— А чаго ж, — гудзе Цімох, даволі спрытна і нягучна ляскаючы нажніцамі. — Вось і нацалаваў. Хлопцы здаровыя, як бурвэлкі, як самому сабе робленыя. Вам бы яшчэ...
— Брахунэ вы! Што толькі сліна вярзе... — перабівае з печы цётка Агата, амаль заўсёды нечым нездаволеная.
Але Цімох як быццам і не чуе, гаворыць далей:
— ...дачок са тры ці з чатэры. Пагаварыў бы ты з Братам Арсеніям. Ты яму — як гэта хлопцаў, а ён — як дзявок. Па-суседску...
— Дочкі, — гаворыць, нібы ў роздуме, хросны. — Яны ў Арсеня беленькія, далікатненькія, як маца.
— У яго як маца, а ў цябе будуць як халы. Ён свяцейшы, а ты каранасцейшы.
Цётчына «брахунэ вы!» не было, відаць, вельмі злосным, а толькі так, па прывычцы быць нездаволенай, бо вось і яна далучаецца:
— Старыя мы ўжо, Цімох, на дочкі. Куды там. Дай Бог сыноў пагадаваць.
Цімох зноў лезе ў тое, чаго наслухаўся ад свае Волечкі, толькі ўжо не ў «Новы запавет», а яшчэ далей — у «Стары».
— А як жа Сорка ў таго Аўраама? — пытаецца ён. — Старая баба была, дзевяноста гадоў. Дый «гаспадзіну твайму», Рафалку, не дзевяноста дзевяць, як таму Аўрааму, калі яму Бог зрабіў абразанец.
Хросны хоча смяяцца, а пад нажніцамі яму не вельмі зручна, дый боязна, што тузяне, і ён толькі моршчыцца ва ўсмешцы.
— Ты кажаш, што па-суседску, — паўтарае Цімохава, ужо далекаватае. — Па-суседску бывае ўсяляк. Табе казалі, а я ж сам бачыў і чуў, як ён, Арсень, Аленку Секачыху адвучваў. Ігнат яе — от, Балалэй, толькі што пасмяяцца з каго-небудзь умее спадцішка. А сама ж яна — малатарня!
— Злосная ўрэдзіна, аж у роце чорна, — удакладняе Цімох.
— Ну, — згаджаецца хросны. — Толькі і ведае, што «лерара» ды «лерара». Праўду гаворыць той Заяц Яўхім: «Слова скажа, дык і не ведаеш, куды яго апрадзяліць». Мала таго што свайго з ранку да ночы дзяўбе, дык і на Арсеня спанатрыла. Бапціст, «Бог есць любоў». Калі-то жох быў, сам ведаеш, а сёнека — хоць дой, такі рахманы. Дык можна ўжо, другая думае, і на галаву чалавеку на... Гэта ж цярпенне трэба на такую суседачку! А тут ён пута з плоту хапіў і давай па азадку шалёстаць!
— Колькі там і азадку таго, — зноў удакладняе Цімох. — Высах і ён ад злосці.
— Ну, — згаджаецца хросны. — Аленка ў крык: «Табе ж не можна! Ты ж святы!» А ён: «Можна, — кажа, — такую, як ты, можна. Гасподзь скаціну вервіем з храма святога выганяў!» А пута тое, тое вервіе, у яго яшчэ ж і мокрае: ён толькі што кабылу з поплава прывёў. Святою раніцай і пачалі...
Тут ужо хросны не можа стрываць і рагоча.
І Цімох разгінаецца над ім, не стрыжэ.
— З расіцай яно лепш, — удакладняе ён і гэта. — І касіць, і з бабай...
Цімох прыйшоў не толькі стрыгчы хроснага — прынёс і порткі шыць.
У той час хросны быў яшчэ, і праўда, дужы. Шыў і кажухі, і суконныя сярмягі, якія ў нас называлі буркамі. А порткі — колькі хочаш. Мог і клёш, і «гальфе», і ні тое ні сёе.
— Прымерку зробім, — сказаў ён, падзякаваўшы за стрыжку.