Трэнер узняў рукі – гэта быў знак, што размінка скончана. Я і Глеб стаялі на суседніх тумбах. Мы рыхтаваліся праплыць чатыры пяцідзесяціметроўкі рознымі стылямі. Трэнер падзьмуў у плоскі пластмасавы свісток і націснуў на галоўку секундамера. Першыя пяцьдзесят метраў група плыла кролем. Я адчуў, што адстаю ад Глеба. Кроль не мой стыль. Калі група плыла кролем, першым прыходзіў Глеб. Я чуў, як побач з галавою гудзе вада. Я зразумеў, што Глеб усім целам адчуў плоскасць вады. Ёсць такая плоскасць, што сама прынясе да перамогі, калі ты яе адчуеш. У групе толькі я і Глеб ведалі пра плоскасць. Мы не шкадавалі сакрэту, проста пакуль яе не адчуеш сам, ніхто табе не растлумачыць, што гэта за плоскасць такая. Кулёк я выканаў лепш і дагнаў Глеба. Група яшчэ сякла хлараваную ваду кролем, калі мы леглі на спіну. На спіне першым прыйшоў я.
Трэнер хадзіў па кафлянай дарожцы і паглядаў на секундамер. У трэнера быў манікюр і педзікюр. Нам – хлопцам з групы – гэта не падабалася. Трэнер не любіў мяне і Глеба. Ён ведаў, што мы ізноў прыйдзем першымі і пакажам добрыя вынікі, але гэтага недастаткова, каб любіць чалавека.
Чарговы кулёк я выканаў добра, але батэрфляй (дэльфін) – не мой стыль. Я не любіў “дэльфінаў” за іх слізкасць. Потым я адчуў, што плоскасць, якая несла Глеба да перамогі, знікла, і Глеб перастаў мяне цікавіць. Мне пачало здавацца, што чорная стужка на дне басейна зусім не рухаецца. Астатнія пяцьдзесят метраў я ледзь праплыў, нават не праплыў, а праіснваў у стане руху на вадзе. Калі я дакрануўся да сцяны і стаў на дно, рукі ўсплылі і леглі на паверхні, а вада зрабілася гарачай і шчыльнай, быццам тлушч.
У душ Глеб зайшоў адразу за мной. Мы стаялі пад халоднай вадою. Мы ведалі, што вада халодная, але не адчувалі гэтага. Зайшоў трэнер і пачаў хваліць вынікі. Я глядзеў на трэнера праз ваду, і ён у сваім чырвоным касцюме нагадваў мех з яркага цэлулоіду. З-за шуму вады мы не чулі трэнера. Мы толькі разумелі, што ён хваліў нас. Я падумаў, што трэнеру абавязкова трэба набыць сінія фірменныя спартыўныя штаны.
Пасяля басейна зімовае паветра колкай свежасцю расцякалася па грудзях. Глеб і я ішлі праз сасновы лесапарк. Шарае святло цадзілася праз цёмна-смарагдавыя вяршаліны. Навокал было пуста, ціха і холадана. Ліхтары не гарэлі. Пасля басейна заўсёды хацелася есці.
У прадуктовым магазіне, як і ў лесапарку, яшчэ нікога не было. Мы хадзілі з аддзела ў аддзел. Прадаўшчыцы, седзячы за прылаўкамі, сонна паглядалі то на нас, то праз вітрыны на заснежаны горад. Цукерукі, выстаўленыя ў шкляных шарах, нагадвалі рыбак у акварыумах.
- Трэба ўзяць цукру, - сказаў Глеб.
- Рафінаду? – спытаў я.
- Не, не рафінаду, а колатага.
- А ён ёсць?
- У апошнім шары, - сказаў Глеб і паказаў рукою на самы вялікі шар. За шклом блішчаў цукар, падобны на кавалкі бела-блакітнага лёду.
- Хадзем выбіваць, - сказаў я.
- Трэба спачатку ўзважыць.
Праз хвіліну, стоячы на магазінным ганку, мы трымалі ў руках па кавалку колатага цукру. Церушыў снег і ствараў пачуццё няўтульнасці, тое пачуццё, калі хочацца бегчы дадому не аглядаючыся, пакідаючы за спінаю ўвесь свет. Рукі хутка змерзлі.
Смак цукру апякаў рот, і есці мне перахацелася.
- Цукар нагадвае лёд, - сказаў Глеб.
- А мне ён нагадвае пра фігурнае катанне, - сказаў я і кінуў цукар у сумку да цэлафанавага мяшка з плаўкамі і ручніком.
- Чаму? – спытаў Глеб.
- Ён падобны на лёд і нагадвае пра канькі. Я займаўся фігурным катаннем.
- А чаго кінуў?
- У групе засталося толькі двое хлопцаў. Спачатку нас было дзесяць чалавек, і ўсе кінулі. Цэлы год мы хадзілі ўдвух. А потым я застаўся адзін. І таксама кінуў.
- А чаму пайшоў на плаванне?