Зайграў акардэон. Дзеці ўзяліся за рукі і пачалі вадізць карагод. Яны вадзілі карагод і паглядалі на маленькага Дзеда Мароза, які развязваў, не зняўшы рукавіц, свой сіні, у белыя зоры мех.
Падарункі былі для ўсіх аднолькавыя: папяровая скрыначка з цукеркамі і апельсінамі ды сіні пластмасавы дэльфін.
Калі ў мяшку засталася толькі адна скрыначка з цукеркамі і адзін дэльфін, маленькі Дзед Мароз сказаў:
— Да пабачэння, я прыйду да вас праз год. Чакайце.
* * *
Дзед Мароз так стамляецца за навагодняе свята, што вярнуўшыся ў сваю хату, спіць цэлае лета. Ён адпачывае, каб парз год зноў узяць свой вялікі мех і ісці да нас. Каб несці нам падарункі, бо мы чакаем яго і любім, бо мы спадзяёмся на яго… І ён прыходзіць. Мы чакаем яго, і ён прыходзіць. Так было адвеку і так будзе.
* * *
— А Толіку мы не скажам, што на ёлцы не было Дзеда Мароза.
— Добра-добра, не скажам, — пагаджалася з Яракам баба Ядзя.
— Толькі ён не паверыць.
— Паверыць …
— Ты мне раскажаш казку?
— Раскажу. Толькі ты не гавары больш на холадзе.
Снежань 1987 года
“Два балы”. Вось так проста і ясна сказаў настаўнік гісторыі. І ў дзённіку чырвонай шарыкавай ручкаю выставіў двойку і распісаўся. Бацька дзённік не правярае, а маці ў адпачынку. Хоць у нечым шанцуе. Трэба вывучыць пра паўстанне рабоў і “закрыть” двойку.
Еду ў спартзалу і чытаю падручнік.
§ 49. Паўстанне рабоў пад кіраўніцтвам Спартака.
Пра паўстанне няма ніводнай звесткі, якая ішла б ад яго Ўдзельнікаў. Таму застаюцца невядомымі шмат якія апланы паўстання і падрабязнасці жыцця паўстанцаў. Мы ведаем пра паўстанне толькі тое, што расказалі ягоныя ворагі — рымскія ды грэцкія пісьменнікі.
Усё ясна, ворагі паўстанцаў — пісьменнікі. А мой вораг — аперыканскае кіно. Гэта з-за яго я атрымаў “гусака”. Гісторык спытаў: як загінуў Спартак? Я адказаў. Спартак памёр на крыжы. Яркі кадр: Спартак вісіць распрануты, а ўнізе стаіць Спартакова жонка з немаўлём на руках. Спакутаваны Спартак усміхаецца.
Гісторык пытае: ты чытаў падручнік? Чытаў не чытаў, без розніцы. Я чатыры серыі паглядзеў. Чытаў — кажу. А гісторык — сядай, два.
…ягоныя ворагі — рымскія ды грэцкія пісьменнікі.
Чаму пісьменнікі? Не ясна. У мяне бацька — беларускі пісьменнік. Але я пра гэта нікому не гавару. Нашто? Каб пачуць — інтэлігент? Потым бойка? Біцца ўмею. У нашым класе ўсе… Трэба вывучыць пра Спартака.