— Ну не крыўдуй, дачушка. Расказвай.
— А вы, мама, не перапыняйце. Думаеце, лёгка пачвару згадваць? У мяне дагэтуль нутро калоцiцца.
— Ну, цiшэй-цiшэй... Супакойся. — Свякроў, як магла, пяшчотна палашчыла маладзiцу па галаве.
— Кола на камень наскочыла. Каляска здрыганулася, ледзь не перакулiлася, ледзь з рук не вырвалася i ў кювет не паляцела. Але я ўтрымала. А падумалася вось што... Была дарога гладзенькая, роўненькая, пустая. А тут камень ляжыць. Адкуль узяўся? Хто паклаў? Каму спатрэбiлася дурноцiцца? Азiрнулася, нiдзе нiкога. Пуста. Цiха. Лёгкi ветрык у прыдарожнай лазе шапоча. Прыгледзелася да лазовага кустоўя... I свят, свят, свят! Стаiць ён там, у гушчары. Увесь белы-белы, як пух лебядзiны, у шаўковым касцюме, пры капелюшы, на пiнжаковым штрыфлi белая ружа свецiцца, а ў руцэ доўгi, на сем сажняў, бiзун. Выйшаў, бiзуном пастрэльвае, вочкамi паблiсквае, на мяне зiркае, усмiхаецца i пацiху порткi расшпiльвае. А рукi ў пальчатках, i не спрытна атрымлiваецца тое расшпiльванне. Каб не бiзун з пальчаткамi, ён бы хутка чэлес дастаў. А так, чорт ведае, колькi я пасярод дарогi зачараваная прастаяла, пакуль ён орган на свет выцягваў. Ну там i чэлес, я вам скажу, як у быка, не меншы. I як пачаў ён надзiмацца, цямнець, паўставаць, напiнацца. То я вочы заплюшчыла, каляску ў кювет штурханула i ўцякаць. Страх такi, вы i ўявiць не зможаце. — Нявестка перавяла дух.
— Змагу. Думаеш, я Лазовiка нiколi не бачыла? Ён бяскрыўдны. Паляскае бiзуном, пазiркае блiскучымi вочкамi, патрасе крыху чэлесам, а потым порткi зашпiлiць i прападзе. А ты ляцiш нечага праз усю вёску. У хаце зачыняешся. А чаго? Невядома. Галоўнае цяперака, каб Юзiк каляску знайшоў. — Свякроў паклыпала да акна i рассунула накрухмаленыя фiранкi.
11.04.1995
— Рукi памыў? — мурлаты ўчастковы зiркнуў на зялёнага Практыканцiка.
— Ясная справа. — Той бадзёра сунуў далонь у новенькi партфельчык i зашамацеў паперамi.
— Добра памыў цi толькi апаласнуў? — участковы схаваў у стол тэчкi з дакументамi i разаслаў свежую газету.
— Тры разы намыльваў... А вы, таварыш старшына? — з партфельчыка дасталася ўкручаная ў кальку сабойка.
— I я ажно чатыры разы з мылам шараваў да самых локцяў, але душок застаўся. — На газету леглi прыгатаваныя жонкай участковага канапкi з сырам i каўбасою.
— Гэта вам, таварыш старшына, падаецца. Нiчым нашы рукi не пахнуць, ну хiба гаспадарскiм мылам крышачку тхне. — Практыканцiк павыкочваў з калькавага кулёчка зграбныя памiдорынкi.
— Не ведаю, як ад тваiх, а ад маiх пальцаў душок iдзе. Во, панюхай самыя кончыкi. — Участковы паставiў на стол дзве пляшкi пiва "Стары замак" i выцягнуў рукi.
Практыканцiк нахiлiў галаву i прынюхаўся спачатку да начальнiкавых, а потым i да сваiх пальцаў:
— Нiчым не пахнуць.
— А мне смярдзiць. — Участковы разлiў шумлiвы бурштын па шклянках.
— Кiньце выдумляць, таварыш старшына. У вас пазногцi кароткiя, да самага мяса абрэзаныя, пад iх, каб i хацела нешта ўбiцца, дык не ўваб’ецца, няма куды. — Практыканцiк укiнуў у рот памiдорынку.
— У мяне такое адчуванне, што скура набрыняла смуродам. — Участковы, зрабiўшы вялiкi глыток, абцёр пiўную пену з рудых натапыраных вусоў.
— Гэта ў галаве, у памяцi смурод застаўся, а ў сапраўднасцi яго няма. — Практыканцiк каўтаў пiва дробнымi глыточкамi.
Участковы, чвякаючы, жаваў канапку з каўбасою.
— I як вы, таварыш старшына, з такой уражлiвасцю столькi ў органах праслужылi? — яшчэ адна памiдорынка схавалася ў Практыканцiкавым роце.
— Смачны сыр. Мая жонка ведае, у якiх цётак сыры купляць. Я, дарэчы, страшэнна люблю сухi сыр пагрызцi з пiвам. — Участковы падлiў у шклянкi "Старога замка".