Андрэй Федарэнка - Гісторыя хваробы стр 27.

Шрифт
Фон

Яна спынілася пасярод аўдыторыі, цярпліва чакаючы, пакуль сціхне шум і ўсе падымуцца.

— Добры дзень, сядайце, — павіталася ціхім, стомленым голасам. Прайшла да стала, але не села, толькі абаперлася аб яго рукой, другой асцярожна паправіла валасы і, застыўшы, пачала доўга, задуменна глядзець у акно. Яна стаяла так кожны раз — нібы настройваючыся перад урокам, і заўсёды гэтая задумёная постаць так падабалася Вяргейчыку.

«Як правільна! — усхвалявана думаў ён. — Толькі так павінен пачынаць урок сапраўдны выкладчык...»

Пастаяўшы крыху, Клара Іванаўна села за стол.

— Дзяжурны, раздайце, калі ласка.

Яна падсунула на край стала стос сшыткаў, разгарнула журнал і схілілася над ім.

Дзяжурны быў якраз Смолер. Калі ён разнёс сачыненні па партах і разгарнуў сваё, твар яго спахмурнеў. Ён штурхнуў Вяргейчыка локцем у бок — глядзі! Сапраўды, як Смолер і баяўся, стаяла двойка і ўнізе — «Спісана!»

— Усё, праляцела стыпендыя, — шэптам падвёў ён вынік. — А-а, хай старыя прысылаюць — я што, грошы зарабляць сюды прыехаў?.. Давай лепш тваё паглядзім, — прашаптаў ён ужо зусім спакойна.

Але Вяргейчык не спяшаўся і толькі пагладжваў пальцамі па вокладцы сшытка, адчуваючы незразумела чаму хваляванне.

— Давай, не бойся, літаратар, — падбадзёрыў Смолер.

– Была не была...

Вяргейчык хутка разгарнуў сшытак і спачатку нават не вельмі здзівіўся, калі ўбачыў пад роўнымі радкамі свайго сачынення якраз такі, як у Смолера, подпіс і адзнаку — адзінку.

Смолер шчоўкнуў языком, хацеў нешта сказаць, але стрымаўся.

— Але чаму не двойка? — прашаптаў Вяргейчык. — Дай...

Ён схапіў сшытак Смолера і пачаў параўноўваць са сваім.

— Тут «спісана» і ў мяне «спісана», але чаму не двойка? — зноў разгублена паўтарыў ён.

— Якая розніца? — заўважыў Смоляр.

Тут Вяргейчык і сам зразумеў, што вярзе глупства. Хіба галоўнае, якая адзнака?

У галаве яго за адзін момант пранеслася: твар хлопца-земляка, «літаратар», «грошы добрыя...», «стыпендыя праляцела...» Вяргейчык адчуў, як стала горача вушам ад сораму, і чамусьці пацёр іх далонямі. Смолер са спачуваннем глядзеў на яго.

— А ты не маўчы, — нахіліўшыся бліжэй, параіў ён Вяргейчыку. — Падыдзі, скажы — так і так. Я спісаў — дык сяджу не рыпаюся, а табе што...

Вяргейчык хутка павярнуўся да сябра, і ў вачах яго засвяцілася ўдзячнасць.

— Ты мне верыш?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке