Андрэй Федарэнка - Гісторыя хваробы стр 13.

Шрифт
Фон

Я слухаў дзеда, а ён хваліў мяне, што рана ўстаў і так спрытна чашу тупою сякерай, слухаў і круціў у галаве цытату любімага Мележа: «Здаецца, нічога не было ў тую ноч, але ўспамін пра яе грэў пасля іх усё жыццё». Нешта такое...

А ўдзень не было калі думаць. Зрабілі процьму работы. Папілавалі сухія галіны, дрэвы, пацерабілі прысады ад нейкіх калючых кустоў, з лесу прыцягнулі па вязцы елачак і пасадзілі алею, канём з'ездзілі на сажалку па ваду і палілі іх, выцягнулі з багушэвічаўскага славутага склепа мяшкоў дзесяць гнілой бульбы... Невядома, як яна туды трапіла і чаго згніла. Ляпёха дзякаваў больш за ўсё за гэтую бульбу, што мы яе выцягнулі і тачкаю завезлі ў яму. І калі пад вечар сабраліся ісці ў Жупраны, я жыў ужо будучай ноччу. Яна будзе такая ж, як першая, нішто і ніхто ў свеце не зробіць так, што не збудуцца мае думкі, што не будзе салаўёў, яе дыхання і месячнай плямы на падлозе, думаў я.

З Жупранаў ледзь прыцягнулі ногі: сем кіламетраў туды і сем назад, без аддыху. Але было яшчэ светла. Я схадзіў у развалены хлеў, набраў жэрдачак, пасек і склаў вогнішча. На сваю галаву.

Помню добра, што яшчэ кантраляваў сябе каля вогнішча, супакойваў, што нічога страшнага, калі Таня стала ззаду Міцуры, які сядзеў на зямлі і глядзеў у агонь, і паклала яму рукі на плечы. Не, брашу — ужо тады нешта пачалося? Але ж я не ідыёт. Не буду ж я раўнаваць дзяўчыну, калі яна два дні назад згадзілася быць маёй жонкаю, дзень назад спіць у маіх абдымках, а цяпер, можа, няўцямна, абняла чужога чалавека. Каб неяк хітрыла, дык знайшла б месца паабдымацца не ў мяне на вачах. Міцуру ўсё роўна, ён нават нездаволены, круціць галавой... Яна ж разумная, як чорт, ведае ўсе мае думкі. Можа абдымацца на маіх вачах, ведаючы, што я падумаю: «Калі нешта сур'ёзнае, дык не на маіх жа вачах». Ёй абсалютна ўсё роўна, каму класці на плячо руку. Міцура прыгажэйшы за мяне.

«Вяргейчык нікуды не дзенецца, а Міцуру я і так рэдка бачу...»

Міцуру што — не скідаць жа яе рукі... Хоць, відаць, яму няёмка, здагадваецца нешта. Віка пазірае на мяне — жанчыны здагадлівыя... Рамановіч разгроб прысак, кладзе бульбу — святы чалавек!

— Пайду спаць,— сказаў я і пазяхнуў,— ные ўсё цела.

— А бульба? — здзівіўся Міцура.

— Ай, я яе не люблю, — схлусіў я, ды так няўдала, што лепш ужо маўчаў бы.

Усе, здаецца, зразумелі і прыціхлі, а я — хочаш не хочаш — паплёўся ў хату. Лёг, сціснуўшы зубы, узяў і заснуў. Хвілін праз дваццаць як падкінула нешта, усхапіўся, перавярнуўся на жывот і так ляжаў. Вось і Віка прыйшла, мосціцца побач, але не ўшчыльную, пакідае месца. Ах, разумніца Віка, каб ты ведала, як цяжка! Рамановіч накурыўся, кашляе ціха, у кулак, чуваць, як Ляпёха стогне і гаворыць сам з сабою... Калі ж гэта скончыцца? Ну дзе яна? Гэта невыносна... хоць ты ідзі шукаць! Раз, два, тры, чатыры, пяць...

Я далічыў да ста, пачаў спачатку і на «восемдзесят два» пачуў ціхія крокі і своеасаблівы, перарывісты шэпт, якім шэпчуць людзі, калі шмат смяяліся і вымушаны трымаць у сабе яшчэ смех. Пачалася валтузня, шэпт, шэпт, вось пырснуў стоены смех...

— Дайце хоць дзеду паспаць, якой вы халеры... — азваўся сонны Рамановіч.

Сціхлі. Месца каля мяне — пустое. Сэрца раптам замерла, пасля быццам упала ўніз і падскочыла аж да глоткі — раз, другі! Каб не крыкнуць, я ўскочыў і дрыготкімі рукамі абуў красоўкі... Нашто? Куды? На двор, цыгарэту, хутчэй, хутчэй! Вобмацкам, выцягнуўшы наперад руку, прайшоў цераз тры пакоі, выбраўся на доўгі высокі ганак, сеў на дошкі і запаліў... Канец? Але нехта ідзе... Усіх ненавіджу!

— Валодзя, ты што?

Таня стаяла за метр ад мяне, але было так цёмна, што я чуў толькі голас і нічога не бачыў.

— Чаго ты легла не са мною? — ледзь прашаптаў я. — Што я табе кепскага зрабіў?

— Як жа з табою трэба асцярожна!

Мяне і так усяго трэсла. Яе словы — не сэнс, а толькі гукі голасу — быццам разагнулі ўва мне нейкую спружыну. Слёзы сыпаліся як боб, намачылі цыгарэту. Патухла і гэтая светлая кропка. Упершыню я плакаў перад дзяўчынаю! Нейкі нечалавечы страх — ніколі ў жыцці я так не прывязваўся да чалавека, ніколі нікога не было так жахліва траціць.

— Родненькі мой, мілы, прабач мне, міленькі... — спалоханая, яна абдымала і цалавала мяне, ды так асцярожна! Яе ўжо самую пачынала трэсці.

Я пакрысе супакоіўся, мы асцярожна прабраліся ў хату. Таня, памятаю, лягла побач, моцна прыціснулася, узяла маю далонь і паклала сабе пад галаву. Так і заснулі.

25.5.87

Назаўтра было няёмка. Я адчуваў сябе вінаватым. Яна была злосная, што я напужаў яе нізавошта.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке