- Мне было ўсё роўна куды. У школу прыйшоў трэнер з басейна. Мне яго спартыўны касцюм спадабаўся. Я і запісаўся. Калі ён спытаў, што я магу, я зрабіў тры кулькі на бетоннай падлозе ў школьным вестыбюлі і запісаўся. А ты?
- Я і раней плаваў, - сказаў Глеб.
- Дзе?
- У Смаленску. Мы жылі там, і я плаваў. У мяне мама настаўніца фізкультуры. Я з дзіцячага сада плаваю… – Счакаўшы, ён дадаў: - Думаю кідаць.
- Ты ж лепш за ўсіх плаваеш! – здзівіўся я.
- Ну і што?
- Як што? Можаш стаць майстрам.
- Не магу.
- Чаму?
- Мне нецікава. У мяне маці майстар спорту. Я гаварыў з ёю. Без басейна яна жыць не можа, а я магу. Мне нават лепш без плавання, - працягваў Глеб, - а ты, дарэчы, таксама добра плаваеш. Ужо колькі разоў мяне абыходзіў.
- Я добра плаваю толькі на спіне, а астатнімі стылямі блага.
Мне зноў захацелася есці, і я дастаў цукар. Глеб з’еў свой кавалак.
- Ведаеш, я табе не дарую таго, што ты мяне сягоння абышоў, - сказаў Глеб, даеўшы свой цукар.
- Гэтага ты не даруеш сабе, таму і застанешся, а я вось кіну.
- Сур’ёзна?
- Далёка ездзіць. Праз увесь горад матаюся. Дзве перасадкі. Нам далі новую кватэру. Толькі ў адзін бок больш за гадзіну ехаць.
- Можа і правільна. А што будзеш рабіць?
Я адчуў: яму спадабалася маё рашэнне, захацелася павярнуцца і пайсці, але я сказаў:
- Пры школе ёсць лыжная секцыя, пайду туды.
- Ты ж казаў, што не любіш зіму?
- Зіму не люблю. Затое люблю бегаць на доўгія дыстанцыі… Мой тралейбус. Пакуль!
Плаванне я кінуў, бо мне ў рэшце рэшт проста не падабаліся смак цукру з хлёркай і холад.