Андрэй Федарэнка - Гісторыя хваробы стр 9.

Шрифт
Фон

«Мне».

«Дык што ты хочаш? Воць я ем, п'ю», хаджу на «Раніцу», у інстытут — ведай гэта, думай, што я раблю гэта для цябе».

«Мне нічога іншага і не застаецца. Ведаеш, калі ты пайшла, ноч была такая... дзікая. Схадзіў я на вакзал, купіў два пачкі цыгарэт і смаліў, смаліў, аж пакуль не збялеў. Тады лёг — і сон нейкі дурны і страшны. Звычайна пасля якіх бедаў сны шчаслівыя — ведаеш, сніцца, што ўсё добра, а калі прачынаешся, успамінаеш, аж скаланае ўсяго. А на гэты раз і ў сне не забыўся, і тут не так, як ва ўсіх...»

«Колькі я цябе ведаю, ты ўсё плачаш ды скардзішся».

«Мне ж больш няма каму».

«Ах, кінь, Вяргейчык! Колькі можна пра адно і тое ж?»

«Ну, не крыўдуй, калі ласка, хоць тут не крыўдуй. Ты ж на паперы толькі... А помніш, Таня?.. Слухай, я ніколі не ведаў, як табе больш падабаецца зваць цябе, перабіраў усе склоны...»

«Нічога, як завеш, так і добра».

«Проста мне так не падабалася, як ты звала мяне ўсё Вяргейчык, Вяргейчык. Адзін раз толькі назвала імя, памятаеш?»

«Усё памятаю».

«Хто цябе вучыць гэтым «памятаю» зусім не беларускім? Не чытай, дзеля бога, Караткевіча, не вучыся яго ўкраінізмам і неалагізмам, вучыцца мове нам трэба ў Гарэцкага, і ў Ластоўскага, і ў Калюгі, а не ў Караткевіча! А помніш, Танечка, я шчэ ўвосень любіў цытаваць: «Бывае, выльеш горыч на паперы, і ўсё лягчэй здаецца на душы?» А памятаеш, як ты раз павязвала мне гальштук, і я, смеючыся, сказаў, што ёсць такая прыкмета: калі дзяўчына павяжа хлопцу гальштук, дык яны палюбяцца? Няўжо некалі такое было, што ты была мне амаль чужою і я ніяк цябе не раўнаваў!»

«Вяргейчык, ты сапраўды так мучаешся ці прыдурваешся?»

«Навошта, для якое мэты мне цяпер прыдурвацца? Помніш, ты сама казала: «Я думала, у цябе гэта хутка пройдзе, але не ўлічыла, што ты не такі, як усе? »

«У цябе ж было лёгкае і простае выйсце».

«Таня, Таня! Чаго ты ні Сяргею, ні першаму свайму хлопцу не раіла шукаць нейкіх іншых выйсцяў! Як на добры лад, як ёсць каханне, дык якое яшчэ трэба выйсце? Я для цябе зраблю ўсё на свеце, але ж справа ў чым? Ты ад мяне нічога не патрабуеш, і гэта страшней усяго. Мне часта хочацца стаць перад табою на калені, абняць за ногі...»

«Ізноў ногі?»

«Божа, як з табою гаварыць? Хоць на паперы пабудзь тою, якую я выдумаў, каб закахацца».

«Значыць, ты кахаў толькі выдуманую? Як будзе лепш: кахаў ці любіў?»

«Гледзячы што і каго... І хто ў мяне будзе цяпер вучыцца мове?»

«Знойдзеш».

«Не, я, пэўна, ніколі не жанюся, ты для мяне так і ёсць лепшая дзяўчына, іншай я проста не змагу паўтарыць тых слоў, што казаў табе».

«У мяне ўжо баліць галава. Пайду я, Вяргейчык».

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке