Глебус Адам - Новы дамавікамерон стр 14.

Шрифт
Фон

— Прабач, я заняты... I сапраўды, нашто дзеля макулатуры цэлых паўгадзiны трэсцiся ў халодным тралейбусе?

— Гэта мой час. I мне зусiм не шкада патрацiць яго на дарогу, люблю падарожжы...

Гэтым часам да вулiчнага таксафона наблiзiўся мажны Тэлефоннiк. Ён зняў слухаўку i, не набiраючы лiчбаў, апынуўся ў размове каханкаў.

— Позна, i надвор’е для падарожжаў не вельмi зручнае. Ты толькi паглядзi, якi на вулiцы дождж!

Тэлефоннiк яшчэ нiжэй апусцiў на твар капюшон зялёнага плашча.

— У мяне ёсць выдатны парасон.

— Я не магу сягоння прымаць гасцей... — Каханак шукаў i не мог знайсцi выйсця з уласнага сказа, пакуль не прыдумалася чарговае глупства. — У мяне не прыбрана...

— А я не буду глядзець. Урэшце, я ж не госця.

— Ну добра-добра, ты не госця, ты наведнiца, а я не магу прымаць наведнiкаў у непрыбранай кватэры, — нерваваўся каханак.

— Ну якая ж я наведнiца? Пасля ўсяго, што памiж намi было, ты называеш мяне наведнiцай?

— Сапраўды! — у размову ўвайшоў Тэлефоннiк. — Чаму гэта ты сваю каханку называеш наведнiцай?

— Вось i выдатна, будзем гаварыць утраiх, — сказаў мужчына.

Тэлефоннiк зразумеў, што, хочучы дапамагчы жанчыне i зрабiць рыцарскi крок, ён дапамог мужчыну пазбавiцца ад надакучлiвай каханкi.

— I даўно вы нас слухаеце? — асцярожна пацiкавiлася яна.

— Даўно! — пераканаўча адсек Тэлефоннiк.

— Сынок, павесь слухаўку, — раптам пайшоў у наступ каханак.

— Сыно-о-ок?.. Ты, смярдзючы чарвяк, ты хоць ведаеш, хто я такi? У маiм целе 111 кiляў жывой вагi, i мне пляваць, прыбрана ў тваiм берлагу цi насрана. Я зараз прыеду i прыбяру цябе ў апошнюю дарогу. Вось так, слiмак. Ты нават каханкi сваёй баiшся, вырадак! — Тэлефоннiк плюнуў на слухаўку.

Гук пляўка апёк каханкам вушы.

— Калi вы не вешаеце трубку, яе павешу я...

За гэтымi словамi жанчыны прагучала дрыготкая просьба каханка:

— Люба, я зараз ператэлефаную...

Тэлефоннiк павесiў слухаўку, сцiснуў кулак i трапна ўдарыў па апараце. З аптымiстычным звонам пасыпалiся старыя, расейскiя, эсэсэраўскiя, двухкапеечныя манеткi. Тэлефоннiк выграб iх з апарата i сышоў у дажджысты надвячорак з руплiвай думкаю, што трэба тэрмiнова ўводзiць па ўсёй дзяржаве беларускiя тэлефонныя карткi.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке