Андрэй Федарэнка - Гісторыя хваробы стр 29.

Шрифт
Фон

«Я, канечне, моўчкі выслухаю яе прабачэнні, слова не скажу... Скажу толькі: «Эх, вы...» Не, лепш ні слова!»

Тут Вяргейчык успомніў, як хваляваўся ад лірычнасці, калі глядзеў на задуменную постаць выкладчыцы. Яму стала сорамна за сябе.

Прагучаў званок. Загрукалі дзверы, і праз хвіліну калідор запоўніўся шумам, тупатам ног, смехам і галасамі. Вяргейчык глядзеў на гэтую мітусню і не верылася яму, што не так даўно мог ён гэтак жа бестурботна, з лёгкай душой смяяцца, жартаваць і ні аб чым благім не думаць. Але нават проста так стаяць і перажываць, як цяпер, было ўсё-такі лепш, чым некуды ісці і нечага дабівацца...

Ён уздыхнуў і памалу, з заміраннем сэрца падышоў да кабінета класнай, узяўся за ручку дзвярэй і зараз жа адхапіў руку і нават засунуў яе ў кішэню, нібы баючыся, што яна неяк паміма яго волі адчыніць дзверы. Перажыўшы ўжо ў думках сцэну свайго апраўдання, яму толькі цяпер прыйшло ў галаву, што ўсё можа адбыцца і не па яго сцэнарыі. Але і не пайсці было нельга, бо гэтая невядомасць гняла больш за ўсё. «Хвіліна, — падумаў Вяргейчык, — і ўсё зноў будзе па-ранейшаму».

Сабраўшыся з духам, ён пастукаў, не чакаючы дазволу, пацягнуў на сябе дзверы і ўвайшоў у кабінет.

— ...Між намі, толькі між намі, дзевачкамі, — пачуў ён нечы вельмі знаёмы голас, але не адразу скеміў, што гаварыла Клара Іванаўна, настолькі гуллівыя ноткі былі ў яе голасе. Сама яна стаяла ля акна спінай да дзвярэй і, прыўзняўшыся на дыбачках, палівала кветкі ў мініяцюрных гаршчочках, якія ў радок ляпіліся на кніжнай шафе.

«Папаў! — падумаў Вяргейчык. Ён зусім не чакаў убачыць тут Клару Іванаўну. — Але нават лепш — хай упэўніцца...»

За сталом сядзела класная — круглатварая, прыемная на выгляд жанчына, хоць і залішне поўная. Яна ўсміхалася і нібы з ухвалай глядзела на Вяргейчыка.

— Клара! — сказала яна, па інерцыі працягваючы ўсміхацца.

Клара Іванаўна хутка азірнулася і, здалося, ніколькі не здзівілася, убачыўшы Вяргейчыка.

— Ха, з’явіўся! — сказала яна звычайным, строгім голасам. — Уяўляеце, Тамара Міхайлаўна, сарваў мне ўрок. Прыйшоў вось, стаіць — палюбуйцеся на яго!

— Хто, Вяргейчык? — спытала класная. — Ён харошы хлопец.

— Я не зрываў урок, — узбадзёрыўся падтрымкай Вяргейчык. — Я — вось... — ён працягнуў класнай скручаны ў трубачку сшытак.

— Ну-ну, дайце мне, — падышла Клара Іванаўна. Яна ўзяла сшытак і разгарнула. Тыцнула пальцам і іранічна-ўрачыста, адхінуўшы крыху назад галаву, прачытала: /.../

Загарнула сшытак і паклала на стол.

– Добра? Добра. Але за свой дзесяцігадовы выкладчыцкі стаж я магу, мне здаецца, адрозніць чужыя думкі ад думак свайго вучня. Вы скажаце, — яна махнула рукой, заўважыўшы, што Вяргейчык збіраецца перабіць, — скажаце, я магу пісаць пры вас, на вашых вачах. Калі ласка. За свой, як вы ўжо ўпэўніліся, немалы стаж я сустракала вучняў з добрай памяццю, не больш, якія лёгка маглі ўзнаўляць на паперы нават адзін раз прачытаны тэкст.

Вяргейчык пахаладзеў. Яму ўжо не хацелася ні спрачацца, ні даказваць, ды ён бы ўжо і не змог, таму што ўсе думкі блыталіся, акрамя хіба адной — нашто ён сюды ішоў?

— Можа, ён сам напісаў? — спытала класная і паглядзела на Вяргейчыка.

Клара Іванаўна ўсміхнулася.

— Мяккае сэрца ў цябе, Тамара Міхайлаўна. А пасля здзіўляемся, адкуль бяруцца спецыялісты, якія не могуць правільна напісаць слова «інтэлігент»...

Вяргейчык ступіў да стала і толькі працягнуў руку, каб забраць сшытак, як у гэты момант ля яго ног нешта звонка дзынкнула. Ён уздрыгнуў, толькі цяпер успомніўшы пра дзірачку ў кішэні, якую збіраўся зашыць ужо трэці дзень, але то не было іголкі, то забываўся... «Малайчына! — з нейкім вясёлым адчаем пахваліў сябе Вяргейчык. — Скажы дзякуй, што больш нічога няма ў кішэніі»

Тры пары вачэй правялі позіркамі двухкапеечную манету, якая, падскокваючы на швах паркета, апісала роўны паўкруг і доўга яшчэ звінела недзе пад шафай. Выкладчыцы пераглянуліся.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги