- Ты iх чуеш?
- Так.
На дварэ хадзiлi нейкiя людзi.
- Якога чорта яны там робяць? Не могуць жа яны страляць у такой цемры.
Хутка ўсе гукi сцiхлi. Я сказаў Тому:
- Днее.
Пэдра, пазяхаючы, устаў i пагасiў газнiцу.
- Холадна, каб яго, - сказаў ён свайму сябру.
Склеп ахiнуўся ў шарае сутонне. Здалёк да нас данеслiся стрэлы.
- Пачынаецца, - сказаў я Тому. - Напэўна, яны робяць гэта на заднiм двары.
Том папрасiў у доктара цыгарэту. Я палiць не хацеў; мне наогул не хацелася нi цыгарэт, нi выпiць. Цяпер яны стралялi ўжо безупынку.
- Ты ўяўляеш сабе? - сказаў Том.
Ён хацеў дадаць нешта яшчэ, але змоўк; ён глядзеў на дзверы. Яны адчынiлiся, i на парозе ўзнiк лейтэнант i за iм чатыры салдаты. Том выпусцiў цыгарэту.
- Стайнбак?
Том не азваўся. Тады Пэдра паказаў на яго.
- Хуан Мiрбал?
- Гэта той вунь, што ляжыць на матрацы.
- Устаньце, - сказаў лейтэнант.
Хуан не варухнуўся. Два салдаты падышлi да яго i паднялi пад пахi. Але як толькi яны яго адпусцiлi, ён зноў упаў.
Салдаты стаялi ў нерашучасцi.
- Гэты не першы, каму зрабiлася блага, - сказаў лейтэнант. - Давядзецца вам яго туды занесцi, а там прыдумаем.
Ён павярнуўся да Тома: