— Чаму ты мяне не любiш? — смуродлiвым пасля п’янкi ротам запытаўся Жартаўнiк.
— Таму што ты мяне любiш! — адказала яна.
Жартаўнiк пайшоў у ложак.
Уночы яму зрабiлася кепска з сэрцам.
Жартаўнiкова Жонка сказала:
— Калi з табою здарыцца непапраўнае, я таксама жыць не буду. Я задаўлюся!
— Зрабi гэта зараз, — прашаптаў ледзь жывы Жартаўнiк.
На золку Жонка памерла.
Жартаўнiк вырашыў не закопваць i не палiць жончынага цела, а аддаць нябожчыцу Бальзамiроўшчыку.
Праз пэўны час Жартаўнiк запатрабаваў вярнуць яму жончына цела.
У Бальзамiроўшчыка было шмат замоваў i, адпаведна, нябожчыкаў. Таму ён даручыў пошукi патрэбнага цела свайму памочнiку Вырадку.
— А цi не было ў вашай Жонкi асаблiвай прыкметы? — спытаў Вырадак.
— Была, — адказаў Жартаўнiк, — мая Жонка ўвесь час кашляла.
Атрымаўшы забальзамаванае цела i змясцiўшы яго ў сямейнай каплiцы на фiлагелоскiх могiлках, Жартаўнiк зарганiзаваў шыкоўныя хаўтуры.
Выпадковы Чалавек, якi праходзiў паўз застаўлены сталамi двор, спытаў у Жартаўнiка:
— Хто ж гэта знайшоў супакаенне?
— Гэта я нарэшце, пасля Жончынага скону, займеў супакаенне, — зусiм спакойна паведамiў Жартаўнiк.
12.11.1994
Мужчына зайшоў у двухмясцовае купэ.
За столiкам, каля акна, сядзела Спадарожнiца.
— Добры вечар, шаноўная, — далiкатна прывiтаўся мужчына, але голасу Спадарожнiцы не пачуў.
Яна адлучана, нiбыта ў наркатычным трансе, пазiрала на асветленую неонам перонную талакнечу.