Андрэй Федарэнка - Гісторыя хваробы стр 26.

Шрифт
Фон

— Грыбоў зараз поўны лес, га? — ажывіўся ён раптам. — Я іх так спрытна бяру — каб хто толькі ведаў...

Вяргейчык не паспеў адказаць, бо Празвінеў званок, трэба было спяшацца. У тэхнікуме вялі своеасаблівую барацьбу супраць спазненняў: за першае — выклікалі да класнай, за другое — да завуча, а за трэцяе — пасылалі дамоў адзін са спецыяльных бланкаў, якія друкаваліся ў бухгалтэрыі пра запас і былі такога зместу: «Ставім Вас в известность, что Ваш(а) сын — дочь (падкрэслівалася) систематически опаздывают на занятия...» і г. д. Мелася на ўвазе, каб бацькі кідалі ўсе справы і, схапіўшыся за галаву, ляцелі за блізкі свет прымаць меры.

Канечне, гэтыя выклікі і пісьмы не зменшылі лік спазненняў, наадварот: тыя, што спазняліся на хвіліну, не ішлі на цэлы ўрок – усё адно давядзецца адказзаць, дык лепш за ўсё разам.

...Калі задыханы Вяргейчык прыбег у аўдыторыю, яго чакала прыемная навіна: другі ўрок матэматыкі адмяняецца, будзе літаратура! Ужо прыходзіла Клара Іванаўна і сказала, што раз ніхто не браў ні канспектаў, ні падручнікаў, будуць разбіраць сачыненне, якое пісалі на па-за тым уроку.

— Здорава як! — ляпнуў узрадаваны Вяргейчык па плячы свайго суседа па парце., Смолера.

— Будзе яшчэ больш здорава, калі Клара двойку мне ўпякла, — як заўсёды, марудна адказаў той.

— Ты ж спісваў, здаецца?

— А хіба за спісаныя сачыненні пяцёркі ставяць? Яна хітрая...

— Нічога не хітрая, — запярэчыў Вяргейчык.

Смолер прамаўчаў і праз момант загаварыў пра другое:

– Ты, я гляджу, не баішся, — заўважыў ён.

— Яшчэ чаго, — абыякава махнуў рукой Вяргейчык. — Я ў школе ведаеш як сачыненні гэтыя пісаў? Ніколі тройкі нават не было.

— Дык то ў школе.

— А тут што? Мяне нават наш дырэктар, ну, з нашай школы, адгаворваў, каб не паступаў сюды, каб перш дзесяць класаў скончыў. Ты ж літаратар, кажа, — пахваліўся Вяргейчык.

— Ого, — здзівіўся Смоляр. — Чаго ж ты паступаў?

— Папытай ў мяне, — кісла ўсміхнуўся Вяргейчык. — Дзядзька мой, нават не дзядзька, а я і сам толкам не ведаю, хто ён нам, дык вось гэты родзіч паспрыяў, у двукоссі. Ідзі, кажа, паступай. Кватэра потым, кажа, у першую чаргу, грошы добрыя...

— А свая галава нашто?

— Каб на тую галаву ды цяперашні розум, — разважліва адказаў Вяргейчык, чым вельмі развесяліў свайго таварыша.

— Як жа ты вучыцца будзеш, галава? — смеючыся, запытаў Смоляр. — Я ж заўважаю, ты дуб у матэматыцы.

— А я і не буду. Я ўжо вырашыў...

Ён не дагаварыў, бо ў аўдыторыю хуткім энергічным крокам увайшла выкладчыца літаратуры Клара Іванаўна.

Гэта была высокая, дзябёлая жанчына, якая вельмі глядзела за сабой: падмалёўвала губы, павекі, пудрылася. Апраналася яна вельмі па-сучаснаму, што зусім ёй не йшло, бо Клара Іванаўна была ў гадах.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке