Андрэй Федарэнка - Гісторыя хваробы стр 8.

Шрифт
Фон

І гэта ўсё, чаго я дабіўся за два з паловаю месяцы. Трэба ўспамінаць, што я ёй агідны, што яна не кахае. Было б каханне — не трэба было б аніякай логікі.

Добры дзень, Валік! У мяне ўсё па-старому. Я баюся здацца назолаю, але дэпрэсія мая нешта не праходзіць. Адзінае, чым магу пахваліцца — гэта спрабую стварыць у інстытуце літаратурна-гістарычную суполку «Раніца», якая выдавала б сваю насценную газету і прымала ўдзел у адраджэнскім жыцці Беларусі. Знайшлося шэсць чалавек: тры хлопцы і тры дзяўчыны, і ўсе былі досыць актыўныя. Але нават гэта вельмі хутка мне надакучыла — я зусім не разумею сам сябе і магу толькі канстатаваць тое, што ёсць. Усе гэтыя справы здаюцца мне цяпер дзіцячаю гульнёй у нешта сур'ёзнае, а ў людзях я, як ні стараюся рабіць зваротнае, бачу з некаторых часоў толькі фальш. Мне здаецца, што той-сёй не верыць у тое, што робіць, што той-сёй гаворыць высокія словы, але сам дбае ў гэты момант пра іншае, толькі не пра святое і не пра высокае. Я мяркую толькі па сабе. Я без астатку быў адданы справе ўжо два гады: не злічыць, колькі праводзілі са мною розных гутарак — ад камітэта камсамола і дэканата да спецработнікаў адпаведных устаноў. Ніколі я не ўсумніўся ў святасці таго, чаму вырашыў прысвяціць жыццё. Але дзе цяпер уся мая вера? Чаму я служыў, калі малюсенькі дробязны выпадак, пра які сорамна расказваць людзям, разбіў гэтую веру амаль да шчэнту? Вось тут я абсалютна не ведаю: ці вінаваты я, прыняўшы звычайнае за святое, ці вінаваты наш беларускі рух, які, не варты звацца святым; ці, хутчэй за ўсё, я — самы звычайны чалавек, а рух — самы звычайны рух, але ў свеце ёсць нешта вышэйшае, свяцейшае і праўдзівейшае як за мяне, так і за ўсе нашы адраджэнскія рухі. Што гэта такое — я не ведаю. Але яно ёсць. І служыць ранейшым сваім святыням, не верачы ў іх, уяўляецца мне горшым за здраду.

Я пісаў табе адзін ліст узімку, але адаслаць яго пабаяўся. Ведаеш, я закахаўся. Ва ўсякім разе, усе дзяўчаты нашага інстытута і з усяго свету перасталі для мяне існаваць, акрамя адной. Гэта цудоўная, нешчаслівая дзяўчына, але яна выпадкова «палюбілася» з маім сябрам, пасля яны рассталіся назусім — ні лістоў, ні ўспамінаў. Калі паспрабаваць неяк адным словам вызначыць той стан, які цяпер у мяне, дык гэта будзе неразуменне. Неразуменне, чаму мне так упарта адмаўляюць у тым, у чым не адмаўляюць іншаму чалавеку? Тым больш што... (Ліст абрываецца).

16.4.87

Як добра, што мы памірыліся! Як небяспечна я да яе прывык — і каму расказаць, «хто ўратуе і хто да паможа?».

Цяпер, калі мы памірыліся, лёгка пісаць пра ўчарашняе, але суткі — цэлыя суткі я жыў адчуваннем, што ўсё скончана, і, калі б яна не прыйшла першая, я не ведаю, што зрабіў бы. Як жа яно ўсё было? Я, помню, сказаў ёй, што не пайду на пасяджэнне «Раніцы», спаслаўся, што трэба хоць нешта рабіць па ўроках, і яна пайшла сама. На самай справе на апошнім пасяджэнні я заўважыў дзіўную рэч: я нічым (калі глядзець яе вачыма) не вылучаюся ад трох нашых хлопцаў! Больш, на месцы дзяўчыны я выбраў бы ці Міцуру — ён прыгожы, наіўны, не служыў шчэ нават у войску, ці Рамановіча — ён спакойны, здаровы, як дуб, ці нават Васкевіча — ён вясёлы, хоць і апрануты горш за тых... Я побач з імі, як сыч; ніхто ні пра што, праўда, не здагадваецца, бачаць ува мне толькі лідэра, якога больш за ўсё хвалюе наш агульны клопат, але Таню не падманеш. У яе вачах я чытаю беспамылкова: «Мы ўсе тут добра ведаем мову, у чым тады лідэрства і выключнасць Вяргейчыка?» Усё, што б я ні казаў, яна аспрэчвае. «Не таму, што ёй трэба праўда, а каб хлопцы далі ёй увагу, — думаю я. — Што ж, буду маўчаць». Так сяджу і маўчу, паступова і іншыя апускаюць насы. Пасяджэнні, якія раней былі жывымі, з душою, збіралі па пятнаццаць чалавек, сталі як хаўтуры.

Яна была рада, што я не іду, а ўслых сказала: «Ну, вучыся, хоць і сумна будзе без цябе».

Увечары, гадзін у адзінаццаць (пасяджэнне ішло аж на дзве гадзіны болей) з'явілася мая Таня. «Як сумна было без цябе!» — «Выдатна было», — перакладаю я і чарнею, як хмара. Брусавец заўсёды выходзіць, пакідаючы нас удваіх, я бачу, што ён не любіць Таню, але ўдзячны яму страшэнна.

— Таня, я зноў за старое. Я ніяк не магу вызначыць, што ў нас за адносіны? Як ты сама іх разумееш?

— Звычайныя. Ты кахаеш мяне, я — цябе, — яна падышла і абняла мяне. Я вызваліўся.

— Хіба так кахаюць? Нашто ты хлусіш? Ты ж халаднееш з кожным днём больш і больш. І я ўжо не ведаю, кахаю ці не...

— А, так! А сапраўды, як гэта я не заўважыла, што ты перастаў у апошні час дамагацца свайго... Я ж ведала, што гэтым скончыцца.

— Як ведала? Значыць, ты ведала, бачыла, што я цябе перастаю кахаць, і нічога не спрабавала зрабіць інакш? Табе ўсё роўна, кахацьму я ці не?

— Не ўсё роўна, проста ведаеш, калі сутыкнуць халоднае і гарачае, дык не заўсёды награецца халоднае, звычайна астывае гарачае.

— Не стаў, калі ласка, усё з ног на галаву, не рабі мяне вінаватым.

— Ну, добра... Раз ты так дабіваешся, я скажу, як я ўсё гэта разумею... Каб можна было, я зрабіла б усё, каб Сяргей пасля той ночы не ўбачыў цябе; я зрабіла б усё, каб ты не даведаўся, што я з некім была! Я не хацела твайго кахання, я, калі шчыра, кахання перабачыла ўсякага, і мяне цяжка здзівіць яшчэ адным... А тыя восеньскія адносіны паміж намі, як сястры з братам, гэта было нешта сапраўднае, ні на што не падобнае — і павер мне, вышэйшае і лепшае за любое каханне. Але вярнуць нельга, раз яно так здарылася, я сама хацела пакахаць цябе. І нешта ўзнікала, але ўспамінаўся твой націск... Калі б ты пабыў са мною, ты зрабіў бы гэтаксама, як Сяргей... Ну што табе ў гэтым?.. Табе трэба даказаць самому сабе, што ты не горшы за Сяргея?

— Не!

— Так! А я што — машына для вашых маральных эксперыментаў?

Я маўчаў. Яна паклала галаву мне на плячо і сцішылася. «Харошы ты, Вяргейчык... Пастаім даўжэй, каб больш ніколі не сустракацца. Ты ж хоць галавою кіўнеш пры сустрэчы?» Засмяялася і дадала: «Я ж усё адно цябе буду кахаць — па-свойму, без ложка». Адштурхнула мяне і пайшла, не аглянуўшыся ў парозе.

Я даходжу ўжо да таго, што сам пішу, быццам ёй, і сам чытаю, уяўляючы, быццам яна чытае. Нешта вельмі нядобрае са мною за гэты час адбываецца. Цяпер смешна, што я пісаў сам сабе ўчора ўвечары, калі яна пайшла:

«Ніколі б не падумаў, што будзе так страшна. Аказваецца, я даўно ўжо жыву толькі для цябе і толькі табою, і раптам — няма для каго жыць, няма каму пахваліцца, як добра я штосьці раблю, які я напісаў верш. Гэта мне трэба было — жыць для кагосьці, а я думаў, што гэта табе трэба — каб для цябе нехта жыў. Аказалася, нікому не трэба, каб я хадзіў у інстытут, у інтэрнат, на пасяджэнні «Раніцы», еў, піў, спаў».

«А каму трэба, каб я гэтае рабіла?»

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке