Андрэй Федарэнка - Гісторыя хваробы стр 14.

Шрифт
Фон

— Мы з табою пасля пагаворым. Яшчэ адзін такі канцэрт, і цярпенне маё лопне.

— Я сам больш не хачу. Давай больш не сустракацца?

— Як хочаш.

16.5.87

Мне не было так страшна ніколі. Чаму яна зімою не сказала, што не кахае мяне? Яна не магла не ведаць, што не кахае. Ці яна кахала? Але нашто згаджацца выходзіць замуж, каб праз дзень рабіць абы-што?

«Когда кого любишь, никакими силами никто не заставит тебя верить, что может не любить тот, кого ты любишь». Бунін. Нічога не магу чытаць, ва ўсім бачацца толькі нейкія аналогіі.

«Есть, брат, женские души, которые вечно томятся какой-то печальной жаждой любви и которые от этого от самого никогда и никого не любят. Есть такие — и как судить их за всю их бессердечность, лживость, мечты о сцене, о собственном автомобиле, о пикниках на яхтах, о каком-нибудь спортсмене, раздирающем свои сальные от фиксатуара волосы на прямой ряд? Кто их разгадает?» Бунін. Няўжо толькі знешнасць? Ці ёсць што-небудзь страшней за тое, калі гаворыш жанчыне розныя словы, і яна халодная, а ты ведаеш, што, калі б нават адну дзесятую гэтых слоў сказаў ёй чалавек трошкі прыгажэйшы за цябе, яна б растала і пайшла б за ім на край свету? У Гарэцкага ёсць абразок: чалавек вярнуўся з вайны, а ў хаце — байструк. Жонка плача, валяецца каля ног, ён сам плача, бо любіць яе — сапраўды страшна! Ідэя ў абразку яшчэ і ў тым, што жаночая здрада страшней за вайну, за смерць — гэты салдат на вайне так не мучыўся! Але, я па сабе мяркую, калі б гэта каля маіх ног валялася жанчына, якая здрадзіла, я дараваў бы ёй семдзесят сем здрадаў.

Справа ў тым, што не дужа часта пасля здрады спяшаюцца яны валіцца ў ногі.

«Честное слово, этот мир без Хозяина!» — Махамад Алі Джамальзадэ, іранскі пісьменнік.

29.5.87

Добры дзень, Танечка! Пішу гэты ліст сам да сябе, хоць перад вачыма — ты. Ужо дзевяць дзён, як мы не бачыліся. Ужо ты, мабыць, і не прыйдзеш. Я — таксама, і не таму, што не хачу, а таму, што разумею: пры такім, як цяпер, становішчы нам абаім лягчэй.

Як ні мала дзевяць дзён, але й гэты тэрмін дае магчымасць рабіць нейкія высновы. Для мяне гэтыя высновы вельмі нярадасныя. І ніводзін чалавек мяне не зразумее. Ты мне бліжэй за ўсіх, ты, здаецца, больш за ўсіх мяне разумееш і шкадуеш, таму табе ўсё гэта я і пішу. Я мог бы прыйсці і сказаць гэта вусна, але табе будзе цяжка слухаць. Ты не ведацьмеш, што рабіць, будзеш і шкадаваць, і хацець памагчы, і злавацца на мяне яшчэ больш, бо памагчы ты ніяк не зможаш.

Не буду аналізаваць, як у нас гэтае каханне пачыналася, дзе я рабіў памылкі — усё цяпер не важна. Я пытаўся ў знаёмых дзяўчат, ці можна разбурыць каханне? З іх заблытаных адказаў я зразумеў, што — не і яшчэ раз не. Справа зусім не ў маіх дзеяннях і не ў памылках. Я паспрабую сабраць тыя сімптомы, што ёсць, і вызначыць дыягназ. Маё жыццё ў гэтыя паўгода — ненармальны чалавечы стан. Прычына ненар мальнасці — не гэтак, можа, ты, Таня. Ты проста падвярнулася ў гэтай дэпрэсіі пад гарачую руку. Ненармальнасць майго стану заключаецца ў чаканні нейкай вялікай бяды, якая са мной здарыцца. Гэта можа быць альбо смерць фізічная, свая ці пры якіх абставінах, альбо духоўная — я звар'яцею. Прадчуванне гэтае, хацела ты таго ці не, умацавалася яшчэ і тваімі дзеяннямі, паводзінамі.

Пра маю будучыню ты прыкладна здагадвалася, маеш уяўленне. Але ты, Танечка, нават не здагадваешся, якой гэта будучыня ўяўляецца мне. У мяне яе проста не будзе. Кожную хвіліну душыць адчуванне свае непаўнавартасці: раней, да таго, як ты згадзілася стаць маёю жйнкаю, было не так. Цяпер нашмат цяжэй. Я бачу, што раблюся як стары хворы чалавек, са мною цяжка іншым, а табе — асабліва, бо я больш за ўсё бываю з табой. Было б паўбяды, каб мая «хвароба» працякала незаўважна, а то ж я сам усё разумею і бачу. Ты ўжо заўважыла, як палярна мяняецца мой настрой.

Усё гэта з'явілася ў апошні час, раней не было. Мяне гэта палохае. Няма веры, што пройдзе час і нешта там нармалізуецца. Наадварот, здаецца, крызіс мой хоць і марудна, з перапынкамі, але ўзрастае. Не ведаю, чым скончыцца, але чакаю смерці.

Паміраюць малыя дзеці, дзяўчынкі ў семнаццаць гадоў, паміраюць, гінуць, забіваюцца хлопцы, якіх ні разу не цалавалі. Я гэта ведаю і мяркую, што прырода ці Бог у выпадку са мною не робяць злачынства. Але мне горка, часам жахліва. Я быццам патрапіў у дрыгву, якая марудна мяне цягне ўніз. Я вырываюся, кідаюся з боку ў бок, хапаюся то за літаратуру, то за каханне, то за ўрокі, але Нешта дае мне забыцца толькі на кароценькі час. І я зноў успамінаю — дрыгва, будучыні няма! І ўсмоктваюся шчэ глыбей.

Каму можа быць цікава з чалавекам, які думае і прыгнечаны толькі адным? Як я ні стараюся пераключыцца, усё роўна нешта выліваецца. Не толькі ты, а нават такі далёкі мне духоўна чалавек, як Брусавец, заўважыў, што са мной не тое.

Доўгі час я баяўся гэтых думак, стараўся іх не заўважаць. Але яны самі неяк выплылі...

9.6.87

Памірыліся, але лепш бы ўжо было як было. Я прыйшоў, сказаў, што не магу быць адзін, яна холадна пацалавала мяне — і ўсё. Што там было ў Кушлянах у яе з Міцурам? Ніхто не ведае, а Міцура змяніўся: стаў хмурым, сярдзітым і нейкім няшчырым са мною. Ён яшчэ не ведае, што з ім такое. Хлопчык, хлопчык, я табе не зайздрошчу! Хоць у цябе, вядома, будзе ўсё добра — здагадаешся і лёгка зробіш тое, чаго ўжо ніколі не зрабіць мне.

Таня цяпер якраз такая, калі ведае, што ўсё выдатна, усе яе любяць, а далей будзе шчэ лепей.

23.6.87

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке