гуло і зыркала полымя. Цётка Агата кудысьці пайшла, і хроснаму было ад гэтага свабадней. Бо вельмі ж яна ўсё вучыла яго, камандавала, вечна ён нечым ёй не падабаўся.
Гаварыў ён ніколі не спяшаючыся, ні за машынай, ні іголкай шыючы, ну, а цяпер, у нядзелю, тым больш.
— Легла Матруна на печы. Палеглі хлопцы, заслон да лавы прыставіўшы. Дзякуй Богу, здаровыя, пасолі густое з картопляй ды з хлебам як натопчуцца — ажно тыя дошкі-дылёўкі пад імі равуць. Паснулі ўсе, а сам Баўтрук не спіць, ляжыць на ложку і пазяхае на ўсе чалеснікі, абдумвае, які б яшчэ інтэрас дзе зрабіць. А потым чуе ён: у кухні штосьці шмотаецца... І ўсё яно во так: «Буль-буль! Кех-кех! Буль-буль-буль! К-кех-кех-кех!..» Баўтрук і здагадаўся: «Злодзей лезе! Добра, што я не сплю». Ды як зараве: «Хлопцы, уставай!» Тыя ўсхапіліся, пабралі яны — хто што, і цераз сені ў камору. Батарэйку свецяць — нікога няма. Што за чорт?..
Ён робіць паўзу, а мы, слухачы, насцярожваемся ў гэтым пытанні: і сапраўды — што за чорт?..
— А гэта ў кухні, у баковачцы. Свіное цеста ў цэбры. Падыходзіла ў цяпле ды толькі булькала сабе ды кехкала...